Руская праваслаўная царква заявіла аб пераходзе крымскіх епархій Украінскай праваслаўнай царквы пад кіраванне Маскоўскага патрыярхату. На анексаваным Расіяй паўвостраве створаная новая мітраполія. Рашэнне прыняў Сінод РПЦ.
У дакументах Сінода гаворыцца, што гэта зроблена ў адказ на зварот крымскіх епіскапаў для «захавання дзейснай сувязі з цэнтральнай царкоўнай уладай» і ў сувязі з немагчымасцю іх рэгулярных зносін з Украінскай праваслаўнай царквой.
Епіскапы Украінскай праваслаўнай царквы ў Крыме звярнуліся з просьбай прыняць іх у патрыярхат пасля таго, як УПЦ заявіла аб незалежнасці ад РПЦ. З пункту гледжання Масквы, Украінская царква ўваходзіць у РПЦ на правах самакіравання.
На чале Крымскай мітраполіі паставілі 83-гадовага мітрапаліта Лазара (Швяца). Ён нарадзіўся на Валыні, пасвечаны ў святары і епіскапы ў Кіеве, узначальваў парафіі ў Паўднёвай Амерыцы, Цярнопальскай вобласці, Адэсе і Херсоне і ў Сімферопалі.
Крымскія прыходы УПЦ знаходзіліся ў фармальным падпарадкаванні Кіеву ўвесь час пасля анексіі паўвострава ў 2014 годзе. УПЦ перападпарадкаванне крымскіх епархій не каментавала.
Каментары