Беларускага палітуцекача, якога судзілі за нелегальны пераход мяжы, апраўдаў польскі суд
Суд у Бяла-Падлясцы спыніў крымінальны пераслед у дачыненні да беларуса Віталя. Мужчыну далі палітычны прытулак у Польшчы, раней яго абвінавачвалі ў незаконным перасячэнні беларуска-польскай мяжы, піша mostmedia.io.
3 чэрвеня суд у Бяла-Падлясцы абвясціў прысуд па справе аб беларускім бежанцы, які незаконна перасёк беларуска-польскую мяжу, уцякаючы ад пераследу рэжыму Лукашэнкі.
Суд спаслаўся на Жэнеўскую канвенцыю, якая забараняе пераслед уцекачоў за незаконнае перасячэнне мяжы. Ён таксама спыніў крымінальную справу ў дачыненні да двух грамадзян Польшчы, якія везлі Віталя ў сваім аўтамабілі ад мяжы.
Бежанец Віталь родам з Брэста, працаваў індывідуальным прадпрымальнікам. Удзельнічаў у пратэстах пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Мужчыну папярэдзілі, што яго затрымаюць сілавікі. Ён хаваўся каля пяці месяцаў у Беларусі, але ў сакавіку 2021 года вырашыў бегчы ў Польшчу.
Паколькі ў яго не было пашпарта, то ён мусіў пераходзіць мяжу нелегальна. Таму прыйшлося пераплываць Буг, а не ісці праз памежны пункт. Мужчыну забралі ад мяжы знаёмыя палякі, але ў хуткім часе іх затрымалі польскія памежнікі, з чаго і пачаліся шматмесячныя прыгоды з судамі, якія цяпер скончыліся.
Каментары