ЕС цішком прыбраў з 6-га пакета санкцый супраць Расіі забарону на доступ да еўрапейскіх хмарных сэрвісаў
Тое, што ў новай рэдакцыі, размешчанай у Інтэрнэце, ёсць пэўныя адрозненні ад папярэдняй, заўважыў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
Падаляк напісаў у Твітары:
«Спачатку Рада ЕС абвяшчае пра блакаванне для Расіі хмарных сэрвісаў Еўрасаюза ў шостым пакеце санкцый. Затым Рада рэдагуе паведамленні, выдаліўшы адтуль згадкі пра хмарныя тэхналогіі. Ніякіх удакладненняў або тлумачэнняў ад афіцыйных асоб. Мы павінны ўзмацняць санкцыйны ціск. Не паслабляць».
Звесткі вэб-архіва пацвярджаюць, што прэс-рэліз сапраўды мяняўся. 3 чэрвеня, калі дакумент быў апублікаваны, у ім была згадка пра забарону надання Расіі хмарных сэрвісаў. Цяпер згадкі «а таксама хмарныя сэрвісы» там няма.
Каментары