Грамадства1313

Як учарашняя студэнтка стала спадарожніцай Віктара Шэймана

На працягу 8 гадоў Віктар Шэйман не толькі кіраваў справамі прэзідэнта, але таксама меў іншыя бізнэс-праекты. Шматгадоваму паплечніку Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым дапамагала загадкавая Ганна Пушкарова. Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру ўдалося даведацца далікатныя падрабязнасці з жыцця тандэма Шэйман—Пушкарова.

У 1994 годзе Віктару Шэйману, які перад тым прайшоў праз вайну ў Афганістане, даверылі бяспеку Аляксандра Лукашэнкі — тады яшчэ кандыдата на першых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля гэтага Шэйман пабываў на многіх высокіх пасадах сілавога блока.

У 2013 годзе Лукашэнка прызначыў яго сваім «заўхозам», даверыўшы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Да таго часу з невялікай структуры, якая абслугоўвае дзяржаўныя органы, КСП ператварылася ў буйны холдынг, які цяпер аб'ядноўвае дзясяткі кампаній, занятых у самых розных сферах: ад продажу нафтапрадуктаў і цыгарэт да кантролю над асноўнымі санаторыямі і нацпаркамі Беларусі. Пры Шэймане да КСП былі далучаныя мясакамбінат, малочны завод, птушкафабрыка і шэраг іншых актываў.

На чале прэзідэнцкай бізнэс-імперыі Віктар Шэйман пратрымаўся восем гадоў — да лета 2021 года. Тады Лукашэнка, прымаючы адстаўку Шэймана, папрасіў яго не адыходзіць далёка ад дзяржаўных спраў. І гэтае даручэнне было выкананае.

Ужо пасля афіцыйнага адыходу ад спраў Шэйман быў заўважаны ў шэрагу спецыфічных рэгіёнаў — Венесуэла, Абхазія і Хабараўскі край. Яго там сустракалі як «спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Беларусі».

За час працы ў КСП паплечнік Лукашэнкі паспеў адзначыцца ў шэрагу недзяржаўных праектаў, рэалізацыяй якіх займаліся яго добрыя знаёмыя. Напрыклад, учарашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў Ганна Пушкарова.

Фота Ганны Пушкаровай з аднагрупніцамі на фоне будынка лінгвістычнага ўніверсітэта ў Мінску. Тут яна атрымала другую вышэйшую адукацыю

Вядомасць у бізнэс-колах яна атрымала некалькі гадоў таму як саўладальніца кампаніі «Глобалкастам».

Паводле расійскага выдання «РБК», у 2017 годзе гэтая фірма была сярод асноўных пастаўшчыкоў кантрабанды санкцыйных тавараў з Беларусі ў Расію. Кампанія таксама ўдзельнічала ў схеме рээкспарту кветак і незаконных паставак адзення як у Расію, так і ў Беларусь. Апошні выпадак нават разглядаўся ў беларускім судзе на патрабаванне Масквы. Але кампанія Пушкаровай змагла сысці ад адказнасці, нават прызнаўшы віну.

Зрэшты, беларускія ўлады даведаліся пра Пушкарову задоўга да гэтых скандалаў. Яшчэ ў 2010 годзе, падчас вучобы на 3 курсе Акадэміі мастацтваў, дваццацігадовая Пушкарова апынулася на борце прэзідэнцкага самалёта EW-001PA, які ляцеў у Цюрых.

У дзесяцідзённую паездку разам з ёй адправіліся сам Аляксандр Лукашэнка і члены яго сям'і, а таксама алігархі Юрый Чыж і Сяргей Цяцерын, духоўнік Лукашэнкі (Фёдар Поўны) і яго асабісты лекар (Святлана Канашэнка).

Зрэшты, як вынікае з базы пералётаў, далей Ганна Пушкарова часцей аказвалася ў кампаніі Віктара Шэймана. Расследавальнікі налічылі ў іх як мінімум 10 сумесных паездак і пералётаў. У тым ліку — службовы візіт Шэймана ва Украіну ў 2012 годзе.

