Пад брэндам Мінскага трактарнага завода пачынаюць выпускаць глазураваныя сыркі і марозіва. Але купіць іх не так проста.
Днямі ў суполцы «Падслухана МТЗ» з'явіўся допіс з фотаздымкам глазураваных сыркоў у абгортцы з трактарам.
«Прадстаўляем вашай увазе сырок глазураваны BELARUS TRACTOR. Вось такая смачная і яркая калабарацыя з кампаніяй «Бабулін глечык». Ужо хутка — у гандлёвай сетцы нашага камбіната грамадскага харчавання», — пісалася ў паведамленні.
Пазней у сетцы з'явіліся здымкі з брэндаваным марозівам і нават відэа з канвеера.
Пад фірмовай абгорткай МТЗ будзе звычайнае марозіва з ванільным смакам, якое вырабляюць на прадпрыемстве «Бабушкіна крынка».
Набыць фірмовае марозіва і сыркі, прынамсі пакуль, можна будзе толькі ў буфетах і крамах грамадскага харчавання МТЗ. На прадпрыемстве мяркуюць, што ў продажы ласункі з'явяцца 27 мая. Выпуск прадукцыі прымеркаваны да 76-й гадавіны прадпрыемства.
Каментары