Грамадства11

Антонаўскі мост пад агнём. У чым значэнне перапраў цераз Дняпро пад Херсонам і што дасць украінскай арміі іх знішчэнне?

Некалькі дзён запар украінскія вайскоўцы абстрэльваюць Антонаўскі мост — стратэгічна важны мост, які злучае правы і левы бераг Дняпра ў раёне захопленага расійскай арміяй Херсона. Калі мост будзе разбураны, расійская групоўка ў горадзе застанецца без сувязі і забеспячэння, так што ў Кіеве намякаюць Маскве, што пара ісці на чарговы «крок добрай волі» і пакінуць горад. Але ці так проста разбурыць галоўныя масты ў Херсонскай вобласці і ці збіраецца гэта рабіць УСУ, разбіралася Бі-бі-сі.

Прарыў расійскага войска з Крыма ў Херсонскую вобласць застаецца ледзь не галоўным яе поспехам у спробе ўкраінскага «бліцкрыгу». Штурмавыя атрады Узброеных сіл РФ ужо ў першыя дні вайны змаглі прасунуцца з паўвострава на правы бераг Дняпра і захапіць Херсон.

Ключавым фактарам поспеху тады стаў кантроль над мастамі, якія пры наяўнасці такой вялікай воднай перашкоды, як рака Дняпро, маюць стратэгічнае значэнне для хуткасці наступальных аперацый.

І хоць далейшае прасоўванне на Мікалаеў украінская армія змагла спыніць і нават адкінуць расіянаў, свой плацдарм на Дняпроўскім правабярэжжы тыя захавалі.

Зрэшты, пасля пачатку удараў УСУ па мастах Херсонскай вобласці будучыня гэтай расійскай групоўкі выклікае ўсё больш пытанняў.

Неўзарваны Антонаўскі мост і іншыя пераправы

Праз Дняпро ў Херсонскай вобласці ёсць усяго тры пераправы: Антонаўскі аўтамабільны мост (ці проста «Антонаўскі мост») каля Херсона, Антонаўскі чыгуначны мост за 6 км ад яго, а таксама дамба Кахоўскага вадасховішча ў Новай Кахоўцы — яшчэ за 70 км.

Ключавым лічыцца менавіта Антонаўскі мост — ён самы вялікі і блізкі да Херсона.

Гэты мост быў пабудаваны ў 1985 годзе, ён мае 31 апору, яго шырыня 25 м, а даўжыня — 1366 м. Мост перасякае Дняпро і яго левы прыток Конку.

Расійская армія змагла захапіць Антонаўскі мост на другі дзень вайны — 25 лютага Херсонская абласная адміністрацыя паведаміла, што, «нягледзячы на адчайныя намаганні ўкраінскай арміі, на жаль, страчаны кантроль над пераправай у Херсон».

Чаму ўкраінская армія не ўзарвала Антонаўскі мост у першыя дні ўварвання — адна з загадак таго этапу вайны. Тым больш што, па думку большасці ваенных аглядальнікаў, разбурэнне гэтых мастоў уваходзіла ў планы абароны поўдня Украіны і адпрацоўвалася на вучэннях.

Магчымай прычынай таго, што Антонаўскі мост ацалеў 24 і 25 лютага, мог быць усеагульны хаос першых дзён вайны, а таксама інтэнсіўны рух цывільных праз яго.

Дзмітрый Дазорчы, камандзір танкавай роты 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады, якая тады абараняла мост, распавядае, што быў шакаваны дзеяннямі цывільных падчас баёў за пераправу.

«Вось едзе па мосце танк, адкрывае агонь па варожых цэлях, а насустрач — легкавік: людзі сігналяць, міргаюць, рукамі махаюць, здымаюць на тэлефоны. Ехала фура, вораг стрэльнуў, магчыма, у наш танк цэліўся, а трапіў у фуру. І вось яна ўжо гарыць, а людзі ўсё роўна едуць, здымаюць усё на тэлефоны. Для мяне гэта было шокам: тут працягваюцца актыўныя баявыя дзеянні па разблакаванні моста, а людзі як на нейкім 5D фільме ў першым шэрагу», — распавядае танкіст.

Кахоўскую ГЭС (яе плаціну — іншую пераправу праз Дняпро ў Херсонскай вобласці) расіяне наогул захапілі адразу 24 лютага — менавіта каля яе пачынаецца Паўночна-Крымскі канал, разблакаванне якога было адной з галоўных мэтаў Расіі.

