Меркаванні

«Нехта скажа: залез пад плінтус. А я стараюся не загразнуць у багне». Шчырая гутарка са Змітром Вайцюшкевічам

Адзін з выбітных музыкаў сучаснай Беларусі Зміцер Вайцюшкевіч апошнім часам знік з навінных радараў. Каб даведацца, чым жыве творца, мы патэлефанавалі яму на «малую зямлю» ды распыталі пра крыніцы натхнення ў 2022-м, запыты аўдыторыі ды рэцэпты таго, як не з'ехаць з глузду ў нашай рэчаіснасці.

Зміцер Вайцюшкевіч: «Айчынныя музыкі ў спісах «Форбс» ніколі не значыліся»

«Наша Ніва»: Чым цяпер напоўненае жыццё Змітра Вайцюшкевіча?

Зміцер Вайцюшкевіч: Я на Нёмане, займаюся садам, гаспадаркай. Слухаю птушак, бо доўгі перыяд займаўся выключна сваімі канцэртамі ды сталічным жыццём. Як вынік, у красавіку прыязджаў вельмі рэдка. А гэта ж самы годны час, каб сведчыць, як ажывае прырода па вясне ды расквечваецца гукамі наваколле.

Да таго ж творчыя практыкаванні ўзяў за звычку — кожны дзень фартэпіяна, гітара. Праз клавішы аддаляю Альцгеймер, бо вымушаю працаваць адразу абодва мазгавыя паўшар'і. Спадзяваюся, праз колькі гадоў збацаць рок-н-рол альбо бугі-вугі кагосьці з вядомых амерыканскіх музыкаў, што жылі гадоў 80 таму. Таму зранку як нос прачухаў, дык да фартэпіяна. Тое ж самае з гітарай.

Ну і шпацырую ад трох да пяці кіламетраў — тут гэта раблю з асаблівым задавальненнем.

«НН»: Нёман для вас пэўнае месца сілы?

ЗВ: Гэта ўжо моладзь сучасная карыстае такія выразы. Я б сказаў проста: адчуваю сябе тут вельмі камфортна, на сваім месцы. Бо адсюль родам.

А што да «энергій» усялякіх, «сіл»… Ну калі тое для прыгожага слова патрэбна, то хай сабе так будзе.

«НН»: Хто ці што вас натхняе апошнім часам? Мо параілі б нашым чытачам спосаб, каб захаваць раўнавагу на фоне падзей апошніх месяцаў.

ЗВ: У нататніку сабе пазначыў «кожны дзень — чытаць!», бо цяпер гэта праблема і для мяне, дый для ўсяго грамадства. Калі перастаеш самаадукацыяй займацца, мазгі ржавеюць. Таму, каб крышку ад падзей апошніх месяцаў адысці, лепей за ўсё звярнуцца да кніжак.

З тых, што сам разгортваў апошнім часам, згадаю «Хрысціну» — аповесць пра польскую ды англійскую шпіёнку Хрысціну Скарбек, што дзейнічала ў часы Другой сусветнай вайны. Гадоў 15 ужо чытаю больш-менш па-польску, аднак цяпер задумаў гэтую мову ўсур'ёз пракачаць. Таму вось з Вінцэнта Северскага пачаў, і ўступ ужо асіліў.

Да таго ж па вясне цікавіўся фінансавай адукацыяй ды інтэлектуальным выкарыстаннем грошай праз японскі тэкст «Бедны тата, багаты тата». Цікава было ставіць дыягназы будучыні, у тым ліку сваёй. Часткова для забавы, канечне, бо айчынныя музыкі ў спісах «Форбс» ніколі не значыліся. Але калі шчыра, то і разумных ідэй не супраць быў «пазычыць». Бо ў старасці не хацелася б думаць пра грошы

«НН»: А грошы для вас — сродак ці мэта?

ЗВ: Заўсёды казаў падчас інтэрв'ю: Вайцюшкевіч бедны і хворы нікому не будзе патрэбны, а заможны, здаровы, шчаслівы ды белазубы будзе патрэбны ўсім (смяецца).

Глядзі, мэта павінна быць у жыцці прыгожая, якая б прыносіла карысць людзям. У маім выпадку, беларускім. Але дамагчыся яе можна толькі праз наяўнасць грошай. Бо з іх дапамогай можна развівацца ды спяваць песні на вершы беларускіх паэтаў.

Гісторыя адносінаў з гэтымі творцамі — мой асабісты ўніверсітэт, з якога выпускаюся кожны дзень. У свае часы не атрымаў пэўнай адукацыі, літаратурнай ці паэтычнай, каб разумець іх. Ды і з мовай былі велізарныя праблемы — карыстаўся нейкай бярозаўскай трасянкай. Таму кожная постаць у айчыннай літаратуры для мяне быццам той курс у ВНУ.

