Лаўроў заявіў, што яўрэі — «самыя заўзятыя антысеміты», а ў Гітлера «таксама была яўрэйская кроў». У Ізраілі яго словы назвалі абуральнымі
Міністр замежных спраў Ізраіля Яір Лапід назваў «недаравальнымі» і «абуральнымі» выказванні свайго расійскага калегі Сяргея Лаўрова пра яўрэяў.
«Выказванні міністра замежных спраў РФ Лаўрова не толькі недаравальныя і абуральныя — яны таксама з'яўляюцца жудаснай гістарычнай памылкай. Яўрэі не забівалі сябе падчас Халакосту. Абвінавачванне саміх яўрэяў у антысемітызме — гэта самы нізінны ўзровень расізму ў дачыненні да яўрэяў», — напісаў Лапід у Твітары ў адказ на выказванні Лаўрова.
1 мая Лаўроў даў інтэрв'ю італьянскай тэлекампаніі «Медыясэт». Журналіст згадаў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі — яўрэй і лічыць «дэнацыфікацыю» яго краіны бессэнсоўнай, на што міністр заявіў:
«Мне зусім абыякава, што абвяргае ці не абвяргае прэзідэнт Зяленскі. У яго сем пятніц на тыдні, як у нас прынята казаць. На працягу аднаго дня можа памяняць пазіцыю некалькі разоў.
Чуў, як ён сказаў, што мы дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю нават не будзем абмяркоўваць на перамовах. Па-першае, яны сабатуюць гэтыя перамовы, гэтак жа, як і восем гадоў Мінскія дамоўленасці.
Па-другое, нацыфікацыя ёсць: захопленыя ў палон баевікі з батальёнаў «Азоў», «Айдар» і іншых падраздзяленняў, носяць на экіпіроўцы, сваім целе сімвалы і татуіроўкі свастыкі, нацысцкіх батальёнаў Вафен-СС, адкрыта чытаюць і прапагандуюць «Майн кампф». Ён высоўвае аргумент: якая ў іх можа быць нацыфікацыя, калі ён яўрэй.
Магу памыліцца, але ў Адольфа Гітлера таксама была яўрэйская кроў. Гэта абсалютна нічога не значыць. Мудры яўрэйскі народ кажа, што самыя заўзятыя антысеміты, як правіла, яўрэі. Няма роду без выроду, як у нас кажуць.
Каментары