«Пакараць тых, хто не «выпраўляецца». Вязняў не выпускаюць на волю, выстаўляючы новыя абвінавачванні — наколькі гэта масавая з'ява?
«Мусіў выйсці на волю, але ўзялі пад варту па новай справе», «сканчваўся тэрмін, а цяпер судзяць зноў за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі». То і справа з’яўляюцца такія навіны пра чарговыя драматычныя павароты ў жыцці асуджаных пасля пратэстаў 2020 года. Наколькі распаўсюджаная цяпер практыка паўторных прысудаў?
«13 спраў у межах 411-га артыкула за апошні час»
У чаканні хуткага вызвалення ўсё большай колькасці зняволеных прыносяць дрэнную навіну: вам выстаўлена новае абвінавачванне. Шокам для многіх стала сітуацыя з Кацярынай Андрэевай, што мусіла выйсці на свабоду восенню, але яе абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Асуджаны да двух гадоў калоніі фігурант справы пяцёркі, якая пашкодзіла машыну супрацоўніка Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандра Гейца, Арцём Анішчук мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, але яго зноў узялі пад варту па крымінальнай справе за «абразу міліцыянта» ў закрытым тэлеграм-чаце ў верасні 2020 года.
Актывістка з Пружан Алена Гнаўк першапачаткова была асуджаная па справе «хараводаў» на абмежаванне волі без накіравання, але ціск на яе не спыніўся. Падчас хатняй «хіміі» пенсіянерку затрымлівалі на суткі. А 17 чэрвеня жанчыну асудзілі да 3,5 года калоніі (артыкул 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта, артыкул 369-1 — дыскрэдытацыя Беларусі). І гэта толькі некалькі такіх выпадкаў.
«Такія пакаранні зверху адбываюцца ў розных фарматах: часам гэта новыя эпізоды, новыя крымінальныя справы, а часам — асуджэнне нібыта за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы (411 артыкул КК)», — расказвае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.
За апошні час, па ацэнках праваабаронцаў, было ўзбуджана ці ўжо разгледжана 13 спраў у межах 411-га артыкула (і гэта толькі тое, пра што стала вядома ад саміх зняволеных ці сваякоў).
Першай жанчынай-палітзняволенай, асуджанай пасля пратэстаў 2020-га па артыкуле 411, стала, напрыклад, актывістка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк.
Артыкул 411 Крымінальнага кодэкса ўвесь час крытыкаваўся праваабаронцамі, бо прымяняецца ён дастаткова адвольна, часам проста, каб пакараць асабліва «свавольных» зняволеных, тых, хто на погляд назіральнікаў, не «выпраўляецца».
«Гэта чыста тэхнічная задача: накласці некалькі спагнанняў, адправіць чалавека ў памяшканне камернага тыпу, пасля гэтага дачакацца ці справакаваць новае парушэнне і асудзіць, у залежнасці ад цяжкасці папярэдняга прысуду, на тэрмін да года ці двух год.
Каб цябе пакаралі, дастаткова часам быць нязгодным з сітуацыяй, якая мае месца ў турме: калі там, напрыклад, ёсць падзяленні на касты, падтрымліваюцца рознага кшталту нефармальныя прынцыпы і забароны, зняволенага спрабуюць зламаць, прымусіць да нейкіх паводзінаў (стукаць на таварышаў, напрыклад)», — удакладняе Павел Сапелка.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што для запуску пакаральнага механізму дастаткова зусім фармальнага парушэння, невыканання нейкага распараджэння адміністрацыі: напрыклад, асуджаны быў заўважаны за тым, што ў нейкі момант не трымаў рукі за спінай ці, на погляд адміністрацыі, павысіў голас (за гэта, як стала вядома на днях, Віктар Бабарыка правёў у ШІЗА 10 сутак).
«Праблема ў тым, што няма нейкіх правіл. Усё — на меркаванне адміністрацыі, — заўважае праваабаронца. — Ахвярамі такога стаўлення становяцца абсалютна розныя людзі з рознымі артыкуламі, з розных месцаў адбывання пакарання, тут нельга вызначыць нейкую тэндэнцыю».
«У 2012 годзе ў непадпарадкаванні адміністрацыі выпраўленчай установы абвінавацілі Дашкевіча, у 2014-м — Дзядка»
Артыкул 411 — не навінка пенітэнцыярнай сістэмы. У 2012 годзе ў непадпарадкаванні адміністрацыі выпраўленчай установы абвінавацілі Змітра Дашкевіча, у 2014-м — Міколу Дзядка. Абодвум актывістам «выпісалі» зверху па году зняволення.
«Адзінае, дзе не спрацаваў інструмент з 411-м артыкулам (не ведаю, па якой прычыне — спадзяюся, таму што суд падышоў да справы аб’ектыўна) — гэта крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі (экс-кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформа Інавэйшн». — НН), які ўтрымліваўся спачатку ў калоніі, пасля ў турме, будучы асуджаным за хуліганства.
Яго адміністрацыя пераследавала ў сувязі з тым, што ён быў праваабаронцам і літаральна пад самы канец тэрміну яму выставілі новае абвінавачванне і направілі ў суд справу па 411-м артыкуле. Але Бандарэнка быў у выніку апраўданы», — згадвае Павел Сапелка.
«У выпадку з палітзняволенымі мы бачым, што ніякіх умоўна-датэрміновых інстытутаў не працуе»
Працягненне ўтрымання за кратамі і вынаходніцтвы спосабаў яго працягнуць — адзін са шматлікіх дадатковых інструментаў ціску на зняволеных.
«З часоў сваёй адвакацкай практыкі я памятаю гэтыя моманты: вось скончыўся судовы працэс і разгляд справы, ты сядзіш з падабаронным і пачынаеш паціху лічыць: «Так, мы вось з такім вынікам, ёсць тэрмін пазбаўлення волі, але вось ёсць рознага кшталту магчымасці раней, чым вызначана судом, выйсці на волю: умоўна-датэрміновая замена пакарання на менш цяжкае, умоўна-датэрміновае вызваленне. І атрымлівалася так, што мала хто з асуджаных па шэраговых справах на старце разлічваў цалкам адбыць свой тэрмін — усе спадзяваліся, што пры нармальных паводзінах яны выйдуць на свабоду куды раней.
Але ў выпадку з палітзняволенымі мы бачым вельмі ярка, што ніякіх умоўна-датэрміновых інстытутаў пакуль не працуе, не працуюць звычайныя формы скарачэння тэрмінаў, і гэта сапраўды інструмент ціску».
Каментары