Яго трэба прайсці старанна ды ўдумліва. Для гэтага, як і для любога навучання сёння, патрэбныя грошы.

Тым не менш, упэўнены: калі мэта ў жыцці чалавека прыгожая, важная, патрэбная, то грошы знойдуцца абавязкова.

«НН»: З улікам таго, што адбываецца навокал, чытачы не зразумеюць, калі абміну ўвагай тэму вайны ва Украіне. Як яна адбіваецца на вашым успрыманні свету?

ЗВ: Натуральна, балюча асэнсоўваць тое, што побач з табою гінуць людзі. Што адзін сусед нападае на другога суседа з бог дай якіх прычын — магчыма, гадоў 500 таму можна яшчэ неяк было б апраўдацца. Але ніякім чынам не ў сучасным свеце, у сучаснай гісторыі.

Аднак жыць трагедыямі 24/7 немагчыма — трэба некуды хавацца, нешта рабіць. Тым больш, што жыццё сярэднестатыстычнага беларуса цягам апошніх двух гадоў і так было перанасычанае жахамі. Таму я перажываю, аднак імкнуся дзейнічаць, а не кідацца з рэфлексіі ў рэфлексію: раблю пэўныя ўнёскі на карысць украінцаў сваімі канцэртамі ды і шэрагам іншых спосабаў — дзякаваць богу, іх цяпер хапае.

«НН»: Музычныя журналісты часта пішуць пра пэўныя «запыты аўдыторыі» ў дачыненні да творцы. Які запыт ёсць ва аўдыторыі Змітра Вайцюшкевіча сёння?

ЗВ: Ох, мне таксама цікава было б даведацца… Аднак не магу. Магчымасцей выступаў цяпер нямашака, акрамя ўрачыстасцяў кшталту вяселля, дзён нараджэння, юбілеяў і гэтак далей. А ўсе астатняе… Павольна пераходзім у сеціва альбо, як казалі ў савецкія часы, ладзім «заграничные концерты». Тады, праўда, не ўсе ездзілі, а толькі правераныя спецыяльнымі органамі выдатныя выкшталцоныя артысты.

Аднак не бядую, бо за апошнія два гады ў каштоўнасным плане змянілася бадай што ўсё. На пытанне «як маешся?», адказваю: жывы, і дзякуй богу… Ведаеце, дровы ёсць, печ на Нёмане патрэсквае, салавейкі спяваюць — чым не канцэрт ды радасць?!

«НН»: Дарэчы, пра выступы ці, дакладней, іх адсутнасць. Пра «чорныя спісы» ды прычыны для адмены імпрэз вы, падаецца, маглі б ужо напісаць цэлую кнігу…

ЗВ: Не думаю пра гэта сёння, шчыра кажу.

Найбольш балючыя сітуацыі перажыў гадоў 10-11 таму, бо яны тады ўспрымаліся як сапраўдныя асабістыя трагедыі. А цяпер, мяркую, куды складаней тым, хто яшчэ на пачатку 2020-га мог выступаць, а цяпер вымушаны з'ехаць з Беларусі альбо не можа на радзіме зарабіць сабе на хлеб.

Пра масла на той хлеб нават не кажу: айчынныя артысты ніколі не былі заможнымі. Рамантычнымі, так, былі, ёсць і будуць! Але вось каб багацце нейкае мець, то не…

Аднак нават у самых складаных умовах можна навучыцца працаваць. Ты ж не можаш не пець, калі хочацца, праўда? Ці ствараць музыку? Вось і я такі — сяджу цяпер ды пішу інструментальны альбом. А таксама музыку для серыяла, які яшчэ ніхто не зняў. Асвойваю прафесію, так бы мовіць, медыякампазітара: чалавека, які стварае гук для тэлебачання, кіно, тэатра. Замоваў няма. Але калі вы ўжо патэлілі, скарыстаюся магчымасцю ды дам рэкламу: калі каму патрэбная музыка для тэатра, то вось яна. Нядорага абсалютна — Вайцюшкевіч у вашым распараджэнні. Не таму, што есці няма чаго. А таму, што яшчэ два-тры гады — і стану дарагім ды шырока вядомым ва ўсім свеце кампазітарам для «Нэтфлікс» ды «Амазон» (смяецца)!

Важна жыць сёння — у Алеся Камоцкага ёсць вельмі класны верш з такім рэфрэнам. На фоне бамбёжак украінскіх, на фоне некралог-ленты Фэйсбука (адкрываеш зранку, а там гэты памёр, гэты памёр), на фоне сітуацыі ў краіне, калі нехта з'язджае ды шмат хто не можа вярнуцца, трэба вучыцца адчуваць сённяшні момант. І чапляць хоць крышачку радасці ў ім: той жа спеў салаўёў, промні сонца, добрае надвор'е пасля доўгай зімы…

«НН»: Кажуць, што мы жывём у гістарычную эпоху: кавід, вайна, сусветны перадзел… Не занадта шмат для адной генерацыі?

ЗВ: Сусвет паскорыўся, вельмі паскорыўся. І з-за гэтай хуткасці невядома цяпер, што ўвогуле мае сэнс — творчасць, самаацэнка, багацце. Вось мы пачыналі размову з тэмы грошай, так? Але навошта яны, калі здараецца Буча — і руйнуюцца сучасныя дамы ды знішчаецца жыццё, на якое чалавек выдаткаваў, скажам, мільёны? Колькі поту ды крыві было пакладзена, каб узвесці ды набыць тую кватэру альбо хату. А пасля гэтыя людзі не могуць вярнуцца ці вяртаюцца на руіны…

Так, нам выпала замнога. Хацелася б вярнуцца ў 2015 год ці нават у 2011, калі мяне забаранілі. Тады хаця б можна было паляцець у Канаду, Амерыку ці Еўропу з канцэртамі — неяк так душу адвесці. Аднак, вы ж ведаеце, няма таго, што раньш было.

«НН»: Зміцер, можна чыста чалавечае пытанне, мужчынскае?

ЗВ: Грошай няма, пазычыць не магу (смяецца).

«НН»: Не, я не пра тое. Як жыць унутры трындзеца і не з'ехаць з глузду?

ЗВ: Балансую між працай, фізічнай ды эмацыянальнай. Пасля рэгулярных практыкаванняў стаў значна лепш граць на гітары. Адчуваю сябе не Чакам Бэры, вядома, але ўжо з задавальненнем акампаную сам сабе. Зарадку раблю кожны дзень: планачку трымаць пакуль сіл няма, але мэту маю.

Зміцер Вайцюшкевіч: «Жыццё сярэднестатыстычнага беларуса цягам апошніх двух гадоў было перанасычанае жахамі»

Канечне, нехта скажа: ну вось, залез пад плінтус ды на Нёмане хаваецца. Але ў сённяшніх варунках трэба прыкладаць высілкі да таго, што можаш рабіць асабіста. Да таго, што пакіне цябе на грабяні хвалі, а не зацягне ў багну. Я асабіста звязаны з беларускай песняй — падабаецца гэта, бачу ў гэтым сэнс дзейнасці. Таму і альбом рыхтую, які ў ліпені, спадзяваюся, выйдзе.

Ну і ўсім, каму не хапае адрэналіну ў жыцці, магу параіць да спробы кар'еру беларускага артыста. Нялёгкі, канечне, хлеб, і не заўсёды гарантуе пазітыў ці святло ў канцы тунэля. Аднак тое, што прыгод хопіць з запасам, гарантую (смяецца)!

«НН»: У дзяцінстве мне заўсёды казалі: «Вырасцеш — зразумееш». Вось я стаў дарослым, і нічога не зразумеў. А што зразумелі вы, калі выраслі?

ЗВ: Такія пытанні накідваеце, быццам у свае 50 гадоў толькі і думаю, як бы ў інтэрв'ю штосьці такое разрульнае заляпіць… (смяецца).

Я сам чалавек позніх ведаў — гэта тычыцца і літаратуры, і мовы з кампазітарствам. Толькі пасля 30 пачаў нейкія акцэнты ў жыцці расстаўляць, аднак яшчэ доўгі час заставаўся інфантыльным. Таму цяпер магу сцвердзіць толькі відавочнае: любіць ты павінен прыгожыя рэчы — краіну, жанчыну, сваю зямлю, прыроду. Іншымі словамі, светлы бок жыцця. Бо цёмнага і так хапае.

На канцэртах часта спяваю песню «Святло Сараева» на верш Яраміра Нагавіцы. Тэкст тычыцца людзей, якія вымушаныя пакідаць дамы, жыць пад абстрэламі, чакаць, пакуль іх забяруць з мяжы пасля ўцёкаў ад вайны. Адзінае, што ратуе герояў — тых, хто бяжыць з дзіцем на руках, альбо поруч з такім жа галодным каханкам — любоў. Той самы агонь унутры, які гарыць і звонку. Пасля таго, як вырас, зразумеў: калі гэтыя два агні падтрымліваць, заўсёды будуць сілы, заўсёды будзе магчымасць ісці далей.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце 

«Паглядзіце на наша тэлебачанне — як з іх не смяяцца?» Журналіст Аляксандр Чарнуха — пра дэбютны раман «Свінні», рускі свет і «Анлайнер»

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →