Грамадства4545

Франак Вячорка расказаў пра Цапкалаў і «Інфапойнт», назваў свой заробак і асудзіў Матольку — вялікае інтэрв'ю «НН»

Апошнім часам актывізаваліся крытыкі Святланы Ціханоўскай. Зянон Пазняк абвінаваціў Святлану ў працы на КДБ і абяцае яе арышт у «вольнай Беларусі». Валерый Цапкала сцвярджае: Ціханоўская не лідар, а калі б сам Цапкала «меў тыя ж грошы, што і яе Офіс», то «даўно б вынес Лукашэнку наперад нагамі». Вадзім Пракоп’еў марыць адправіць старшага дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку «паслом у Манголію». Святлана Хілько (раней яна была ў камандзе Паўла Латушкі, дзе рыхтавала рэформу МУС) назвала грамадскую арганізацыю, заснавальнікам якой указаны Франак, «фірмачкай па адмыванні грошай»… «Яны не разумеюць, што Ціханоўскую немагчыма замяніць. Яна атрымала большасць галасоў на выбарах, і гэтай легітымнасці няма і не будзе ў крытыкаў. Як нехта напісаў, яна галоўны палітычны актыў беларусаў. Яна гарантуе і забяспечвае суб’ектнасць Беларусі на міжнароднай арэне», — кажа Франак Вячорка ў вялікай гутарцы з «Нашай Нівай». Мы задалі яму пытанні пра тое, што здарылася ў адносінах Ціханоўскай і Цапкалаў, што за грамадская арганізацыя «Інфапойнт» з абаротам 400 тысяч еўра за год і чаму Ціханоўская не стварае «вызваленчую армію».

«Тое, што ёсць крытыка — гэта ок. Ёсць і нашы памылкі, назапашаная стомленасць, не атрымалася хуткай перамогі… А тут не проста крытыка — цэлая арганізаваная кампанія. Нехта робіць гэта па заданні, каб аслабіць дэмакратычныя сілы, дыскрэдытаваць Ціханоўскую. У іншых — граюць асабістыя амбіцыі, крыўды, — мяркуе Вячорка. — Офіс Ціханоўскай сёння — найбольш заўважная палітычная структура, здольная ўплываць на парадак дня. Магчыма, прычына ў гэтым».

«На сустрэчах з замежнікамі Цапкала рэгулярна гаварыў пра грошы»

Адзін з галоўных крытыкаў дзейнасці Ціханоўскай у апошнія дні — Валер Цапкала, былы дарадца Аляксандра Лукашэнкі, чыя жонка Вераніка была актыўнай удзельніцай жаночага трыумвірату ў 2020 годзе. Што раптам здарылася? Чаму цяпер з яго боку гучыць выключна крытыка Ціханоўскай?

«Валерый Цапкала на працяглы час знік з грамадскай дзейнасці, нават перастаў удзельнічаць у сазвонах (у нас разам з Паўлам Латушкам, Каардынацыйнай радай і «бабарыканцамі» былі штотыднёвыя сазвоны, Цапкала проста перастаў браць удзел у гэтым), — згадвае Франак.

— Вярнуўся ў актыўную дзейнасць ужо сёлета, пасля лютага. Далучаўся да паездак разам з Веранікай — у Няммечыну, Нарвегію. Было некалькі паездак «тройкай»: Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Таццяна Хоміч, сястра Машы Калеснікавай. Вось нядаўна, вясной 2022 года, у сакавіку-траўні. Спадар Цапкала заўсёды ездзіць як дэлегацыя з жонкай Веранікай». 

У гэтых паездках Валерый Цапкала выказваў свае прэтэнзіі ў твар Ціханоўскай? Самому Вячорку?

«Не, у твар Ціханоўскай ён такога не скажа, але на сустрэчах з замежнікамі ён рэгулярна гаварыў пра грошы. І гэта выглядае не вельмі.

Яму здаецца, што ёсць нейкія грошы, доступу да якіх яму не даюць, і на гэтым збудаваная канспіралагічная тэорыя, што Ціханоўская ўсё сабе прысвоіла.

Цапкала проста не разумее, як працуе размеркаванне сродкаў, што ёсць фаервол паміж палітыкамі і імплементатарамі (фондамі, якія размяркоўваюць сродкі дапамогі грамадзянскай супольнасці, СМІ і праваабаронцам, якія, у сваю чаргу, дапамагаюць рэпрэсаваным, — НН). Мы ніколі не просім аб дапамозе сабе: мы просім аб дапамозе грамадзянскай супольнасці, правабаронцам і г.д.