Да таго моманту сэрца другога чалавека ў дзяржаве было вольнае. У 2002 годзе ён развёўся. На працягу 20 гадоў яго жонкай была Алена Шэйман. У Віктара з Аленай двое дзяцей: 39-гадовы сын Сяргей і дачка Вольга, аднагодка Ганны Пушкаровай.

Зблізіўшыся з памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях, Пушкарова, звычайная дзяўчына з Дзяржынска, можна сказаць, выцягнула свой шчаслівы білет. Напрыклад, у 2012 годзе, праз два месяцы пасля палёту ў кампаніі Віктара Шэймана з Эміратаў, яна, учарашняя выпускніца Акадэміі мастацтваў, стала ўладальніцай кватэры на вуліцы Харужай у Мінску коштам 240 тысяч даляраў.

А неўзабаве ў яе гаражы з'явіўся аўтамабіль «Таёта Раў 4» 2016 года выпуску за амаль 60 тысяч рублёў.

У той час Віктар Шэйман таксама вырашаў жыллёвыя пытанні. У 2017 годзе ён купіў зямлю і дом у вёсцы Падліпкі Пухавіцкага раёна за 15,5 тысячы даляраў.

На гэтым участку ён узвёў новабуд з падвалам, верандай і гаспадарчым блокам агульнай плошчай 547 квадратных метраў. На першым паверсе знаходзяцца кухня, кабінеты, пакоі, а ў падвале размяшчаюцца вінатэка, більярдная і гаспадарчыя памяшканні.

Дом ацэньваецца мінімум у 350 тысяч даляраў. Да яго прымыкаюць 25 сотак.

А побач стаіць цагляны дом з падвалам, склепам і тэрасай. Ён быў набыты на аўкцыёне ў 2017 годзе, а ў лютым 2020-га ўведзены ў эксплуатацыю і зарэгістраваны на Ганну Пушкарову.

Яго арыенціровачны кошт 60 тысяч даляраў.

Да таго моманту Ганна Пушкарова стала мамай. Першынца яна нарадзіла ў лістападзе 2018-га, ва ўзросце 29 гадоў. Незадоўга да гэтага цяжарная Ганна разам з сястрой вылецела з Беларусі — мяркуючы па ўсім, у Ізраіль. Бо сына, як адзначана ў яго пашпарце, Пушкарова нарадзіла ў Тэль-Авіве. Хлопчыка Ганна назвала Міхаілам і дала яму імя па бацьку Віктаравіч. Пры гэтым запісала дзіця на сваё прозвішча.

Сярод спадарожнікаў маленькага Міхаіла ў яго пералётах расследавальнікі не знайшлі Віктара Уладзіміравіча Пушкарова, які пазначаны ў пасведчанні аб нараджэнні хлопчыка.

Як высветлілася пазней, у беларускай пашпартнай базе чалавек з такімі звесткамі адсутнічае. А вось Віктар Уладзіміравіч Шэйман падарожнічаў у кампаніі Ганны Пушкаровай і яе сына — 25 жніўня 2019 года. 

Пасля таго, як імя Пушкаровай засвяцілася ў СМІ, а звязаныя з ёй гісторыі набылі арэол скандальнасці, у кампаній, звязаных з жанчынай, з'явіліся новыя гаспадары. Да таго моманту фірмаў у Пушкаровай было ўжо некалькі. З арыгінальнага «Глобалкастам» выраслі «Глобалкастам-менеджмент» і «Глобалкастам-комерс». Пасля Пушкаровай іх уладальнікамі сталі Яўген Жаўнер і Аляксандр Раманоўскі, крыху пазней да іх далучыўся Антон Новік.

Са звестак ад «Кіберпартызан» расследавальнікі даведаліся, што Раманоўскі і Новік — гэта былыя супрацоўнікі Службы бяспекі Лукашэнкі. Новік таксама з'яўляецца членам Прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо і прыходзіцца сынам вядомаму савецкаму самбісту Антону Новіку-старэйшаму.