«Мяшок» для расійскай групоўкі

Першы ўдар УСУ па Антонаўскім мосце быў нанесены 19 ліпеня, на наступны дзень удар паўтарыўся, а мясцовыя акупацыйныя ўлады заявілі аб вымушаным перакрыцці пераправы.

«Рух мы будзем перакрываць. Мы знойдзем іншыя шляхі пераходу праз Дняпро у горад Херсон. Горад не застанецца без злучэння з левым берагам», — распавёў у размове з расійскімі медыя прадстаўнік акупацыйных уладаў Херсоншчыны Кірыл Стрэмавусаў.

Яшчэ раней стала вядома аб абстрэлах ГЭС у Новай Кахоўцы.

«Антонаўскі мост і мост у Новай Кахоўцы — гэта пункты звязвання, ад якіх залежыць магчымасць вядзення баявых дзеянняў расійскімі войскамі на Правабярэжжы. Гэта дзве ключавыя магістралі, праз якія расійская армія пагражае Мікалаеву і Крывому Рогу», — тлумачыць украінскі ваенны карэспандэнт Юрый Бутусаў ў эфіры свайго канала «Бутусаў+».

«Пасля таго, як будуць знішчаныя масты, ворагу будзе вельмі цяжка забяспечваць пастаўкі сваім войскам на правым беразе пантонамі. Гэта будзе рызыкоўна, і прапускная здольнасць пантонаў значна меншая. Такім чынам, будуць створаныя ўмовы для больш актыўных дзеянняў украінскіх войскаў і можна будзе вызваліць правабярэжную частку Херсонскай вобласці і падысці да самога Херсона і Новай Кахоўкі», — дадае Бутусаў.

Украінскі афіцэр, які служыць на паўднёвым кірунку, у размове з Бі-бі-сі на ўмовах ананімнасці пацвярджае важнасць блакавання Антонаўскага моста зараз.

«Калі яшчэ «рэжам» Новую Кахоўку — уся расійская групоўка будзе ў мяшку. Без лагістыкі ім канец. Яны разумеюць рызыку акружэння і ўжо падцягваюць пантоны, — кажа вайсковец. — Але пантоны — гэта куча часу. Плюс калі мы дастаем мост, то ўдарыць па пантонах будзе яшчэ прасцей».

Аэрадром Чарнабаеўка, на які яшчэ ў сакавіку расіяне, мяркуючы па ўсім, ускладалі вялікія надзеі па забеспячэнні херсонскай групы авіяцыяй з Крыма, пасля шматлікіх абстрэлаў альтэрнатывай мастам ужо не стаў.

«У Чарнабаеўку калі нешта з авіяцыі прылятае, то ўсяго на пару хвілін. Асноўны аэрадром у іх у Чаплінцы», — дадае афіцэр. Чаплинка — пасёлак за 70 км на паўднёвы ўсход ад Херсона, цяпер гэта глыбокі тыл расійскай арміі.

А вайсковы аглядальнік і публіцыст Міхаіл Жырохаў у размове з Бі-бі-сі акцэнтуе ўвагу на тым, што ўкраінскаму войску важна заблакаваць і чыгуначны мост.

«Кажучы толькі пра Антонаўскі мост і Новакахоўскую дамбу, нельга забываць яшчэ і пра чыгуначны мост — а ў цяперашніх умовах ён становіцца для расяінаў нават больш важным, чым першыя два, бо вядома, што лагістыка расейскага войска трымаецца, перш за ўсё, на чыгуначных перавозках», — кажа ён.

Аб'езд

Блакаванне абодвух антонаўскіх мастоў — аўтамабільнага і чыгуначнага — ставіць пад пагрозу Херсонскі гарнізон расійскай арміі нават пры ўмове, што дамба ў Новай Кахоўцы будзе цэлая.

Акрамя расцяжэння лагістыкі на 70-кіламетровы аб'езд толькі на правым беразе Дняпра, гэта стварае новыя праблемы для забеспячэння расійскай групоўкі.

Бо аб'язная дарога праходзіць праз яшчэ адну раку — гэтым разам Інгулец, — праз якую ёсць толькі адзін мост у вёсцы Дар'еўка. І ён таксама можа быць разбураны.

«А пантоны на Інгульцы знесці «HIMARSамі» будзе нескладана», — прагназуе ўкраінскі афіцэр.

Знішчэнне або агнявы кантроль?

У той жа час знішчэнне (а не пашкоджанне) мастоў, тым больш такіх магутных, як антонаўскі, — няпростая задача для рэактыўнай артылерыі.

