Польшча пачне прымаць заявы беларусаў на гуманітарныя дазволы на жыхарства з 8 ліпеня
Ваяводскія ўправы ў Польшчы пачнуць прыём заяў на выдачу дазволаў на жыхарства па гуманітарных прычынах з 8 ліпеня, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай са спасылкай на МУС краіны.
З 1 жніўня чакаецца пачатак выдачы гуманітарных візаў у Варшаве для беларусаў, якія прыбылі з Украіны без віз, з верасня — у Беластоку, Любліне і Познані. Абмяркоўваліся і праблемы з запісам на візы ў Беларусі.
Перад гэтым, пасля аднаго з апошніх візітаў Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў яе Офіса і Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, пры МУС краіны была створана спецыяльная працоўная група. Па выніках яе працы былі распрацаваныя і ўнесеныя папраўкі ў заканадаўства Польшчы, якія прадугледжваюць выдачу беларусам дазволаў на жыхарства па гуманітарных прычынах, а таксама выдачу гуманітарных візаў непасрэдна на тэрыторыі краіны беларусам, вымушаных перамясціцца ў Польшчу з Украіны з-за вайны.
Каментары