VIP-група і прэтэнзіі да ЦТ: Лукашэнка рыхтуецца адправіць Колю на біяфак БДУ?
Мікалай Лукашэнка скончыў школу. Гэта значыць, цяпер яго чакае вучоба ў ВНУ. Выглядае, што гэтым пытаннем якраз і заняўся Аляксандр Лукашэнка. На сённяшняй нарадзе, куды паклікалі міністраў аховы здароўя і адукацыі, а таксама адміністрацыю БДУ, Лукашэнка загаварыў пра стварэнне групы на біяфаку, дзе будуць вучыцца «адабраныя, лепшыя хлопцы».
Скончыў школу, якую — сакрэт
Мікалай Лукашэнка 9 класаў вучыўся ў вясковай школе Астрашыцкага гарадка. Паказваў добрыя вынікі на алімпіядах па хіміі: у 2020 годзе на раённым этапе ён заняў першае месца, на абласным — дыплом трэцяй ступені (значыць, заняў месца недзе з 6 па 10).
У тым жа годзе ён паступіў у Ліцэй БДУ на біялагічны профіль, але пазней з’явілася інфармацыя, што на фоне пратэстаў ён забраў дакументы. Хадзілі чуткі, што юнак будзе вучыцца ў Маскве альбо дыстанцыйна, але дакладнай інфармацыі так і не з’явілася.
Пасля лукашэнкаўская прэс-служба нярэдка паказвала хлопца: Мікалай з’яўляўся на фота і відэа разам з бацькам, бегаў з аўтаматам, сядзеў у сітуацыйным цэнтры, лётаў на верталёце падчас маршаў.
Але дзе вучыўся Мікалай у апошні год, ніколі не паведамлялася. Толькі цяпер дзяржсмі коратка паведамілі, што Мікалай скончыў школу, не ўдакладняючы якую. Але, выглядае, што яму ўручылі беларускі залаты медаль — скрыню з узнагародай перадаў Мікалаю міністр адукацыі Іванец.
Хімік, біёлаг, медык?
Даўно было вядома, што будучая прафесія малодшага сына Лукашэнкі будзе звязаная альбо з медыцынай, альбо з біялогіяй ці хіміяй.
Нярэдка меркавалася, што Мікалай Лукашэнка можа пайсці ў медыцыну. На карысць такой версіі казала тое, што ў СМІ маці Мікалая называлі медыка Ірыну Абельскую. Абельская — былы асабісты доктар Аляксандра Лукашэнкі, працуе галоўным доктарам Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Ірына Абельская. Фота: Tut.by
У 2016 годзе ў інтэрв’ю Tut.by, адказваючы на абцякальнае пытанне пра будучыню малодшага сына, Абельская казала:
«А якую прафесію абярэ мой малодшы сын … Я б проста хацела, каб ён атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафесію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненне і прыносіў карысць і радасць іншым».
Медыкам стаў і Дзмітрый, старэйшы сын Абельскай. Ён афтальмолаг, кандыдат медыцынскіх навук. Працуе ў цэнтры мікрахірургіі вока «Вока». Спецыялізуецца на лазерных рэфракцыйных аперацыях.
А ў пачатку 2022 года Лукашэнка даў вялікае інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Салаўёву, дзе пахваліўся ведамі малодшага сына:
«Мы цяпер з Пуціным абмяркоўваем, бо ён [Мікалай] на вачах у нас вырас, ён біёлаг і хімік. Ніхто не скажа, што Лукашэнка яго там цягне за нешта, і спецыялісты, якія яго тэстуюць, часта (я прашу Акадэмію навук), кажуць, што ён ужо ВНУ скончыў, яму няма чаго рабіць у ВНУ. Па біялогіі, ты ўяўляеш!»
Школа «скрозь Колю»: ранні пад’ём, чарвякі і матэматыка
Даўняе назіранне — праз вучобу малодшага сына Аляксандр Лукашэнка сочыць за беларускай школьнай адукацыяй і перыядычна накідваецца то на школьную праграму, то на арганізацыю навучання.
У 2017 годзе ён запатрабаваў пачынаць урокі на гадзіну пазней:
«Учора ў сына было сем урокаў, кожны дзень дзіця прачынаецца ў палову сёмай. У гэтым пытанні неабходна разабрацца і пачынаць вучобу ў школе ў 9 гадзін раніцы (а не ў 8, як было. — «НН») і не глядзець на тое, што многім бацькам трэба раней на працу».
У 2019 годзе Лукашэнка абураўся тым, што ў школе надта шмат матэматыкі:
«Давайце казаць адкрыта, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё трэба ў краіне матэматыкаў. Паняцці ў матэматыцы павінны быць, таму што мы ў жыцці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэба менш за ўсё».
Тады ж Лукашэнка раскрытыкаваў і адзін з любімых прадметаў Мікалая. На ўроках біялогіі, абурыўся Лукашэнка, надта ўвагі надаюць чарвякам:
«Я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, паўкурса — чарвякі! Будова, жыццядзейнасць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразітам. Ну адкажыце мне на гэтае пытанне. Добра, для прасунутых хай будзе. Так, трэба ведаць пра гэту істоту, але навошта яго скурпулёзна вывучаць?»
Тады Мікалай якраз быў у восьмым класе школы.
