Самаабвешчаная Паўднёвая Асеція збіраецца праводзіць рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расіі. Але не факт, што правядзе
Дзеючы кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асеція Анатоль Бібілаў прызначыў рэферэндум па пытанні аб'яднання Паўднёвай Асеціі і Расіі на 17 ліпеня 2022 года. Адпаведны ўказ апублікаваны на ягоным сайце. Але нюанс у тым, што ў ліпені кіраўнік там будзе іншы.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_05/photo_2022-04-13_23-10-32-wkwoe.jpg.webp)
Бібілаў, які выступіў з ініцыятывай аб правядзенні рэферэндуму, у другім туры мясцовых прэзідэнцкіх выбараў прайграў апазіцыянеру Алану Гаглоеву. А апошні, у сваю чаргу, лічыць, што з рэферэндумам спяшацца не варта, прынамсі да заканчэння расійскай «спецыяльнай аперацыі».
«Мы павінны разумець свайго стратэгічнага партнёра. Як толькі будзе сігнал, як толькі будзе разуменне, што настаў час — гэты рэферэндум мы правядзем абавязкова», — сказаў ён у інтэрв'ю ТАСС.
У Крамлі таксама заявілі, што не маюць дачынення да ідэі правядзення рэферэндуму.
Паўднёвая Асеція абвясціла аб сваім суверэнітэце яшчэ за часамі СССР, у 1990 годзе. З таго часу большасць тэрыторыі гэтай колішняй аўтаномнай вобласці ў складзе Грузінскай ССР грузінская дзяржава не кантралявала, тэрыторыя існавала ў фармаце нікім не прызнанай самаабвешчанай дзяржавы. У 2008 годзе рэспубліка атрымала прызнанне Масквы. Ні Грузія, ні пераважная частка свету ніколі гэтага акту не прызнавалі.
Трэба сказаць, што ідэі аб аб'яднанні з Расіяй у Паўднёвай Асеціі ўзнікаюць рэгулярна. Пры розных кіраўніках у розныя часы выказваліся падобныя ініцыятывы і дэманстравалася поўная гатоўнасць да аб'яднання — але Масква ніколі не давала на гэта адмашку. І не факт, што дасць цяпер.
Каментары