Макрон анансаваў санкцыі супраць 80 расейскіх алігархаў. У спісах могуць таксама апынуцца Кабаева і патрыярх Кірыл
Еўрасаюз у рамках новага пакета санкцый падрыхтаваў меры супраць дзясяткаў расійскіх алігархаў, паведаміў у аўторак прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, піша The Moscow Times.
Шосты пакет, які ўключае эмбарга на расійскую нафту і адключэнне ад SWIFT Сбербанка, «надзвычай важны», заявіў Макрон, каментуючы вынікі двухдзённага саміта лідараў ЕЗ. «Ён дазваляе ўвесці санкцыі супраць 80 алігархаў», а таксама забараніць вяшчанне трох дзяржаўных тэлеканалаў, таму ўяўляе сабой новы этап стратэгіі еўрапейскіх краін у дачыненні да Расіі, падкрэсліў прэзідэнт Францыі.
Узгоднены ў ноч на аўторак пасля амаль месяца закулісных перамоваў санкцыйны пакет будзе канчаткова аформлены ў сераду або чацвер, заявіў кіраўнік Еўрарады Шарль Мішэль.
«Юрыдычная працэдура пачнецца заўтра», — сказаў ён, дадаўшы, што ўсе фармальнасці можа спатрэбіцца дзень ці два.
Крыніцы Bloomberg, знаёмыя з тэкстам дакумента, які ўзгаднілі лідэры ЕС, сцвярджаюць, што ў пералік персанальных санкцый ўключаная Аліна Кабаева, якую на Захадзе лічаць каханкай прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і маці некалькіх яго дзяцей.
Разам з дзясяткамі расійскіх вайскоўцаў, якім ставяць у віну злачынствы супраць мірных жыхароў Украіны, у «чорныя спісы» трапіў і патрыярх Кірыл, які падтрымаў уварванне, кажуць крыніцы Bloomberg. Усім ім пагражае забарона на ўезд у Еўрасаюз і замарозка актываў у еўрапейскіх краінах.
Па дадзеных на канец красавіка, у ЕЗ ужо была заблакаваная звязаная з Расіяй уласнасць на 35 млрд еўра, у тым ліку 23,5 млрд еўра ў Францыі, 10 млрд — у Бельгіі, 4, 2 млрд — у Даніі, 1,1 млрд — у Італіі, 0,9 млрд — у Ірландыі.
Прадметы мастацтва, раскошныя вілы і яхты — усё гэта апынулася пад кантролем еўрапейскіх уладаў, якім трэба будзе вырашыць, як выкарыстоўваць багацці, якія трымаліся расійскімі элітамі на Блакітным беразе ці паблізу італьянскіх азёр.
Цяпер Еўракамісія рыхтуе папраўкі ў заканадаўства, якія дадуць краінам-сяброўкам больш паўнамоцтваў для арышту актываў, атрыманых злачынным шляхам. Згодна з планам, краіны ЕС павінны стварыць офісы па вяртанні актываў, а таксама цэнтралізаваны рэестр з інфармацыяй аб арыштаванай, кіраванай і канфіскаванай маёмасці.
Каментары