Газета Лукашэнкі: Рускія салдаты вызваляюць Украіну ад бандэраўскіх недабіткаў, у тым ліку і ў нашых інтарэсах
«Ты Радзіму альбо падтрымліваеш, альбо ты вораг», — піша «СБ. Беларусь сегодня», газета Адміністрацыі прэзідэнта.
Следам за расійскімі шавіністычнымі выданнямі газета Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі выступіла з нападкамі на расійскіх зорак, якія выступілі з антываеннымі заявамі.
Лукашэнкаўскае выданне называе Максіма Галкіна «Максімам Алкіным».
«Ты Радзіму або падтрымліваеш, або ты вораг, — піша «СБ. Беларусь сегодня». — Здраднік, які прадаў яе за пячэнькі, ганарары, кар'еру або за што там яшчэ прадаюць. А варта канцэрты такім забараніць, як лямантуюць: а нас за што? Дык за тое самае, за здраду, дыверсійную інфармацыйную дзейнасць, — тлумачыць выданне і заклікае. — Трэба як з Максімам Алкіным, якога з «Першага канала» паперлі».
«СБ» чарговы раз пералічвае беларускіх артыстаў, якія ўнесеныя лукашэнкаўцамі ў чорныя спісы.
«Ці як з дудзінскімі і перлінымі, ім таксама ў дзяржСМІ не рады. А якія патрыятычныя песні «Тяни-Толкай» спявалі… і «Голас» выявіўся не такім ужо і чыстым («Чысты голас»). Як і Ганначка Шаркунова, і не енчы пад баян, і Анжэлка Агурбаш», — пералічвае газета.
Выданне таксама звяртае ўвагу, што ў спявачкі Веры Брэжневай, насамрэч, украінскае прозвішча Галушка.
Таксама следам за маскоўскай прапагандай распаўсюджваецца хлуслівая інфармацыя пра Чулпан Хаматаву:
«А Чулпан Хаматава, якая выступала пад украінскім сцягам і якая прасіла не ціснуць неафашыстаў? Так, тая самая Хаматава, якая здымалася ў фільме, дзе гераізавалі армянскага агента нацыстаў, вярбоўшчыка для дыверсій у тыле нашага войска, адкрытага расіста, чые паслядоўнікі аб'ядноўваюцца ў партыі з «арыйскай» ідэалогіяй. Тая самая Хаматава… цяпер у Латвіі, спачувае неанацыстам…»
Дастаецца і гурту «Бі-2», хоць яны нават і антываенных заяў не рабілі, проста запатрабавалі зняць знак «Z» са сцэны.
«Дык, Лёўчык іх (ён жа Ягор Бортнік) па непаразуменні быў народжаны ў Беларусі», — з тым жа хамствам піша лукашэнкаўскае выданне.
«А як вам афішы канцэрта Баста? Па ўсім Мінску развешаныя», — працягвае выданне.
«Каково это видеть» «тым, хто пацярпеў у 2020-м» ды «рускім салдатам, якія цяпер вызваляюць Украіну ад бандэраўскіх недабіткаў, у тым ліку ў інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі?» — піша «Беларусь сегодня».
«СБ» таксама працягвае распальваць варожасць да іншых народаў Еўропы. У ход ідуць не вельмі паважлівыя назвы.
«Савецкі народ разлічваў, што жмудзіны, латгалы і чухонцы самі паступова разбяруцца са сваімі вылюдкамі. Выйшла наадварот: менавіта вылюдкі, спадчыннікі эсэсаўцаў і ў пераносным, і ў прамым сэнсе, увайшлі ў кіруючыя колы прыбалтыйскіх дзяржаў».
Пры гэтым выданне наракае на «спробы ўцягнуць усіх нас — і беларусаў, і расіян — у поўнамаштабную вайну».
«СБ. Беларусь сегодня», як і іншыя падобныя СМІ, фармальна лічыцца дзяржаўным, але ў рэальнасці не адлюстроўвае ўсяго спектра меркаванняў, а абслугоўвае Аляксандра Лукашэнку і яго палітычную групоўку.
«І чым больш у іх не атрымліваецца, тым большая ў іх нянавісць да нас. Да Беларусі, Расіі, Саюзнай дзяржавы. Што такое цкаванне сусветнага маштабу супраць нашых спартсменаў? Працяг генацыду», — піша выданне.
Каментары