Трэцяга правапераемніка Пушкаровай, Яўгена Жаўнера, у СМІ называлі «даверанай асобай» Віктара Шэймана. Жаўнер працаваў у адміністрацыі і Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Як даведаліся журналісты падчас аднаго з іх папярэдніх расследаванняў, ён адзін з прадстаўнікоў золатаздабываўчай кампаніі Zim Goldfields, і падпісваў яе ўстаноўчыя дакументы.

Гэтая кампанія атрымала льготныя гранты ад зімбабвійскіх уладаў на распрацоўку радовішчаў золата. Гэта здарылася пасля афіцыйнага візіту Віктара Шэймана ў Зімбабвэ, пасля якога ён абвясціў пра пагадненне «беларуская тэхніка ўзамен на права для Беларусі здабываць» золата ў гэтай афрыканскай краіне.

Са злітых дакументаў вынікае, што адзін з канчатковых уладальнікаў Zim Goldfields — сын Віктара Шэймана Сяргей Шэйман, а беларуская дзяржава не мае да кампаніі ніякага дачынення. У 2022 годзе «Глобалкастам-менеджмент» памяняла назву на «Ордазавод».

За паўтара года да гэтага яна атрымала ліцэнзію ад Міністэрства фінансаў на апрацоўку, выраб і гандаль каштоўнымі металамі і камянямі і адкрыла сваю краму побач з будынкам МУС у Мінску. Да яе ж у 2017 годзе перайшоў брэнд «Беларускія брыльянты», якім раней валодала кампанія «Адамасінвест», дзе ў тыя гады працавала сястра Пушкаровай — Юлія Брыгадная.

На каштоўнасцях, харчаванні, адзенні і кветках бізнэс-інтарэсы спадарожніцы Шэймана Пушкаровай не заканчваюцца. У 2019 годзе «Глобалкастам-менеджмент«, саўладальніцай якога тады яшчэ была Ганна, стварыў кампанію «Белсек'юрыцігруп». У студзені 2020-га яна змяніла назву на «Гардсэрвіс», а ў чэрвені таго ж года Аляксандр Лукашэнка зрабіў яе першай прыватнай ахоўнай арганізацыяй з правам прымяняць і захоўваць службовую зброю.

Неўзабаве пасля таго, як «Еўрарадыё» знайшло сувязі паміж дырэктарам кампаніі Яўгенам Чанавым і Кіраўніцтвам справамі Лукашэнкі, у кампаніі змяніўся ўладальнік і дырэктар. У жніўні 2020-га «Гардсэрвісам» стаў валодаць Аляксандр Мятла, кіраўнік дабрачыннага фонду «Памяць Афгана».

Шэйман вядомы сяброўствам з Мятлой і дапамагаў фонду з моманту яго заснавання. Акрамя таго, менавіта ў Мятлы ў 2017 годзе Шэйман купіў зямлю ў Падліпках, дзе цяпер жыве ў блізкім суседстве з Пушкаровай і яе маленькім сынам.

Каментары13

  • Dai Darogu!
    26.07.2022
    Это не Кулёк на фото, а Инъяз 
  • :-)
    26.07.2022
    А у Василевич только однушка на районе и Джили, ахаха)))
  • Kub
    26.07.2022
    Нармальная афрыканская краiна

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі3

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Спробы наведаць Марыю Калеснікаву ў Гомелі не прыносяць поспеху3

Азаронак расказаў, як у пачатку вайны прысутнічаў на закрытай нарадзе Рады бяспекі16

Без імёнаў і надмагілляў. Жыхары латвійскага памежжа паказваюць, як хаваюць мігрантаў, якія спрабавалі трапіць з Беларусі6

Аўтарку лозунга «Стоп таракан» адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі4

«Гэта бомба!» Пад Лідай жанчына знайшла зайздросную паляну баравікоў1

У Літве на мяжы з Беларуссю пачынаюцца вучэнні НАТА

У Берліне адкрылі самыя высокія арэлі Еўропы ВІДЭА

У Бабруйску жанчына загінула проста на сваёй кухні

Раман Пратасевіч назваў памер свайго заробку як зваршчыка26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі3

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →