Латвія збіраецца працягнуць надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю
Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі лічыць патрэбным працягнуць надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю да 10 лістапада, піша выданне bnn.lv.
У МУС адзначаюць, што Польшча ўжо скончыла будаваць плот на мяжы з Беларуссю, на літоўска-беларускай мяжы агароджу таксама ўжо ўзводзяць. Будаўніцтва ж падобнага аб'екта на беларуска-латвійскай мяжы хоць і плануецца, але яшчэ нават не пачыналася. Таму латышы турбуюцца, што менавіта цяпер колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы можа ўзрасці менавіта на іх участку.
Цяперашні рэжым надзвычайнага становішча павінен быў скончыцца 10 жніўня 2022 года, але ў МУС Латвіі лічаць, што сітуацыя ўсё яшчэ не пад кантролем. Памежнікі па-ранейшаму выяўляюць выпадкі нелегальнага перасячэння мяжы, хоць цяпер гаворка ідзе пра адзінкавыя выпадкі. У маі латвійскія памежнікі затрымалі 20 чалавек, якія спрабавалі трапіць у ЕС у абыход правіл, у чэрвені — 96 чалавек, у ліпені — 5 чалавек.
Упершыню надзвычайнае становішча ў некаторых прымежных рэгіёнах урад Латвіі абвясціў яшчэ 11 жніўня 2021 года. З той пары яго некалькі разоў працягвалі.
Каментары