Я ведаю яго іншыя аргументы: ён не ўспрымае Святлану Ціханоўскую як пераможцу на выбарах і лічыць, што яна не мае права выказвацца ад імя беларусаў. Я з гэтым нязгодны», — кажа Вячорка.

Ці быў нейкі пункт, пасля якога Цапкала канчаткова заняў пазіцыю крытыка Ціханоўскай? Адбылася сварка? 

«А ён ніколі і не быў прыхільнікам. Раней, мабыць, ён бачыў сэнс у тым, каб дзейнічаць разам. Цяпер вырашыў адасобіцца. Але гэта ідзе на шкоду ўсім», — адказвае Франак.

Ці падзяляе Вераніка Цапкала пазіцыю мужа? 

Франак Вячорка кажа, што не чакаў такой крытыкі з боку Валерыя і Веранікі Цапкалаў:

«Гэтая хваля нянавісці з іх боку стала сюрпрызам для мяне. Як і ўся гэтая кампанія супраць Ціханоўскай, якая пачалася.

Са спадарыняй Веранікай заўжды можна размаўляць. Яна ўмее слухаць, выдатна выступае. З вялікай павагай стаўлюся да дзейнасці яе жаночага фонду і таго, чым яна ахвяравала ў 2020-м. Яны, здаецца, да нейкага часу камунікавалі са Святланай. З інтэрв'ю я зразумеў, што асноўная прэтэнзія, што пасля 2020-га Вераніцы не знайшлося месца побач са Святланай, яны выехалі ў розныя краіны.

Святлана праз гэта таксама перажывала, і запрашала Вераніку на сустрэчы і ў паездкі, дзе магчыма. Летась было некалькі паездак у фармаце «тройкі»: Ціханоўская, Цапкала, Хоміч. Сёлета былі паездкі, у Берлін, у Аахен, Осла. Святлана прыкладае намаганні, каб захоўваць гэтае адзінства. 

Увогуле, было б добра проста ім сесці, пагаварыць і знайсці нейкае паразуменне. Бо гэтыя крыўды не дапамагаюць нікому ў сённяшняй сітуацыі».

Чаму выбух крытыкі і негатыву ад былых паплечнікаў адбыўся менавіта цяпер? 

Магчыма, яны падумалі, што цяпер той момант, калі можна пасунуць Ціханоўскую, замяніць яе кімсьці іншым, разважае Вячорка. 

«Прэтэнзіі часам чуем супрацьлеглыя: адны кажуць, што Ціханоўская мала робіць і павінна ўсімі кіраваць. Іншыя — што яна робіць надта шмат і не мае права браць на сябе столькі,

— адзначае Франак. — Можа, разыграліся амбіцыі ў кагосьці, хто падумаў, што зможа заняць месца Ціханоўскай. 

Яны не разумеюць, што Ціханоўскую немагчыма замяніць. Яна атрымала большасць галасоў на выбарах, і гэтай легітымнасці няма і не будзе ў крытыкаў. Як нехта напісаў, яна галоўны палітычны актыў беларусаў. Яна гарантуе і забяспечвае суб’ектнасць Беларусі на міжнароднай арэне».

Чытайце таксама: «От этой куклы лишь несчастья». Як інтэрнэт-тролі працуюць над расколам руху за вызваленне Беларусі

Чаму Валерый ці Вераніка Цапкала не працуюць у Офісе Ціханоўскай сёння? Іх не запрашалі? 

«Быў сведкам, калі Святлана запрашала Вераніку займацца жаночным кірункам яшчэ ў кастрычніку 2020 года. Але нешта не атрымалася.

Магу памыляцца, але, здаецца, тады Валерый і Вераніка не былі гатовыя пераехаць у Вільню — яны спыніліся ў Рызе, пасля пераехалі ў Грэцыю.

Але размова такая была», — адказвае Вячорка. 

Валерый Цапкала днямі даў вельмі эмацыйнае інтэрв’ю парталу «Зеркала». Адна з яго цытат: «Цяпер ідуць прапановы, у тым ліку і мне — гэта значыць спроба подкупу: «Мы цябе дапускаем да кармушкі — чым бы ты хацеў займацца?»

Гэтыя прапановы былі ад Офіса Ціханоўскай?

