Прэзідэнт Літвы: Збожжа з Украіны не можа ісці праз Беларусь, гэта проста небяспечна
Збожжа з Украіны не можа транспартавацца ў балтыйскія парты праз Беларусь, бо раней пашкоджаныя, але з гэтай мэтай адрамантаваныя чыгункі на ўкраінска-беларускай мяжы могуць паслужыць для новых ваенных удараў, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
«Давайце спачатку паглядзім з пазіцыі Украіны. Хочуць сказаць, што трэба прывесці ў парадак усю інфраструктуру, трэба прывесці ў парадак рух, каб збожжа рухалася з тэрыторыі Украіны праз Беларусь у краіны Балтыі.
Але ці не здарыцца так, што па гэтай наладжанай інфраструктуры на нейкім этапе вайны пачне рухацца вайсковая тэхніка ў зваротным кірунку? Ім варта вельмі асцярожна ацэньваць такую перспектыву», — заявіў у панядзелак журналістам Наўседа.
Па словах літоўскага прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію, а значыць, пра перавозку грузаў праз гэтую краіну не можа быць і гаворкі.
«На мой погляд, апошнім часам сітуацыя толькі пагоршылася, і Лукашэнка паказаў, што ён у адной лодцы з Уладзімірам Пуціным у гэтай гнюснай агрэсіі. Маё меркаванне і ацэнка не мяняюцца — трэба шукаць іншыя альтэрнатывы», — сказаў Наўседа.
Ён не бачыць магчымасці аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву — такую ўмову для перавозкі ўкраінскага збожжа праз Беларусь вылучае Лукашэнка.
«Еўрапейскі Саюз увёў вельмі выразныя санкцыі ў дачыненні да угнаенняў, Літва паўтарыла гэтыя санкцыі,
і што — давайце закрыем вочы і скажам, што Лукашэнка раптам стаў значна больш прымальным лідарам ці зрабіў нешта добрае, таму мы павінны адмяніць гэтыя санкцыі?», — сказаў Науседа.
Каментары