Шчасьлівых маладых (Арланда Блума й Кіру Найтлі) арыштоўваюць на вясельлі за дапамогу пірату (Джоні Дэп уласнай пэрсонай). У дзяўчыны ёсьць толькі адзін шанец – адшукаць старога прайдзісьвета Джэка Вераб’я – і здабыць у яго компас, які паказвае на пажаданыя сэрцу скарбы. Але ў няўрымсьлівага Вераб’я – свае праблемы. Яму пазарэз трэба куфар мерцьвяка...
«Піраты Карыбскага мора: куфар мерцьвяка» («Pirates of the Caribbean: Dead Man’s Chest»).
ЗША, 2006, каляровы, 150 хв.
Жанр: прыгоды.
Адзнака: 5,5 (з 10).
Другая сэрыя фантазійных піратаў урачыстая й эпічная, як каралева ў пошуках трэцяга мужа.
Шчасьлівых маладых (Арланда Блума й Кіру Найтлі) арыштоўваюць на вясельлі за дапамогу пірату (Джоні Дэп уласнай пэрсонай). У дзяўчыны ёсьць толькі адзін шанец – адшукаць старога прайдзісьвета Джэка Вераб’я – і здабыць у яго компас, які паказвае на пажаданыя сэрцу скарбы. Але ў няўрымсьлівага Вераб’я – свае праблемы. Яму пазарэз трэба куфар мерцьвяка...
Фішка сэзону – лаўкраўтаўскія пачвары на караблі-прывідзе: матрос-рыба-молат, аблеплены ракавінкамі бацька Арланда Блума – і, безумоўна, капітан Лятучага Галяндца – мёртвы васьміног Дэйві Джонз. У Джонза шчупальцы замест барады і цяга да арганнае музыкі. Але самая вялікая ягоная тайна – амаль што тутэйшая.
Сваю сьмерць марскі сваяк Здыхліка Несьмяротнага хавае ў куфры. У гэтым куфры няма ані зайца, ані качкі, ані яйка з іголкаю – ёсьць толькі сэрца, спакутаванае ад каханьня. Але важны сам прынцып.
Атракцыёны паўтараюцца: зноў і зноў шчупальцы, шчупальцы, шчупальцы, зноў і зноў коціцца кола, на якім б’юцца мушкетэрамі героі карціны, зноў і зноў надрыўны Джоні Дэп натыкаецца на канібалаў. А лепей за Арланда Блума іграюць нават цурбаны.
Хаця прычэпістае вока здольнае знайсьці ў карціне нуду – апошнія сцэны стануць ударам пад дых. Амаль трохгадзінны фільм ёсьць толькі пралёгам да трэцяе часткі…
Квіткі на фільм варта купляць загадзя: залі перапоўненыя.
Каментары