Грамадства22

«Ад кожнага з нас у кожную хвіліну залежыць, куды далей пакоціцца кола нашай шматтысячагадовай вандроўкі». Правілы жыцця Андрэя Скурко

Год як сілавікі прыйшлі ў «Нашу Ніву» і разам з бюстам Івана Луцкевіча, заснавальніка выдання, разнеслі рэдакцыю, зняволіўшы Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко. Праўда, бюст Луцкевіча, як і праца выдання былі адноўленыя.

Для Андрэя Скурко, які быў галоўным рэдактарам «НН» у 2006-2017 гадах, гэта не першыя рэпрэсіі ў дачыненні да медыя: быць незалежным журналістам у Беларусі — загартоўвае.

І зараз за кратамі нашанівец робіць усё, каб часы ў няволі не прайшлі дарэмна: чаго толькі вартыя цыклы аўтарскіх дзіцячых вершаў, якія ён, у першую чаргу, прысвячае маленькаму сыну Тамашу.

Літаратурны талент і гістарычная дасведчанасць праяўляюцца і ў яго лістах. Мы сабралі цытаты адтуль, а таксама з ранейшых інтэрв’ю Андрэя на волі — поўныя мудрасці і любові да сям'і, радзімы, жыцця.

Андрэй Скурко, журналіст, маркетолаг, дзіцячы пісьменнік, музыка гурта «Цмокі». Фота: асабісты архіў

Пра выгоду жыцця ў складаны перыяд

«Думалася неяк, што ў гэты складаны перыяд мы, у многіх сэнсах слова, робім задзел на будучыню — у тым ліку і далёкую: і краіна, і кожная сям’я. «Это печальная выгода тревожных времен: они отнимают у людей спокойствие и довольство и взамен того дают опыты и идеи», — пісаў Ключэўскі пра Масковію XVII стагоддзя».

***

«Усе цёмныя перыяды ўрэшце мінаюць, яны не вечныя. Яны дазваляюць адкрыць у сабе новыя магчымасці. Пасталець і зрабіць для сябе ўрэшце нейкія высновы».

Пра зло і пекла

«Раптам зразумеў, што не трымаю зла ні на каго з тых, каму трэба «дзякаваць» за сённяшняе. Павер, яны і цяпер перажываюць пекла, і пасля з ім застануцца, калі для нас ужо ўсё скончыцца».

Пра ўспрыманне выпрабаванняў як настаўніка

«У японскіх баявых майстэрствах, у іх філасофіі, праціўніка раяць успрымаць не як ворага, а як настаўніка. У нашым выпадку праціўнік — гэта не персаналія нейкая, а сітуацыя нашага расстання і звязаных з гэтым нязручнасцей. Мы яе перамагаем, і яна вучыць нас. Кажу гэта да таго, што такія эмоцыі, як гнеў, крыўда, злосць, тут лішнія.

Наадварот, мы пераможам чысцей, калі будзем спакойныя. Эмоцыі пакінем на пасля».

*** 

«Будзем памятаць выслоўе псіхолага: «Няправільнае пытанне — чаго я хачу ад свету. Правільнае — чаго свет хоча ад мяне»».

У перыяд рэдактарства Андрэя Скурко «Наша Ніва» таксама зведала ператрусы ў рэдакцыі і дома, папярэджанні ад Мінінфарма, суды. На фота: пасля слухання па пазове Міністэрства інфармацыі аб закрыцці газеты «Наша Ніва» ў 2011 годзе. Крыніца: baj.by

Пра сямейны рок-н-рол

«Бываюць сем’і, у якіх нечы паваротны ўчынак (ці сітуацыя, у якую чалавек трапіў) успрымаецца як «гэты дурань (дурніца) улез (улезла) куды не трэба, і цяпер мы праз яго ўсе пакутуем». І нашчадкі імкнуцца дзейнічаць зусім не так, як продак-лузер. А пачынаецца проста з нацягнутых адносін і непавагі ў сям’і — прасцей кажучы, з адсутнасці любові. Апроч унутрысямейнага, ёсць грамадскі фактар. Псіхалагічныя траўмы (або наадварот — светлыя эмоцыі ад салідарнасці і падтрымкі) пасля таксама транслююцца на нашчадкаў. І тут яшчэ многае залежыць ад духоўнай сілы (і розуму) сваякоў: што для іх важней — меркаванне «людзей» ці падтрымка роднага чалавека. І зноў мы тут вяртаемся да адносін у сям’і.

Калі падсумаваць, чым лепшыя, дружнейшыя былі сем’і ў продкаў, тым з большай верагоднасцю на нашчадках адбіваецца тое, што можна назваць «сямейным рокам». Хоць я прапаную называць гэта сямейны рок-н-рол».

Андрэй Скурко з жонкай Паўлінай і сынам Тамашам. Фота: сямейны архіў

Пра гістарычную памяць продкаў

«Задумляючыся пра лёсы продкаў (асабліва захмарна-далёкія, тысячы гадоў таму), асабліва ясна адчуваеш сябе часткай велізарнага кругавароту пакаленняў.

Мы не першыя і не апошнія, не найлепшыя і не найгоршыя — і ўрэшце ўсё міне, «бо векавечны толькі край і далеч, і жоўты ліст на зелені травы». І, разам з тым, ніводнае звяно не лішняе, бо яго адсутнасць спыніла б той кругаварот. Ад кожнага з нас у кожную хвіліну залежыць, куды далей пакоціцца кола нашай шматтысячагадовай вандроўкі».