Франак Вячорка адказвае, што яму нічога не вядома, пра нейкія прапановы Цапкалу з боку Офіса. 

«Мой заробак — 1500 еўра брута»

Яшчэ адна нашумелая тэма, у якой варта расставіць усе кропкі: канфлікт Паўла Латушкі і Антона Матолькі. Нагадаем, Латушка апублікаваў сваю перапіску з блогерам, у якой Матолька нецэнзурна абражае палітыка.

Дык Матолька працуе ў Офісе Ціханоўскай ці не?

«Не, ён не супрацоўнік Офіса. Больш за тое, Офіс Святланы Ціханоўскай асуджае яго дзеянні. Такі стыль камунікацыі, нават у асабістай перапісцы, абсалютна непрымальны. Але Офіс Ціханоўскай не нясе адказнасці за Антона Матольку», — падкрэслівае Франак Вячорка.

Частая прэтэнзія да Офіса Ціханоўскай — непразрыстаць фінансавых патокаў. Некаторыя каментатары — і публічныя асобы, і шараговыя беларусы — патрабуюць аўдыту.

«Мы вядзём дзейнасць ашчадна, і ў нас выдатная рэпутацыя. Нас правяраюць літоўскія дзяржаўныя органы, падатковая, таму няма ніякай верагоднасці нейкіх злоўжыванняў. Увага да нас падвоеная.

Некаму здаецца, што Офіс сядзіць на грантах: праўда такая, што мы як палітычная структура не можам прэтэндаваць на фінансаванне пад грамадзянскую супольнасць. І фандрайзінг нам даецца няпроста. Частка працы Офісу пакрываецца з данатаў, і за гэтыя грошы мы справаздачымся перад добразычліўцамі.

Абвінавачванні, што Офіс Ціханоўскай кантралюе нейкія фінансавыя патокі — беспадстаўныя, — адказвае Вячорка. — Але мы будзем намагацца, каб зрабіць працу Офіса больш празрыстай, будзем намагацца публікаваць лічбы і справаздачы. Можа, і аўдыт будзе, запытаю ў дырэктаркі.

Але будзем рабіць гэта так, каб не нашкодзіць нашым жа калегам — істотная частка нашых людзей і дзейнасці вядзецца ў Беларусі». 

Беларуска, якая жыве ў ЗША, былая следчая Святлана Хілько выклала ў Фэйсбуку даныя грамадскай арганізацыі, заснавальнікам якой указаны Франак Вячорка. Хілько называе яе «фірмачкай па адмыванні грошай» і звяртае ўвагу, што гадавы абарот гэтай некамерцыйнай структуры склаў 400 тысяч еўра.

Сама Хілько раней была членам Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, дзе займалася падрыхтоўкай рэформы беларускага МУС.

У апублікаваных Хілько даных гаворка ідзе пра некамерцыйную арганізацыю «Інфапойнт Network» (яна ж Woke). Вячорка кажа: так, ён адзін з заснавальнікаў кампаніі, якая займаецца кансалтынгам і прасоўваннем медыяпраектаў. Некамерцыйную арганізацыю ўтварылі яшчэ да выбараў 2020 года. 

Але Франак падкрэслівае: кіраваннем арганізацыі займаюцца іншыя людзі, не ён сам.

«Так, фармальна я падпісваю дакументы, нясу юрыдычную адказнасць, але ўсімі працэсамі кіруюць іншыя менеджары», — кажа ён.

У арганізацыі працуюць каля пяцідзесяці чалавек у розных краінах, і Вячорка вельмі ганарыцца гэтай ініцыятывай:

«Я рады, што стаяў ля вытокаў, і арганізацыя цяпер жыве сваім жыццём».

З усімі пытаннямі пра дзейнасць «Інфапойнта» Вячорка прапануе звярнуцца да Сашы Раманавай (яна раней кіравала рэсурсам Kyky.org, — НН), якая з’яўляецца выканаўчай дырэктаркай.

А ці можа сам Франак Вячорка назваць свой сённяшні месячны заробак? 

«1500 еўра да выплаты падаткаў», — адказвае ён.

(Сярэдні для Літвы заробак на сёння — 1730 еўра да выплаты падаткаў, што роўна 1089 еўра чыстымі, — НН). 

