Пракурор Віцебска даў паказанні на начальніка СК. Пад суд пайшлі абодва — рэдкая гісторыя
У Віцебскім абласным судзе сёння пачаўся суд над былым начальнікам Віцебскага гарадскога аддзела Следчага камітэта Андрэем Шчарбаковым. У той жа час ужо месяц у Вярхоўным судзе судзяць нядаўняга пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. Гэтая пара праявіла сябе ў ходзе задушэння народу ў 2020-м, але сама пракалолася ў атмасферы «недазаконнасці».
Абодвух судзяць па артыкулах 426 ч.3 (Перавышэнне ўлады або службовых абавязкаў, ад 3 да 10 год), і 425 ч.3 (Бяздзеянне адказнай асобы, ад 2 да 7 год).
Аб прыгодах старшага саветніка юстыцыі Юрыя Раманоўскага «Наша Ніва» пісала ўжо раней. Яго кар'еры перашкодзіў лось.
Сябры экс-пракурора забілі лася, на якога ў тыя дні нельга было паляваць. А Раманоўскі не тое што не завёў на іх крымінальную справу, але і еў лася разам з імі, што ў выніку стала вядома вышэйшаму начальству ў Мінску.
Па нашай інфармацыі, дасланая Андрэем Шведам праверка заспела Раманоўскага ў стане, які нельга назваць працоўным (а канкрэтна гавораць, што пракурор з'явіўся на рабоце толькі пасля абеду і п'яны), пасля чаго яго і звольнілі. А праз некалькі месяцаў, восенню 2021-га, арыштавалі.
Удзел галоўнага віцебскага следчага Шчарбакова ў гэтай гісторыі да гэтага моманту быў невядомы.
Але, аказваецца, што ў ходзе следства Раманоўскі даў паказанні на свайго калегу.
Выявілася, што кіраўнікі гарадскіх органаў юстыцыі ўвайшлі ў змову і пакрывалі аднаго з «ударных» следчых віцебскага СК (па сумяшчальніцтве — сына суддзі).
Выявілася, што той пісаў за падазраваных пратаколы і за іх жа распісваўся, пасля чаго гэтыя фальсіфікаваныя справы ішлі ў суд.
Ёсць і іншыя моманты, але фармальна, як вядома «Нашай Ніве», гэтай пары паставілі ў віну ўтойванне інфармацыі аб фальсіфікацыях. За гэта і судзяць.
Каментары