Партыя рэформаў, партыя «Айчына» (Isamaa) і сацыял-дэмакратычная партыя Эстоніі дасягнулі пагаднення аб фармаванні кіроўнай кааліцыі, а дзейная прэм'ер-міністр Кая Калас пацвердзіла, што падасць у адстаўку. Пра гэта паведамляе Delfi.
Як сказала Калас, падчас перамоў яна сама прапанавала скласці паўнамоцтвы ў выпадку дасягнення дамоўленасці аб кааліцыі. «Я сама ўнесла гэтую прапанову, таму што, калі б я проста прызначала новых міністраў, было б шмат шуму і незадаволенасці», — сказала яна.
Калас дадала, што яна з партнёрамі па кааліцыі хоча як мага хутчэй сфармаваць новы ўрад, але склікаць парламент пакуль будзе складана, паколькі ўжо пачаліся летнія вакацыі.
Прадстаўнікі трох партый заявілі, што мэта новай кааліцыі — павысіць бяспеку Эстоніі, даць людзям пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні на фоне агульнага росту цэнаў, а таксама перайсці на естаномоўную адукацыю.
Партыі, якія фармуюць кааліцыю, дамовіліся павялічыць дзіцячую дапамогу і дапамогу для бацькоў-адзіночак і шматдзетных сем'яў, а таксама павысіць неабкладаны мінімум. Акрамя таго, будзе распрацавана рэформа рынку электраэнергіі, а ў 2024 годзе пачнецца пераход дашкольнай адукацыі на эстонскую мову ў поўным аб'ёме.
Перамовы паміж партыямі кааліцыі працягнуцца ў выхадныя для ўдакладнення дэталяў і размеркавання міністэрскіх партфеляў.
Каментары