Улады самаабвешчанай «ДНР» кажуць пра абстрэлы Данецка і клічуць на дапамогу Маскву
Нешта адбываецца на тэрыторыях украінскага Данбаса, акупаваных Расіяй яшчэ ў 2014—2015 гадах. Кіраўнікі самаабвешчанай «ДНР» паведамляюць пра абстрэлы Данецка і клічуць на дапамогу Расію.
Пра інтэнсіўныя абстрэлы Данецка ўкраінскімі войскамі «дэнээраўцы» сталі паведамляць пасля 18-й гадзіны. Паводле іх, украінцы выпусцілі па гораду дзясяткі і сотні ракет і цяжкіх снарадаў. Адна з ракет нібыта патрапіла ў гарадскі рынак «Майскі», ёсць загінулыя і параненыя. Праходзіла інфармацыя таксама, што нібыта снарад патрапіў у радзільню, дзе разбураны дах і павыбіваныя шыбы.
Кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін выступіў з відэазваротам, у якім заявіў, што з-за гэтага будуць задзейнічаныя «ўсе неабходныя дадатковыя сілы саюзніцкіх сіл, у першую чаргу Расійскай Федэрацыі».
Украінскія ўлады «абстрэлы Данецка» ніяк не каментуюць.
Нагадаем, што падобная сітуацыя была перад пачаткам вайны, калі спачатку прызнанне «ДНР» і «ЛНР», а пасля і пачатак паўнамаштабных баявых дзеянняў з боку Расіі суправаджалася шумнай інфармацыйнай кампаніяй: паведамленнямі пра абстрэлы самаабвешчаных рэспублік і дыверсійныя акты, эвакуацыяй насельніцтва і г. д.
Цалкам верагодна, што і цяпер пад гэты шум Расія хоча распачаць нейкую новую эскалацыю, прыкрываючыся неабходнасцю абароны «народа Данбаса».
Каментары