«Вашы рукі ва ўкраінскай крыві». Чарговая хваля хэйту ад украінцаў узарвала байнэт
Сёння на вайне нерваў і эмоцый — чарговы выбух. Новае паведамленне ад ананімных украінцаў беларусам узарвала байнэт. Нагодаю стаў допіс на чырвона-зялёным фоне, дзе напісана, што беларусы «кату прадаліся», што Беларусь «нізка ўпала ў вачах» украінцаў, а рукі беларусаў «ва ўкраінскай крыві».
«Насельніцтва, якое цяпер моўчкі глядзіць, як ад іх імя бамбяць Украіну, — гэта статак, у якога рукі ў крыві. Хай кветак падораць сваім мянтам і на лавачкі ў шкарпэтках устануць у знак пратэсту», — падобнае пасля пачатку вайны пачуў шмат хто з беларусаў ад знаёмых і незнаёмых украінцаў.
Шмат хто з беларусаў не стрымаўся і адказаў на гэтыя абвінавачванні. Сабралі з сацсетак некаторыя выказванні.
У людзей апускаюцца рукі праз такое стаўленне
«На пачатку вайны хваля праведнага гневу ў дачыненні да Беларусі — краіны саагрэсара была цалкам зразумелая і відавочная.
Чаму яна тычылася беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне і тым больш уцекачоў ад пераследу на радзіме — не зусім зразумела, відавочна, несправядліва, але можна патлумачыць эмоцыямі.
Мне здавалася, што праз чатыры месяцы вайны, антываенныя пратэсты ў Мінску з тысячамі арыштаваных, рэйкавых партызан з прастрэленымі каленямі, тысячы людзей, затрыманых за антываенныя выказванні ў інтэрнэце і фатаграфаванне расійскай вайсковай тэхнікі, добраахвотніцкіх батальёнаў, якія ваююць на баку Украіны, дзясяткі тон гуманітарных грузаў, амуніцыі і абсталявання, тысяч і тысяч беларускіх валанцёраў і структур дапамогі, можна было б ужо зразумець, хто вораг, а хто сябар.
Але не. Да гэтага часу, беларусы ва Украіне сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце, у большасці заблакаваныя банкаўскія рахункі, нумары тэлефонаў, магчымасць працягнення легальнага статусу знаходжання. Кагосьці не пускаюць ва Украіну, кагосьці дэпартуюць і ставяць штамп з забаронай на ўезд. Ворагі і здраднікі ў вас сярод украінцаў ужо, напэўна, скончыліся, праўда?
І я хачу вам сказаць, дарагія ўкраінцы. Што ўсімі гэтымі дзеяннямі вы робіце сабе толькі горш, метадычна адбіваючы жаданне дапамагаць.
Я ведаю некалькі вельмі добрых людзей, у якіх апусціліся рукі і яны перасталі дапамагаць, бачачы такое стаўленне.
Я хачу нагадаць вам, што пасля пратэстаў 2020 у Беларусі па палітычных прычынах сядзіць каля 5 тысяч чалавек, дзясяткі забітых, дзясяткі тысяч якія прайшлі праз турмы і катаванні, сотні тысяч вымушаныя былі з'ехаць.
Больш за 80% беларусаў супраць вайны, але мала што могуць змяніць проста цяпер, таму што краіна фактычна знаходзіцца пад акупацыяй.
Нам вельмі баліць усё тое, што адбываецца ва Украіне, але адкрыты пратэст у такіх умовах раўнасільны самагубству або турме.
Паміж намі старанна спрабуюць убіць клін і пасварыць, але нам вельмі важна не паддавацца і разам змагацца, таму што вораг у нас агульны», — напісаў актывіст Андрэй Ткачоў.
Трэба глядзець на ўсё праз нацыянальныя інтарэсы
«Украіну трэба падтрымаць, бо яе перамога дае шанец і нам, а параза зацэментуе статус кво на дзесяцігоддзі.
Але трэба памятаць, што гэта робіцца не ва ўкраінскім, а ў беларускім нацыянальным інтарэсе. І ўсё, што мы робім, мае рабіцца для Беларусі.
І калі ад нас патрабуюць спыніць бамбардзіроўшчыкі з Мачулішчаў — нагадваць, што чамусьці патрабавання спыняць ракеты з Херсона Кіеў тамтэйшым жыхарам не выстаўляе.
І таксама трэба памятаць, што калі з таго боку ў наш ляціць нянавісць у выглядзе лозунгаў, не трэба маўчаць і абцірацца. Беларусы робяць больш чым дастаткова, каб такое стаўленне не мела права мець месца», — напісаў Аляксей Лявончык, сузаснавальнік і кіраўнік BY_help.
Калі гэта трэба некаму тлумачыць, то тлумачыць не трэба
«Зашмат эмоцый. А там, дзе эмоцыі, як правіла мала сэнсу і розуму.
Не бывае ніякіх брацкіх народаў, сябры. Даўно ўжо час гэта зразумець. Усе мы пераважна супраць вайны, і ведаем, хто яе распачаў, а хто з усіх сілаў спрабуе сябе абараніць. Вялікая колькасць беларусаў ужо цяпер ваюе за Украіну, шматкроць большая дапамагае ўкраінцам іншым чынам.
І не таму, што яны нам браты ды сёстры, а бо ўсё ясна і без роднасных сувязяў. Калі гэта трэба некаму тлумачыць, то тлумачыць не трэба.
Нам самім варта рабіць цяпер найперш тры рэчы. Паклапаціцца пра палітвязняў і іх родных, вывучыць беларускую і берагчы сябе.
Падаецца, што наперадзе яшчэ шмат усяго нядобрага», — піша журналіст Алесь Пілецкі.
З пагаршэннем адносін з украінскімі сябрамі сутыкнуліся і іншыя беларусы.
«Мне таксама прыляцела ад знаёмай украінкі, што мы ніхера не робім і г.д., аж на нервы падняла.
Ну ў мяне адказ заўсёды адзін: ці шмат яна пыталася і цікавілася маімі справамі за гэтыя два гады і наогул ці разумее, што тут адбываецца», — распавяла ў сацсетках адна з беларусак.
Каментары