«Беларусбанк» істотна падняў камісію за некаторыя пераводы з-за мяжы
«Беларусбанк» з 4 ліпеня павысіў да 15% камісію за безнаяўныя пераводы на рахункі фізічных асоб з-за мяжы з выкарыстаннем карткі або яе рэквізітаў, то-бок «з карткі на картку». Гаворка ў тым ліку пра пераводы па Visa Direct, Mastercard MoneySend, Белкарт/Мір. Раней збор складаў 1% ад сумы, піша «Зеркало».
Новаўвядзенне тычыцца залічэння па пераводах па рэквізітах карткі, але не рахунка, удакладнілі ў кантакт-цэнтры «Беларусбанка». Што тычыцца безнаяўных пераводаў з-за мяжы на рахунак з выкарыстаннем карткі, то банк спаганяе камісію ў 2% ад сумы (калі рахунак адкрыты ў нацвалюце) або 1,5% ад сумы, калі рахункі ў валюце (у абодвух выпадках максімальная сума збору — 500 рублёў).
«Залічэнне грашовых сродкаў, якія паступілі ў выпадку ажыццяўлення пераводу з канверсіяй або з купляй замежнай валюты, ажыццяўляецца з прымяненнем абменных курсаў аперацыйнай службы ўстановы банка, устаноўленых для правядзення аперацый за безнаяўны разлік на дату і час залічэння грашовых сродкаў на рахунак кліента» — удакладнілі ў кантакт-цэнтры банка.
Каментары