«Армія Ціханоўскай» — гэта нерэалістычна, няма краіны, якая была б гатовая прыняць такую армію»

Шмат крытыкі Офіс Ціханоўскай атрымаў і ад Вадзіма Пракоп’ева, які задаецца пытаннямі: чаму побач з Ціханоўскай няма вайскоўцаў? Чаму Ціханоўская не стварае сваю вызваленчую армію? 

«Чаму няма вайскоўцаў? Таму што Офіс Ціханоўскай — найперш цывільная, не ваенная адміністрацыя. Хаця дарадца па ваенных пытаннях быў бы вельмі дарэчы. Калі ў спадара Пракоп’ева ёсць кандыдаты, хай паведамляе. 

Пасля пачатку вайны ва Украіне, пры Офісе з’явіўся кансультант па ваенных пытаннях, ёсць каардынатар па сувязі з добраахвотнікамі. Кожны дзень адбываецца брыфінг па ваенных дзеяннях ва Украіне, — расказвае Вячорка. — 

Што тычыцца «арміі Ціханоўскай»: гэта нерэалістычна. Няма краіны, якая была б гатовая прыняць такую армію. Таму найлепшае, што мы цяпер можам і павінны рабіць — дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Украіне. Яны бароняць гонар Беларусі. Пакуль рана казаць, якую ролю яны сыграюць у вызваленні Беларусі, але Лукашэнка іх баіцца і недарма». 

Таксама Пракоп’еў прапаноўваў паставіць побач з Ціханоўскай умоўнага прэм’ер-міністра, які будзе займацца якраз вайсковымі пытаннямі. Ён прапаноўваў — не назваўшы імя — чалавека, «якога ведае ўся Украіна». 

Вячорка адказвае: якраз да гэтага чалавека, пра якога казаў Пракоп’еў, Офіс Ціханоўскай звяртаўся яшчэ ў сакавіку. Спадзяваліся, што гэты чалавек будзе займацца дапамогай беларускім добраахвотнікам ва Украіне.

«Імя яго назваць не магу, тут пытанне ўласнай бяспекі гэтага чалавека. Але ён мае такую прапанову. Калі будзе гатовы, то будзе прадстаўлены грамадскасці», — кажа Франак.

Вячорка падсумоўвае:

«Маёмасці я не маю. Утойваць мне няма чаго. Я ніколі не працаваў на рэжым і не ішоў на здзелкі з сумленнем. Мне ніколі не было сорамна за тое, што я рабіў. Памылкі былі, але як без іх? І я на сто адсоткаў веру ў тое, чым займаюся. Веру ў Святлану Ціханоўскую. Веру, што ўсе выйдуць з турмаў і вярнуцца дадому.

А тым, хто цяпер нападае на Офіс, мяне ці Ціханоўскую — я б сказаў: проста давайце працаваць. Можам сесці за адзін стол і падумаць, што можам зрабіць разам. Не трэба даваць верх эмоцыям і крыўдам — ва ўсіх нас адна мэта. Мабыць, акрамя тых, хто на заданні, і чыя мэта якраз знішчыць супольную справу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары45

  • мясцовы2
    31.07.2022
    душыла жаба гадзюку
  • Андрэй Заступнік
    31.07.2022
    Спачатку давайце пачакаем выніка расследвання фірмаў і фондаў Франака, а потым будзем разумець сумленны чалавек нам дае адказы ці злачынец
  • даведка
    31.07.2022
    Есть мнение, что отдельные обличители действуют по зданию для возможности искупить вину и вернуться в РБ.

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу11

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія вайскоўцы на мяжы акружэння ў чатырох вёсках Данеччыны

Трамп выступае за размяшчэнне еўрапейскіх войскаў ва Украіне для кантролю над будучым перамір'ем4

Генеральны сакратар НАТА заклікаў рыхтавацца да вайны з Расіяй праз 5 гадоў20

Беларускім журналістам у выгнанні акажа шчодрую падтрымку Фландрыя6

Прарыў у чорнай металургіі: новы метад павышае хуткасць вытворчасці ў 3600 разоў4

Затрымалі гаспадыню аграсядзібы пад Баранавічамі

Новая эра пластычнай хірургіі: галівудскія зоркі заўважна змянілі выгляд5

У Беларусі прайшлі снегапады і завірухі ВІДЭА1

 «Дынама» нарэшце выйграла ў Лізе канферэнцый пасля чатырох паразаў запар ВІДЭА7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу11

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу

Галоўнае
Усе навіны →