Мінтранс: Мы хочам аднавіць чыгуначнае спалучэнне з Польшчай, Літвой і Латвіяй, але не можам
Беларусь зацікаўленая ў аднаўленні пасажырскіх чыгуначных зносін з Літвой, Латвіяй і Польшчай, якое было прыпынена ў сакавіку 2020 года ў сувязі з пандэміяй, але гэтыя краіны не ідуць насустрач, паведаміла Міністэрства транспарту і камунікацый.
«З паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі і адменай абмежаванняў на перамяшчэнне грамадзян Беларусь неаднаразова прапаноўвала аднавіць міжнародныя пасажырскія перавозкі, але безвынікова», — паведамляе міністэрства.
Мінтранс адзначае, што да пандэміі на перавозкі з Літвой, Латвіяй і Польшчай прыпадала каля 20% усіх міжнародных пасажырскіх перавозак Беларусі. У 2019 годзе аб'ём перавезеных па чыгунцы пасажыраў у спалучэнні з Літвой дасягаў 380 тысяч чалавек, з Польшчай — 225 тысяч, Латвіяй — 20 тысяч.
Цяпер жа з Мінска да Вільні, Варшавы і Рыгі можна дабрацца аўтобусам, і пасажырапаток па гэтых напрамках пастаянна павялічваецца. Таксама Міністэрства адзначае, што пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму для жыхароў Літвы і Латвіі расце запыт на спалучэнне з Беларуссю з боку жыхароў Еўрасаюза.
Каментары