Пачынаецца працэс над Змітром і Настай Дашкевічамі за «масавыя беспарадкі»
Маскоўскі суд Мінска 11 ліпеня пачынае разгляд крымінальнай справы мужа і жонкі Зьмітра і Насты Дашкевічаў.
Ім інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць суддзя Тацяна Пірожнікава. Зміцер у зняволенні з 23 сакавіка, нагадвае «Радыё Свабода».
У судзе і Зміцер, і Наста адмовіліся ад дачы паказанняў.
На працэсе пералічваюцца ўсе арышты, штрафы і крымінальны пераслед Змітра з 1999 года.
Яны прызналі на працэсе толькі тое, што сапраўды прысутнічалі на Маршы 23 жніўня 2020 года. У матэрыялах справы тры тамы — яны агалошваюцца ў судзе.
15 чэрвеня Наста нарадзіла сына Данііла, гэта чацвёртае дзіця ў сям'і Дашкевічаў.
Свабода расказвала пра гісторыю кахання Дашкевічаў. У гэтай публікацыі мы ўспамінаем найбольш значныя затрыманні і суды, якія былі ў Змітра і Насты.
Яшчэ да «крыміналкі» адсядзеў на сутках паўгода
Першае затрыманне Змітра Дашкевіча, якое фіксуюць СМІ, адбылося 14 лютага 2002-га — больш за дваццаць гадоў таму. «Малады фронт» традыцыйна адзначаў Дзень святога Валянціна. Юнакі і дзяўчаты, нягледзячы на забарону гарадскіх уладаў, пайшлі цэнтральным праспектам Мінска. Маладафронтаўцаў затрымалі на скрыжаванні праспекта Скарыны (тады ён так называўся) і Дарашэвіча.
Затрыманых было каля трыццаці, але да суда дайшлі справы толькі шасцярых. Сярод іх быў тагачасны лідар «Маладога фронту», а сёння палітвязень Павел Севярынец, Стась Івашкевіч (сёння вядомы журналіст-расследавальнік), а таксама Васіль Парфянкоў, які нядаўна без вестак знік падчас бою пад Лісічанскам. Быў сярод затрыманых і 20-гадовы Зміцер Дашкевіч.
Івашкевіч потым расказваў «Свабодзе», што яго разам з Дашкевічам білі ў пастарунку. Урэшце Дашкевічу прысудзілі 35 «мінімалак» штрафу. На той момант гэта было 350 тысяч рублёў (па тагачасным курсе — 210 даляраў). Сярэдні заробак у Беларусі на той момант складаў 95 даляраў.
Першыя 10 сутак арышту Дашкевіч атрымаў у той жа год за святкаванне Дня Волі, тады Зміцер нёс бела-чырвона-белы сцяг. У камеры на Акрэсціна Дашкевіч сядзеў разам з Севярынцам.
Пасля гэтага затрыманні Дашкевіча сталі рэгулярнымі. Яшчэ да першай сваёй крымінальнай справы ў 2006 годзе толькі на «сутках» Зміцер адсядзеў больш як паўгода.
Галасы з-за сценкі
Па крымінальнай справе Змітра затрымалі ўпершыню 15 верасня 2006 года, тады хлопец сам прыйшоў у пракуратуру разам з адвакатам. На той момант ён ужо быў кіраўніком «Маладога фронту». Адтуль Змітра павезлі ўжо на «Валадарку». Хлопца абвінавачвалі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асудзілі на 1,5 года калоніі. Пакаранне ён адбываў у Шклове. На волю выйшаў датэрмінова 23 студзеня 2008 года.
Па выхадзе з турмы грамадскую дзейнасць не спыніў. Другі крымінальны пераслед Дашкевіча пачаўся пры канцы 2010 года. Яго затрымалі разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым (сёння ваюе ва Украіне) нібыта за бойку з мінакамі. Адбылося гэта за дзень да асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.
Суд на хлопцамі праходзіў незвычайна. «Пацярпелыя» не паказаліся ўдзельнікам працэсу, былі толькі чуваць іх галасы з-за сценкі. Паказанні яны давалі даволі блытаныя, казалі, што мабільнікамі не карыстаюцца, а на месца здарэння дабраліся на папутках.
Дашкевіча і Лобава асудзілі на два гады калоніі, потым Дашкевічу накінулі яшчэ год — за парушэнні ўмоў адбыцця пакарання. Зняволенне кіраўнік «Маладога фронту» адбываў у Горках, Глыбокім і Гродне.
Пратэставаў супраць вайны разам з Пратасевічам
Па вызваленні ў 2013 годзе Дашкевіч заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю і сям’ёй. Тым не менш працягваў удзельнічаць у акцыях.
2 сакавіка 2014 года Дашкевіч быў затрыманы ля расійскай амбасады, калі выступіў супраць вайны ва Украіне. Разам з ім і іншымі затрымалі і Рамана Пратасевіча, які тады таксама быў у «Маладым фронце». Дашкевіча арыштавалі на 12 сутак. На 25 сутак затрымлівалі яго падчас правядзення ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.
У верасні 2016 года Дашкевіча затрымлівалі на мяжы з Расіяй у Веткаўскім раёне, калі ён капаў там акопы разам з паплечнікам Сяргеем Пальчэўскім. Такім чынам яны хацелі прадэманстраваць, што расійскіх войскаў у Беларусі ніхто не чакае. У міліцыі Дашкевіч сказаў, што не ведае рускай, таму з урокаў для перакладу яго допытаў здымалі настаўніц беларускай мовы. За «незаконнае зняцце ўрадлівай глебы» ён атрымаў штраф у памеры 220 рублёў.
У сакавіку 2017 году Зьмітра затрымалі, калі ён рабіў новую кухню для пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Хлопец замовіў піцу, а замест яе прыехала міліцыя. Дашкевіч быў тады затрыманы ў рамках справы «Белага легіёну», за падрыхтоўку масавых беспарадкаў. Менш як празь месяц Зьмітра вызвалілі, да суду справа не дайшла.
Апошнія гады Зміцер Дашкевіч засяродзіўся на абароне мемарыяла Курапаты. Праз гэта неаднаразова ўзнікалі канфлікты з міліцыяй, былі затрыманні і арышты. Пасля 15 сутак за ўдзел у пратэстах 2020 года казаў, што не бачыў яшчэ ніколі такіх нясцерпных умоваў, якія былі створаныя тады.
Дапытвала Чамаданава
Першае затрыманне Насты Палажанкі (такое прозвішча яна насіла да шлюбу) адбылося 5 жніўня 2005 года каля амбасады Польшчы ў Мінску. Маладафронтаўцы выказвалі салідарнасць з недзяржаўным Саюзам палякаў, вынікі з'езду якога не прызнавалі ўлады. Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч атрымалі тады па 10 сутак арышту, а непаўналетнюю Насту вызвалілі.
У траўні 2006 года 15-гадовая Палажанка ўдзельнічала ў галадоўцы маладафронтаўцаў, якая праходзіла супраць палітычна матываваных адлічэнняў студэнтаў з ВНУ і вучылішчаў.
Так атрымалася, што першы суд для Палажанкі быў адразу па крымінальнай справе. Гэта было ў траўні 2007 года, тады пецярых маладафронтаўцаў (Хведарука, Корбана, Гарэцкага, Палажанку і Янушэўскага) судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Старэйшых хлопцаў аштрафавалі, а дзесяцікласніцы Насце прысудзілі «прымусовыя меры выхаваўчага характару».
Падчас аднаго з затрыманняў на пачатку 2008 года Палажанку дапытвала асабіста будучая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Першы ў жыцці адміністрацыйны арышт Палажанка атрымала ў лістападзе 2008 года, праз пару месяцаў пасля паўналецця. Яе разам з іншымі маладафронтаўцамі асудзілі за ўдзел у акцыі насупраць КДБ 7 лістапада. Ленінскі суд Мінска арыштаваў юнакоў на трое сутак, на момант абвяшчэння прысуду гэты тэрмін ужо скончыўся, таму яны адразу выйшлі на волю.
Год умоўна і затрыманне каталікамі
Мабыць, адно з найбольш арыгінальных затрымання здарылася з Настай Палажанкай у ліпені 2009 года, калі яе затрымалі дружыннікі на сустрэчы каталіцкай моладзі ў Івянцы. Наста раздавала буклеты «Сцяг і герб Беларусі». Дружыннікі здалі дзяўчыну ў міліцыю, дзе на яе склалі пратакол.
У снежні 2010 году Насту затрымалі за падзеі Плошчы. У турме КДБ яе пратрымалі да 17 лютага. Судзілі Насту разам з Уладзімірам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым і Сяргеем Вазняком. Дзяўчына атрымала год умоўна. Пазней Наста прызналася, што была вымушаная падпісаць паперу аб супрацоўніцтве з КДБ, але агентку з яе ніхто не спрабаваў зрабіць.
Пасля гэтага Насту яшчэ неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у самых розных акцыях пратэсту, прысуджалі ёй адміністрацыйныя арышты.
Каментары