***

«Нашы ўчынкі і павароты лёсу, апроч разгортвання тут і цяпер, могуць закладаць і праграмаваць рэакцыі на дзесяцігоддзі наперад. Таму трэба ўсведамляць адказнасць. І захоўваць жалезны спакой».

Фота: сямейны архіў

Пра выхаванне дзяцей

«Мне спадабалася, як ты (жонка Паўліна. — ННсфармулявала пра нежаданне малога расказваць вершы, калі няма настрою для гэтага, і чаму гэта правільна. «Не працаваць на чужую забаву». Гэта сапраўды варта ў ім падтрымліваць, бо часта бацькі робяць наадварот. І дзіця пераступае праз сябе з любові да іх. А пасля ў яго фармуецца ўяўленне, што яго і любяць за дэкламацыі, за добрыя адзнакі і гэтак далей. Хочацца, каб малы быў у кожны момант жыцця ўпэўнены ў нашай любові, каб разумеў, што яго дэкламацыі для гэтага зусім не вызначальныя.

З сынам. Фота: сямейны архіў

Пра тое, што толькі любоў разбурае муры

«Хацеў падзяліцца адной думкай з кніжкі Іллі Стогава пра ленінградскі рок 80-х. Ён, калі піша пра Грэбеншчыкова, адзначае, што ў брэжнеўскія часы паралельна з «Акварыумам» існавала нямала іншых рок-гуртоў.

Яны спявалі «мы разбурым гэты мур!», а БГ проста спяваў пра любоў побач са сцяной — і сцяна падала. Стогаў той трохі пафасна піша, але па сутнасці думка падаецца мне правільнай».

***

«Прыкра бясконца быць адарваным ад вас, прыкра за скрадзеныя ў нас дні, але не варта нам марнаваць ніводнай хвіліны на нянавісць, лепш давай патрацім іх на любоў».

Пра комплексы

 «Ты пытаешся, якую параду я б даў сабе малому (ці юнаму). Ведаеш, у мяне столькі комплексаў было, страхаў, што зусім іначай жыццё б склалася без іх паступовага пераадолення. А я вельмі шчаслівы, што яно склалася — і далей складаецца — менавіта так, як ёсць».

Пра салідарнасць

«Як сем’і, так і нацыі салідарызуе, у першую чаргу, вялікае супольнае перажыванне. Бо без гэтага перажывання людзі жывуць і не разумеюць часта, што між імі можа быць супольнага — кожны заглыблены ў сваё і па дробязях не падабаецца іншым. Пасля адбываецца штосьці глабальнае — і надыходзіць яснасць, што галоўнае, што не, хто твой сябар, на каго можна разлічваць і гэтак далей». 

Андрэй — удзельнік групы «Цмокі». Фота: «Арт-сядзіба»

Пра незалежныя медыя

«Калі ў Беларусі ёсць людзі, і вялікая колькасць, якія хочуць чытаць незалежную прэсу — адпаведна, яны маюць права мець магчымасць доступу да яе».

Пра веру

«Я веру ў тое, што для Беларусі мусіць быць справядлівасць. І наша сённяшняя праца, калі мы будзем упартымі, паслядоўнымі і спакойнымі, дасць плён. Я веру ў тое, што мы жывем у гістарычны час, і што сёння, калі казаць вобразна, пад цяжкім аўтарытарным молатам, куецца будучыня беларускай дэмакратыі. Я веру ў веліч духу нашых палітвязняў… 

Я веру ў тое, што мы пабачым іншую Беларусь: гэта не будзе рай на зямлі, гэта будзе краіна з вялізнымі канфліктамі і супярэчнасцямі. Але я таксама веру ў тое, што ў той краіне будзе месца для ўсіх, што там не будзе гнаных за праўду, там будзе свабода, у якой нам яшчэ трэба будзе навучыцца жыць».

Адрас для лістоў Андрэю:

Скурко Андрэй Генадзевіч, атрад 7, Слаўгарадская шаша, 183, Папраўчая калонія №15, 212013, п/а Вейна, г. Магілёў.

Блізкія Андрэя просяць фатаграфаваць тэкст лістоў перад адпраўленнем, каб у выпадку, калі ліст згубіцца, ягоны тэкст застаўся ў архіве.

Чытайце таксама:

«У гасцёўні пад сталом мы сабе зрабілі дом». Новы мультверш Андрэя Скурко

Андрэй Скурко пачаў новы цыкл дзіцячых вершаў — пра машынкі

Каментары2

  • Ян
    08.07.2022
    Адгукаюцца мне думкі спадара Андрэя Скурко. Свабоды!
  • -
    08.07.2022
    а чаму ніхто нічога добрага не напіша скурку наўпрост тут?

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Усе навіны →
Усе навіны

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі Беларусі: Тое, што адбываецца ў Сірыі, гэта параза Расіі5

Смешны выпадак у «Мінск-Свет»: нейкі маладзён сцягнуў калядны вянок, але разлічыўся за гэта 10 рублямі

За год машына страціла амаль палову цаны. Уласнікі электрамабіляў скардзяцца, што іх машыны імкліва таннеюць8

Лосік схуднеў, Пачобут трымае марку, Аляксандраў выязджае на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-12

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе23

Беларуска запісала тыкток пра вяртанне сына са школы — і сабрала 7 мільёнаў праглядаў5

У Маскве забілі канструктара крылатых ракет26

Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць з'езд у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі5

Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Галоўнае
Усе навіны →