Зараз хлопец школу скончыў, будзе паступаць ў ВНУ — адпаведна, у бліжэйшыя гады варта чакаць пільнай увагі Лукашэнкі да беларускіх універсітэтаў, іх праграмы, правілаў, парадкаў. А дзе ўвага — там і абурэнне, і крытыка.
Першы званочак — нечаканая нарада, прысвечаная цэнтралізаванаму тэставанню. Мікалаю ж ЦТ здаваць фактычна на днях.
Ад чаго Лукашэнка спаць не можа
16 чэрвеня Лукашэнка раптоўна сабраў нараду, куды запрасілі міністраў аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, міністра адукацыі Андрэя Іванца, а таксама рэктара БДУ Андрэя Караля і дэкана біялагічнага факультэта БДУ Вадзіма Дзямідчыка.
Абмяркоўвалі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, «уступную кампанію, трэнды ЦТ і адбор таленавітых хлопцаў, якія займаліся б біялагічнай навукай».
Лукашэнка выслухаў даклад аб інтэграцыі медыцыны і біялогіі. І паскардзіўся на цэнтралізаванае тэставанне:
«Мяне гэтая праблема пастаянна хвалюе. Шчыра кажучы, я спаць не магу з-за гэтага ЦТ, наколькі яно адпавядае таму ўзроўню, што нам патрэбны пры адборы найлепшых у ВНУ. Шчыра скажу, вельмі пакуль я крытычна стаўлюся да гэтай арганізацыі ўступных выпрабаванняў нашых маладых людзей. Але і ў ЦТ, мы бачым гэта, ёсць вельмі шмат станоўчага. Вось што рабіць на сёння? Гэта апошні год, калі мы павінны даць адказ на гэтае пытанне».
Таксама Лукашэнка растлумачыў, чаму запрасіў рэктара БДУ і дэкана біялагічнага факультэта:
«Мы паспрабавалі (вы таксама займаліся гэтым спецыфічным метадам, не будзем пакуль пазначаць гэта) адабраць хлопцаў самых лепшых для таго, каб яны маглі займацца адпаведнымі навукамі. Перш за ўсё біялагічнымі, звязанымі з аховай здароўя, навукай, іншымі распрацоўкамі.
Мы паспрабавалі іншыя метады. Натуральна, гэта невялікая колькасць людзей. І я перакананы, што там адабраны лепшыя.
Таму што ўсё-такі да адбору бралі тых, хто на алімпіядах ўжо перамагаў. Гэта хлопцы ўжо прасунутыя. Іх галоўнае не страціць для краіны. Але вось ужо сутыкнуліся з першым вопытам».
VIP-студэнт і фокус на ВНУ
Якія высновы можна зрабіць з усяго гэтага?
Па-першае, цікавасць Лукашэнкі да беларускай школьнай адукацыі цяпер зменшыцца, калі не знікне ўвогуле.
А вось універсітэтам і інстытутам — падрыхтавацца.
Другое. Лукашэнка, падобна, ўпершыню сапраўды глыбока сутыкнуўся з тым, што такое беларускае ЦТ — і яму не спадабалася. Таму цяпер ён загадаў прыдумаць нейкі канчатковы фармат выпускных экзаменаў, каб у наступным годзе яго прэзентаваць. Больш вяртацца да гэтай тэмы Лукашэнка не збіраецца. Але з выпускам Мікалая новы фармат экзаменаў ужо не будзе настолькі цікавы Лукашэнку, таму будучым абітурыентам прыйдзецца доўгі час жыць з тым, што прыдумаюць цяпер.
Па-трэцяе, выглядае, што Мікалай Лукашэнка будзе вучыцца ў БДУ, на біялагічным факультэце. Спецыяльнасць невядомая, але гэта будзе звязана з біялогіяй і медыцынай. Магчыма гэта будзе нешта з трох спецыяльнасцяў: біяхімія, біятэхналогія, мікрабіялогія.
Апошні момант — адпусціць сына вучыцца ў агульную групу Лукашэнка ўсё ж баіцца. Ён неаднаразова нагадваў, што ў краіне яшчэ неспакойна, не ўсіх «здраднікаў» задавілі. Пра гэта сведчаць і бясконцыя штодзённыя затрыманні беларусаў.
Таму для Мікалая Лукашэнкі могуць стварыць нейкі VIP-фармат, невялікую групу тых «хлопцаў самых лепшых», пра якіх казаў яго бацька, сярод якіх юнак будзе спакойна і ў бяспецы «займацца адпаведнымі навукамі».
P.S. Канал «МатолькоПомогі» паведамляе, што ў БДУ праводзяць тэрміновы рамонт памяшканняў, абнаўляюць праграмы і метадычныя дапаможнікі.
«Акрамя таго, спецыяльна пад Мікалая, у супрацоўніцтве з кітайскім універсітэтам адкрылі новую спецыяльнасць. Размова ідзе аб вывучэнні біятэхналогій па кітайскай праграме, — піша канал. — Яго група будзе да 10 чалавек, а ў кастынгу аднагрупнікаў прымала ўдзел нават галоўны доктар Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірына Абельская і міністр адукацыі РБ Андрэй Іванец. Зразумела, па словах крыніц, быў кастынг і выкладчыкаў».
Каментары