«Аб'ектыўна цяпер у УСУ няма агнявых сродкаў, каб цалкам знішчыць антонаўскі мост. Усе гэтыя абстрэлы, якія мы бачым апошнія дні, носяць не больш чым папераджальны характар. Для рэальнага знішчэння патрэбныя не HIMARS з ракетамі з 90-кілаграмовай баявой часткай, і нават не «кропкі». Тут патрэбныя масіраваныя авіяцыйныя ўдары 500-кілаграмовымі бомбамі», — адзначае Міхаіл Жырохаў.

«Нават расіяне з іх вялікімі магчымасцямі толькі з чацвёртага разу змаглі знішчыць мост праз Затоку ў Адэскай вобласці, ды і гэта значыць вялікія пытанні да іх выніковасці», — дадае ён.

«Таму, думаю, наша камандаванне выдатна разумее праблемнасць паўнавартаснага знішчэння моста і плануе толькі ўзяць пад агнявы кантроль усе тры масты, каб такім чынам перакрыць забеспячэнне», — мяркуе вайсковы аглядальнік.

Тэзіс аб «агнявым кантролі» (іншымі словамі — магчымасці абстрэльваць) над мастамі як мэту УСУ фактычна пацвердзіў дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у нядаўнім эфіры на канале «Фейгін Live».

Па яго словах, абстрэлы Антонаўскага моста былі накіраваны не столькі на знішчэнне, колькі на «перашкоды ў руху грузаў, ўзбраенняў, ваеннай тэхнікі і жывой сілы».

«Вядома, засталіся чыгуначны мост і Новая Кахоўка, але мы ж паказалі: хлопцы, гэта ўсё пад агнявым кантролем УСУ», — патлумачыў Арастовіч.

«У Кахоўцы дамба, яе так проста не разваліш. Але там можна ўзяць пад агнявы кантроль усё, што рухаецца. Як толькі яно засоўвалася — па ім паляцела. І жадаючых рухацца будзе ўсё менш. А самае галоўнае — гэта вельмі ўскладніць гэты рух», — дадаў дарадца.

А херсонскі журналіст Іван Анціпенка піша пра сімвалічнае значэнне ўдараў па Антонаўскім мосце: «паспяховыя дзеянні УСУ вакол моста і ўдары па расійскіх складах маюць сур'ёзны псіхалагічны эфект: людзі ў акупацыі бачаць, што Украіна не пакінула іх. І ўсё роўна, што расійская прапаганда хлусіць пра гэта».

У той жа час разбурэнне Антонаўскага моста тэарэтычна ўскладніць магчымасці для ўкраінскай арміі наступаць на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці, калі ёй сапраўды ўдасца вярнуць пад свой кантроль Правабярэжжа.

Зрэшты, расійскае войска ў выпадку адступлення, хутчэй за ўсё, і так падарве пераправу.

«Вядома, ёсць мінус у тым, што Антонаўскі мост потым трэба будзе адбудоўваць. Але плюсаў [яго блакавання] больш — гэта магчымасць давесці расіянаў да здачы ў палон і зберагчы Херсон ад разбурэння», — лічыць украінскі афіцэр, які ваюе на поўдні.

Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк напісаў 21 ліпеня ў «твітары»: «антонаўскі мост — актуальны пакуль «жэст добрай волі», які намякае: пара расейскім войскам добраахвотна пакінуць Херсон. У адваротным выпадку — пастаянныя абстрэлы, начныя страхі, панічныя атакі і HIMARS. Дыяпазон магчымасцяў звужаецца, як і дакладнасць украінскага артылерыйскага агню».

Каментары1

  • Жах
    23.07.2022
    Проста ўкраінскае вайсковае кіраўніцтва разумее, што пры адступленні расейскіх войскаў вораг тыя масты "жывымі" не пакіне ў любым разе. Для контрнаступу іх можна ў рахунак не прымаць і бурыць ужо цяпер, ускладняючы жыцьцё захопнікам.

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

Украінскія вайскоўцы на мяжы акружэння ў чатырох вёсках Данеччыны

Трамп выступае за размяшчэнне еўрапейскіх войскаў ва Украіне для кантролю над будучым перамір'ем4

Генеральны сакратар НАТА заклікаў рыхтавацца да вайны з Расіяй праз 5 гадоў21

Беларускім журналістам у выгнанні акажа шчодрую падтрымку Фландрыя6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →