Эканоміка

«Для не IT-кампаніі рэлакацыя практычна немагчымая». Што адбываецца з бізнэсам у Беларусі і чаму «старт з нуля» ў іншай краіне гэта выйсце — меркаванне

Згодна з Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой, лік прадпрымальнікаў, якія з'ехалі пасля 2020-га, ідзе на тысячы.«Наша Ніва» паразмаўляла з прэзідэнтам АВВА Яўгенам Бурым пра тое, што рабіць тым фірмам, якія застаюцца ў краіне пад ціскам, як быць бізнэсоўцам у эміграцыі і чаму беларускім прадпрымальнікам не трэба баяцца канкурэнцыі ў ЕС.

Яўген Буры. Фота: асабісты архіў

«У нашых заходніх партнёраў няма механізму адрозніць бізнэс, звязаны з рэжымам, ад таго, які ніяк не звязаны з ім» 

Нядаўна АВВА пачала супрацоўнічаць з BYPOL, асноўная мэта — «верыфікацыя бізнэсу з беларускімі каранямі за мяжой». Гэта стала неабходна пасля пачатку вайны ва Украіне.

«Патрэба ўзнікла не сама па сабе, а стала вынікам стаўлення да беларускага бізнэсу за мяжой пасля 24 лютага.

Раней такі бізнэс часцей за ўсё ўспрымаўся як кампаніі, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, сёння ўсё радыкальна змянілася. Беларусь з'яўляецца краінай саагрэсарам, многія санкцыі і абмежаванні, якія прымяняюцца да грамадзян Расіі, таксама дзейнічаюць і ў адносінах да грамадзян Беларусі. Гэта выяўляецца і ў немагчымасці атрымання працоўных віз у многія краіны ЕС, і ў абмежаваннях на адкрыццё або функцыянаванне банкаўскіх рахункаў, і ў нежаданні многіх заходніх кампаній у цэлым узаемадзейнічаць з беларускім бізнэсам», — тлумачыць Яўген Буры. 

Асацыяцыя сабрала мноства кейсаў ад бізнэсу, структуравала яго праблемы і правяла некалькі дзясяткаў сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў Польшчы, краін Балтыі, на якіх былі агучаны пытанні ад прадпрымальнікаў. 

«У адказ мы пачулі, што некаторыя абмежаванні, якія з'явіліся пасля пачатку вайны ва Украіне, — гэта палітычныя рашэнні, — кажа Яўген.

— Акрамя гэтага, шмат якія банкі самастойна пастанавілі не браць на сябе рызыку абслугоўвання беларускіх бізнэсаў, якія патэнцыйна могуць быць пад санкцыямі.

Пакуль што ў нашых заходніх партнёраў няма механізму адрозніць беларускі бізнэс, звязаны з рэжымам Лукашэнкі, ад таго, які ніяк не звязаны з ім, а часта яшчэ і пацярпеў ад яго. Таму пасля пачатку вайны мы прыступілі да распрацоўкі такога механізму.

І важную ролю ў гэтым выконвае супрацоўніцтва з BYPOL, які мае ўсе наборы інструментаў для верыфікацыі. У нашых камандах ёсць спецыялісты з адпаведным бэкграўндам, мы маем неабходныя базы даных і ўжо прайшлі юрыдычную экспертызу ўсіх працэсаў ад еўрапейскіх юрыстаў.

Ствараючы механізм верыфікацыі, мы прапануем рашэнне, якое дазволіць рабіць такое адрозненне. Калі наша верыфікацыя будзе прызнавацца як штамп «не звязаны з рэжымам Лукашэнкі» ці як своеасаблівая «верыльная грамата» для бізнэсу з беларускімі каранямі, то заходнім партнёрам будзе прасцей узаемадзейнічаць з імі». 

Яўген Буры і прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў

Яўген тлумачыць, што, па сутнасці, яны зараз павінны зрабіць відавочнымі для ўсіх дзве рэчы: даць зразумець, што беларусы не раўно расіяне і што беларусы не раўно рэжым Лукашэнкі. 

Бізнэсмэны, якія звяртаюцца ў Асацыяцыю, у асноўным пацярпелі не толькі ад рэжыму Лукашэнкі, але і ад вайны ва Украіне. У іх вачах несправядлівыя тыя абмежаванні, якія на іх накладаюцца.

«Яны вітаюць верыфікацыю, калі яна дазволіць палегчыць іх жыццё ў новай краіне.

Падтрымліваюць такую верыфікацыю і ўлады краін, з якімі мы вядзем работу ў гэтым напрамку. Мы можам моцна дапамагчы ім, паколькі менавіта самі беларусы здольныя лепш за ўсё верыфікаваць бізнэс, а таксама супрацьдзейнічаць спробам асобных нядобрасумленных суб'ектаў і іх куратараў абыходзіць санкцыі, уваходзіць на еўрапейскія і заходнія рынкі. 

Верыфікацыя беларускага бізнэсу будзе праводзіцца ў тым ліку шляхам сяброўства ў нашай Асацыяцыі. Парадак такога сяброўства і працэс уступлення мы аб'явім на бізнэс-форуме ў Варшаве, які правядзем 19-20 верасня», — расказвае ён. 

Дакладнымі лічбамі, колькі бізнэсаў з’ехалі з Беларусі, Асацыяцыя пакуль не валодае. Зараз спецыялісты працуюць над такім даследаваннем. 

«Інфармацыю прыходзіцца збіраць з шматлікіх крыніц і часцяком па ўскосных прыкметах. Да канца лета наша даследаванне будзе гатова.

На сёння толькі магу сказаць, што лік ідзе на тысячы.

Ужо зараз у базе кантактаў нашай Асацыяцыі яны ёсць, колькасць расце кожны дзень», — расказвае Яўген. 

«Для не IT-бізнэсаў рэлакацыя практычна немагчымая»

Не ўсе прадпрымальнікі, хто меў бізнэс у Беларусі, здолелі адкрыць новы за межамі краіны. Каб пачаць, трэба інфармацыйная і фінансавая падтрымка.

«Мы робім бясплатныя семінары, канферэнцыі, вэбінары, індывідуальныя экспертныя юрыдычныя кансультацыя. З фінансавай — нашмат складаней, але працягваем працаваць у гэтым кірунку. 

Пакуль што даем інфармацыйную падтрымку ў пытаннях фінансавання: у маі сумесна з польскімі партнёрамі правялі канферэнцыю ў Варшаве па тэме прыцягнення фінансавых рэсурсаў, 28 ліпеня праводзім семінар у Вільні па тэме прыцягнення грантаў ад літоўскага ўрада і Еўрасаюза», — кажа Буры. 

Яўген заўважае, што чым горш сітуацыя становіцца ў Беларусі, тым больш з’яўляецца працы ў іх. 

«На жаль, арышты і пераслед прадстаўнікоў бізнэсу працягваюцца. Іншыя пакутуюць з-за даносаў з боку нядобрасумленных канкурэнтаў ці тых, хто хоча заняць іх нішу. Экспарта— і імпартаарыентаваныя бізнэсы ледзь выжываюць з-за рэжыму, санкцый, праблем з банкаўскімі пераводамі, нежадання заходніх партнёраў супрацоўнічаць з кампаніямі з Беларусі», — расказвае Яўген. 

Рашэнне пакінуць краіну не даецца лёгка, асабліва, калі бізнэс немагчыма поўнасцю рэлакаваць — а гэта практычна немагчыма для большасці не IT-бізнэсаў. 

«Калі гэта вытворчасць, то абсталяванне вывезці ў большасці выпадкаў нельга, сфера паслуг — бізнэс губляе ўсю кліенцкую базу, — удакладняе Яўгеній. — Таму часцей за ўсё «рэлакацыя» — гэта выезд з краіны ўладальніка бізнэсу і яго сям'і, стварэнне новай кампаніі за межамі Беларусі (гэта ў лепшым выпадку, у горшым — неабходнасць працаваць на кагосьці, каб пракарміць сям'ю).

Пры гэтым рашэнне застацца ў Беларусі для многіх прадпрымальнікаў раўназначнае павольнаму забіванню сваёй фірмы.

Пакупніцкая здольнасць насельніцтва падае, рэпрэсіўная машына падаткаў і штрафаў толькі паскарае абароты, падзенне прыбытку дзяржаўнага сектара эканомікі стымулюе рэжым Лукашэнкі на пошук грошай у прыватных бізнэсаў. Гэта і афіцыйнае павышэнне падаткаў, іншых плацяжоў, незаконныя паборы і проста прамое вымагальніцтва».

Рэжыму Лукашэнкі невыгодны ад’езд прыватнікаў, бо ў яго вачах цяпер гэта бяспраўныя эканамічныя адзінкі, з якіх тым ці іншым спосабам можна сабраць грошы, мяркуе Буры. 

«Таму рэжым на поўную моц уключае прапаганду, у якой адусюль беларусам кажуць, што яны нікому і нідзе не патрэбныя, што ніхто і нідзе іх не падтрымае і не дапаможа, а за рускую гаворку закідаюць камянямі,

— кажа ён. — Але гэта не так. Нягледзячы на ​​ўсе складанасці эміграцыі, многія беларусы ўжо змаглі стаць на ногі ў новай краіне, у тым ліку праз падтрымку адно аднаго, праз падтрымку беларускімі ініцыятывамі. 

Галоўная місія нашай Асацыяцыі — стварыць моцную беларускую бізнэс-дыяспару, якая пасля дэмакратычных зменаў у Беларусі зможа вярнуцца на радзіму і пабудаваць сучасную перадавую эканоміку з улікам досведу тых краін, дзе нашыя бізнэсоўцы паспеюць папрацаваць і пераняць тое лепшае, што ёсць у кожнай з іх.

Па самых складаных пытаннях, дзе гаворка ідзе пра змену палітычнай волі, будзем працаваць разам з Офісам Святланы Ціханоўскай, паколькі менавіта яна надзеленая легітымнасцю і мае магчымасці перамоваў на самым высокім палітычным узроўні».

«Тыя, хто вёў бізнэс у Беларусі у пастаянных выпрабаваннях, заўсёды маюць канкурэнтную перавагу перад заходнімі бізнэсменамі»

Сыходзячы з аналізу Асацыяцыі, беларускі бізнэс найчасцей рэлакуецца ў Польшчу (сяроді іншых краін ЕС). Там не такі высокі моўны бар’ер, падобная ментальнасць, геаграфічная блізкасць. 

Ёсць і іншыя, менш відавочныя краіны, куды з’язджаюць беларускія бізнэсы, — напрыклад, Эстонія. 

«З нашых назіранняў, бізнэсмены не заўсёды праводзяць дэталёвае параўнанне краін для рэлакацыі. Найчасцей яны выбіраюць тую краіну, пра якую больш ведаюць і куды ўжо пераехалі сябры ці партнёры, — кажа ён.

— Умовы вядзення бізнэсу і ўзровень падаткаабкладання супастаўныя ў краінах Балтыі і ў Польшчы. Таму прадпрымальнікам трэба звяртаць увагу не толькі на ўмовы для бізнэсу, але і на ўмовы жыцця для іх сем'яў.

Напрыклад, у Латвіі і Эстоніі большасць насельніцтва гаворыць і добра разумее рускую мову, ёсць рускія школы, што робіць першапачатковую адаптацыю для сям'і вельмі лёгкай.

З іншага боку, пасля пачатку вайны ва Украіне, стала вельмі складана атрымаць нацыянальную візу ў краіны Балтыі, таму шмат хто выбірае Польшчу, туды прасцей выехаць і атрымаць ВНЖ. Параўнанне розных краін для рэлакацыі і прадастаўленне якаснай і дакладнай інфармацыі па краінах таксама з'яўляецца адным з напрамкаў дзейнасці нашай асацыяцыі. 

Увогуле, калі казаць пра канкурэнцыю, мы часта параўноўваем бізнэсменаў з Беларусі са спартсменамі-бягунамі, якія трэніраваліся ва ўмовах высакагор'я і з грузам на нагах, а потым прыехалі на ўзровень мора і бягуць без грузу. Яны загартаваны і стрэсаўстойлівыя, гатовыя працаваць ва ўмовах, вельмі далёкіх ад ідэалу.

Тыя, хто вёў бізнес у Беларусі ў пастаянных выпрабаваннях, заўсёды маюць канкурэнтную перавагу перад заходнімі бізнэсменамі».

«Нам вядома, што ў Беларусі бізнэсы адкупляюцца, спадзеючыся захаваць хоць нешта» 

Што тады рабіць прадпрымальнікам, якія знаходзяцца ў краіне пад ціскам?

«Як бы сумна ні гучала, але спрабаваць рэлакаваць свой бізнэс, адбудоўваць яго ў іншай краіне. У любым выпадку прадпрымальнікі не застануцца сам-насам і знойдуць падтрымку за мяжой сярод сваіх.

Нам вядома, што ў Беларусі бізнэсы адкупляюцца, спадзеючыся захаваць хоць нешта. Гэта можна зразумець, бо далёка не кожная кампанія можа лёгка рэлакавацца ў іншую краіну, асабліва, калі гаворка ідзе аб вытворчасці.

Калі ўвесь капітал інвеставаны ў вытворчыя магутнасці, а наяўных грошай практычна няма, то трэба быць гатовым пачынаць усё з нуля ў новай краіне. Пры гэтым мы ўпэўненыя, што лепш пачаць усё з нуля, чым кожны дзень жыць у чаканні арышту», — лічыць ён. 

Нішы, у якіх магчыма працаваць у Беларусі, ёсць, але, як мяркуе Яўген, ненадоўга, бо нармальны бізнэс засноўваецца на доўгатэрміновай стратэгіі развіцця.

«Варта памятаць, што такія «нішы» аддаюцца толькі набліжаным да Лукашэнкі, таму звычайным бізнэсменам не варта на іх разлічваць.

Тым жа прадпрымальнікам, якія атрымліваюць такія «ўнікальныя» магчымасці, раім задумацца аб сваёй будучыні, а не аб сучаснасці. У сучасным свеце схаваць такія схемы складана, давядзецца адказваць па законе», — кажа ён. 

Пасля пачатку вайны ў Асацыяцыю стала звяртацца больш прадпрымальнікаў. 

Пытанні, як правіла, у іх падобныя — легалізацыя ў новай краіне, адкрыццё сваёй справы.

«Часцей за ўсё прадпрымальнікі хочуць займацца за мяжой тым самым, што рабілі ў Беларусі. Таму часта запатрабавана профільная інфармацыя: па індустрыях, іх асаблівасцях, дадатковых патрабаваннях да вядзення вызначанага віду дзейнасці. Таксама шмат пытанняў па магчымасцях крэдытавання і фінансавання будучага бізнэсу.

Назіраем, наколькі адкрыты ўрады краін Балтыі і Польшчы для прадпрымальнікаў, у тым ліку замежных, як яны гатовы весці дыялог, і нават спаборнічаць з іншымі краінамі ў прыцягненні бізнэсаў з высокім патэнцыялам», — падсумоўвае Яўгеній. 

Чытайце таксама: 

Стаўкі на арэнду забароняць прывязваць да валюты. Калі пачне дзейнічаць забарона і што рабіць са старымі дамовамі?

ЕАБР: ВУП Беларусі ў чэрвені знізіўся на 7,8%

Каментары

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь8

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому5

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

Трэснуў будынак гімназіі ў Віцебску, вучняў перавялі ў іншыя школы

«Усе фігачылі па орках з усмешкай на твары. Мяне затрохсоцілі, і ўсмешкі зніклі»24

Прадзюсара Аляксандра Чахоўскага будуць завочна судзіць ужо другі раз

Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў1

У Беларусі пачалі прадаваць корм «для сапраўдных квадробераў»3

Выйшаў на волю па памілаванні 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь8

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →