У Японіі прадалі адну вішаньку за 300 даляраў. Як такое магчыма?
На аўкцыёне ў Японіі прадалі адну ягаду вішні за 300 даляраў у эквіваленце. Гэты дзіўны выпадак зноў пацвярджае статус Японіі як краіны, дзе абуральна завышаюць цэны на садавіну.
У горадзе Хацінохэ, што на поўначы Японіі, нядаўна прадалі каробку з 15 ягадамі вішні за 600 тысяч іен (крыху больш за 4400 даляраў). Кошт адной ягады, такім чынам, склаў амаль 300 даляраў, піша The Times.
Каштоўныя вішні належаць да сорту Juno Heart і да тыпу Aomori Heartbeat. Такія ягады надзвычайна салодкія, а іх шырыня складае не менш за 3,1 сантыметра.
Ягады купіў гандляр садавіны з прэфектуры Ціба каля Токіа, які ў мінулым годзе заплаціў за аналагічны набор каля 3300 даляраў. Летам у японскай бізнэс-сферы прынята абменьвацца падарункамі (напоі, салодкае, садавіна), і чым даражэйшы падарунак, тым лепш. Чакаецца, што вішні могуць набыць для гэтай мэты.
Іншыя з такіх каштоўных падарункаў — кубавідныя кавуны з японскай прэфектуры Кагава, кожны з якіх каштуе не менш за 70 даляраў. Каб кавуны атрымалі належную форму, іх вырошчваюць у скрынях і збіраюць, калі кавуны яшчэ недаспелі. Нягледзячы на высокі кошт, гэтыя кавуны непрыдатныя для ежы, і часцей за ўсё іх выкарыстоўваюць як упрыгажэнне.
Але ж сапраўдны кароль сярод дарагой японскай садавіны — гэта дыня юбары з паўночнага вострава Хакайда. Звычайна іх прадаюць па цане каля 60 даляраў за дзве дыні, але ў пачатку года цэны ўзлятаюць. На першым аўкцыёне года ўдзельнікі таргоў плацяць так званыя «віншавальныя цэны», якія нібыта павінны прынесці ім удачу, а заадно і бясплатна прарэкламіраваць фірму, якая заплаціць больш за астатнія.
Што да дынь юбары, то самыя высокія цэны на іх зафіксавалі ў 2019 годзе. Тады за дзве дыні пакупнік аддаў больш чым 36,5 тысяч даляраў.
Каментары