«Еўраопт», ЭПАМ, «Хенкель». Улады Беларусі забаранілі замежным уласнікам прадаваць свае долі і акцыі
Урад Беларусі вызначыў пералік кампаній, замежным удзельнікам якіх забараняецца распараджацца акцыямі без дазволу ўладаў. У спіс увайшлі 190 прадпрыемстваў, адпаведная пастанова была змешчаная на Нацыянальным прававым партале. Гэта рэакцыя на намер многіх замежных кампаній сысці з Беларусі. У прыватнасці, такі намер выказвалі «Лідскае піва» і «Хенкель».
У пералік патрапіў бізнес, які належыць асобам з замежных дзяржаў, «якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб». Акцыі гэтых кампаній блакуюцца на рахунках «дэпо» іх уладальнікаў на падставе прадпісання Міністэрства фінансаў аб накладанні абмежаванняў па распараджэнні каштоўнымі паперамі.
У спісе — 190 прадпрыемстваў. Напрыклад, у яго ўвайшлі:
Беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства ЗАТ «Юнісон», доля ў якім належыць J&W Sanderson Limited (Вялікабрытаніяі);
ЗАТ «Еўраопт», доля якога належыць ТАА «Еўрагандаль» (Беларусь), інвестарам якой у сваю чаргу з'яўляецца публічная кампанія з абмежаванай адказнасцю «Еўрагандаль Холдынг» (Кіпр);
ЗТАА «Дана Астра», уласнікам 99% акцый якой з'яўляецца ТАА Triworst Limited (Кіпр);
ЗТАА «ЛУКОЙЛ Беларусія», доля якога належыць «ЛУКОЙЛ Інтэрнэшнл ГмбХ» (Аўстрыя);
ААТ «Лідскае піва», 96,4% акцый якога належаць ААТ Olvi (Фінляндыя).
ЗТАА EPAM Systems, інвестар — EPAM Systems Cyprus Limited (Кіпр) і іншыя.
Таксама ў спісе «Спартак», «Камунарка», «Хенкель Баўтэхнік», «Рэмондзіс Мінск», «Аквадыў», «Гейм Стрым», «Гарсія», «Цэйс-БелОма», «Лідсельмаш» ды іншыя.
Гэтая пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Каментары