Грамадства

Беларус запусціў у Варшаве паспяховы бізнэс па зборцы мэблі. У Мінску яго дзіка збілі красаўцы

Юрый Шэршань яшчэ ў каледжы марыў пра свой бізнэс і крок за крокам ішоў да мэты. Пачаў з кветак, потым зарабляў на арыгінальнай салодкай ваце і феерверках. Пасля зверскага збіцця амапаўцамі ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. Хлопец знайшоў сябе і на новым месцы: за красавік яго малы бізнэс прынёс ужо 2200 даляраў прыбытку.

Юрый Шэршань

15 тысяч даляраў на кветках за сезон

Свой першы прадпрымальніцкі досвед мінчук Юрый Шэршань атрымаў, калі яму толькі споўнілася 18 гадоў. Тады яны з сябрам вырашылі паспрабаваць прадаваць кветкі да 8 Сакавіка. Закупілі невялікую партыю — каля дзвюх тысяч кветак — і за тры дні кожны зарабіў амаль 400 рублёў.

Хлопец скончыў каледж па спецыяльнасці «сталяр-цясляр», разлічваў атрымаць вышэйшую адукацыю ў сферы бізнэс-адміністравання, але ў яго не хапіла балаў па матэматыцы. Паспяховы досвед з продажам кветак упэўніў яго ў тым, што ён зможа знайсці сябе і без яшчэ аднаго дыплома, таму са спробамі паступлення было скончана. Чарговы сезон з кветкамі прынёс сябрам ужо 15 тысяч даляраў выручкі.

«Мне спадабалася, што я магу сам кантраляваць усе працэсы, даваць рады выклікам. Толькі ад мяне залежала, ці зараблю я нешта. Я адчуў, што свая справа — гэта маё, і пачаў думаць, чым можна было б заняцца на сталай аснове (працягваць з кветкамі не хацеў, бо гэта вельмі скорапсавальны тавар, шмат рызык).

Яшчэ ў каледжы трапіў у ютубе на відэа з Кітая, на якім з салодкай ваты рабілі кветкі. Пагугліў, ці ёсць нешта падобнае ў Беларусі, і аказалася, што не. У нас нават вату з рознымі смакамі складана знайсці. Я вельмі здзівіўся, бо ўсё гэта даступна: толькі заказвай дадаткі», — расказвае Юрый. 

Так ён вырашыў сам стаць галоўным майстрам па незвычайнай салодкай ваце. Пры дапамозе маці і яе сяброўкі ўзяў пяць тысяч рублёў у крэдыт для старту, купіў апарат для ваты, зрабіў каляску, адкрыў ІП.

Юра і яго фірмовы брэнд Vatacut

Справы ішлі нядрэнна. Праўда, сталы пункт для працы Юрый так і не зняў: адзін гандлёвы цэнтр у апошні момант адмовіўся падключаць яго да касавага тэрмінала, іншы запытаў высокі кошт за арэнду — 1700 еўра ў месяц. Хлопец прадаваў вату на гарадскіх святах і фестывалях. У сярэднім за адно мерапрыемства мог зарабіць каля 600 рублёў, але аднойчы атрымалася напрадаваць і на 1600. Праўда, здараліся і выхады «ў мінус»: самай вялікай паразай стала мінус 200 даляраў на адным з фэстаў, але такое было толькі аднойчы.

«Увогуле з ватай працаваць было нескладана, але заўсёды бянтэжыў адзін момант. У мяне ружовая каляска, пухнатая. І многім дзяржаўным арганізацыям гэта не падабалася: аднойчы мне прапанавалі закрыць яе шэрай тканінай. Але мяне ж якраз пазнаюць па ружовым колеры, гэта мая фішка! На такія кампрамісы я не ішоў сам», — кажа хлопец.

Пакуль для ваты быў не самы сезон, Юрый займаўся феерверкамі: узімку ён кіраваў двума пунктамі продажу.

«У Беларусі працуе так, што, пачынаючы з канца лістапада, гандлёвыя цэнтры вызначаюць пункты на месяц пад піратэхніку. Праводзяцца тэндары, і, калі ты выйграеш яго на канкрэтны ГЦ, то можаш там размяшчацца», — тлумачыць хлопец механіку.

Пад Новы год яму з аднаго аб’екта ўдавалася зарабіць за месяц каля трох тысяч даляраў. 

«Мяне збілі з ног, і я больш не супраціўляўся, баючыся, што заб’юць»

Юрый планаваў развівацца ў бізнэс-кірунку далей, але падзеі 2020 года ўсё перакрэслілі. Яшчэ ў жніўні яго руку зачапіла аскепкам гранаты, але ён працягваў выходзіць на пратэсты і не збіраўся нікуды з’язджаць з надзеяй на перамены. Адзінае, што магло змяніць курс хлопца, была рызыка турмы, дзе ён разумеў, што карысным не будзе нікому. Яна навісла над ім у снежні 2020-га.

«20 снежня ў нас у раёне Кнорына-Талбухіна праходзіў дваровы марш. Нас было чалавек 40, мы хадзілі па раёне, крычалі «Жыве Беларусь!». Калі ўжо сабраліся сыходзіць дадому, я ўбачыў, што да нас едзе бус з АМАПам у суправаджэнні машыны ДАІ. Я рвануў да аднаго пад’езда, людзі з вокнаў крычалі код, але ён ніяк не націскаўся. Калі я развярнуўся, то ўбачыў, што на мяне бягуць сем супрацоўнікаў. Мяне збілі з ног, і я больш не супраціўляўся, баючыся, што мяне заб’юць.

Мяне ўдарылі ў левае вока. У бусе сцягнулі рукі сцяжкай. Са словамі: «Ну што ты, с*ка, будзеш ад нас бегаць?» — мяне ўзялі за галаву. Адзін трымаў яе, а двое білі па ёй па чарзе. Выратавала тое, што за дзень да гэтага я пастрыгся: калі мяне білі, то спрабавалі ўтрымліваць за валасы, каб я не ўхіляўся, не хаваў вочы і нос, але кароткастрыжаная галава ўсё выслізгівала», — згадвае той дзень Юрый. 

У Першамайскім РУУС хлопца, па яго словах, яшчэ некалькі разоў ударылі ў жывот. У нейкі момант яму стала дрэнна — цяпер выратавала тое, што адзін з супрацоўнікаў міліцыі быў яму раней знаёмы. Незадоўга да свайго затрымання Юрый аддаваў яму заяву на махляроў, што ўцюхвалі суседзям-пенсіянерам дарагія лічыльнікі. Менавіта гэты дзяжурны даў хлопцу вады, выклікаў хуткую. 

«Каб не гэты міліцыянер (не ведаю, як яго завуць), я б у такім выглядзе паехаў на Акрэсціна, і там незразумела, што б са мной было далей. Мне пагражалі, што з маімі фотаздымкамі на тэлефоне я за кратамі надоўга», — дзеліцца суразмоўца.

Так хлопец выглядаў пасля збіцця

З чэрапна-мазгавой траўмай Юрый прабыў у бальніцы амаль месяц: ён быў вельмі здзіўлены, што ляжаў там без кантролю. Увесь гэты час да яго ніхто не прыходзіў з міліцыі і не тэлефанаваў.

Першы званок паступіў 28 снежня ўжо пасля выпіскі: следчы запрашаў на размову, каб закрыць матэрыял.

«Я нікуды не пайшоў, разумеючы наступствы. І чамусьці вырашыў, што і да мяне ўжо пад Новы год ніхто не пойдзе. Так і выйшла. Я адзначыў свята з сябрамі, 2 студзеня паляцеў у Варшаву, а 3-га па мяне прыйшлі», — так суд прайшоў без Юрыя, дзе яму завочна далі 15 сутак арышту.

«Самы вялікі выдатак для старту бізнэсу — камплект інструментаў для зборкі мэблі на тысячу даляраў»

Першы час у Варшаве хлопец жыў у сябра і зарабляў анлайн-гульнёй. Зачапіцца на новым месцы з салодкай ватай адразу не атрымлівалася, а феерверкі ў Польшчы не такія папулярныя, як у Беларусі. 

«Калі з покерам гісторыя скончылася (там мяне, калі коратка, падставілі), трэба было шукаць нейкую працу. Адзін мой сябра займаўся зборкай мэблі, я папрасіў у яго кантакт начальства, і мяне ў выніку ўзялі на мантаж. Праз паўтара тыдня я і яшчэ адзін супрацоўнік зразумелі, што мы можам і самі адкрыць свой бізнэс, звязаны з мэбляй — так і атрымалася».

Юрый з інструментамі для працы

Статус бежанца ў Польшчы дазволіў Юрыю адкрыць на сябе ІП: афармленне ўсіх дакументаў заняло каля трох тыдняў. Дапамагаў хлопцу ў гэтым наняты мясцовы бухгалтар, каб не накасячыць з польскім заканадаўствам. За яго паслугі хлопец плаціць штомесяц каля 130 даляраў.

На дадзены момант у кампаніі OD&DO працуюць чатыры чалавекі: сам Юрый, партнёр, перакладчык і дадатковы чалавек, які займаецца мантажом.

«Калі казаць пра расходнікі для старту, то самым галоўным быў камплект інструментаў для зборкі мэблі на брыгаду з двух чалавек — ён каштаваў тысячу даляраў. Таксама я набыў гадавую страхоўку за 40 даляраў: яна, калі што, пакрые пашкоджанні мэблі, якія я магу тэарэтычна зрабіць падчас працы. Падаткі з мантажу — гэта 8% ад выручкі. Таксама штомесяц мы плацім у мясцовы ФСАН унёсак у памеры 73 даляраў (гэта на першыя паўгода, пазней будзе больш). Плюс я аддаю 10% з прыбытку фірмы сябру, які дапамагае з перакладамі на польскую мову: сам я яе пакуль не вывучыў», — пералічвае хлопец. 

Інструменты на брыгаду з двух чалавек

Амаль усе кліенты — палякі

Першых заказаў прыйшлося чакаць амаль два месяцы. Юрый думаў, што для іх атрымання трэба будзе зрабіць сайт, запусціць рэкламу, але ў Польшчы гэта працуе не так. Паслугі зборкі мэблі ў асноўным прапаноўваюць самі крамы, і калі заключыць з імі дамовы на супрацоўніцтва, то і заказы пойдуць.

«Крама скідвае нам на пошту заказ, паралельна ён прылятае яшчэ пяці фірмам, напрыклад. І кожная выстаўляе сваю цану: чым ніжэйшы, тым большыя шанцы атрымаць кліента. Пры гэтым мы нічога не плоцім крамам — па сутнасці, ім выгадна адразу прапаноўваць паслугу зборкі. Чалавеку прасцей так, чым яшчэ пасля куплі мэблі шукаць кагосьці, хто яе збярэ».

Амаль усе кліенты фірмы — палякі. З пачаткам вайны ва Украіне хлопцы яшчэ ні разу не сутыкнуліся з тым, што нехта не абірае іх паслугі, таму што яны — беларусы. 

«Адэкватныя людзі разумеюць, што сам народ — як беларусы, так і расіяне — ні пры чым. У вайне вінаватая вузкая банда набліжаных да Лукашэнкі і Пуціна. Людзі супраць вайны, але ў іх звязаныя рукі, бо сілавы блок пакуль на баку ўладаў, і гвалтам трымае ўсіх пад прэсам».

За красавік зарабілі 2200 даляраў

За красавік фірма Юрыя і партнёра зарабіла каля 2200 даляраў, збіраўшы ў асноўным кухні. Але гэта, кажа бізнэсовец, далёка не столь: 

«Мы стартавалі толькі ў студзені, і будзем пашырацца. Так, плануем заняцца мантажом дзвярных парталаў у Вроцлаве, наняўшы брыгаду на месцы. Гэта не зусім наша сфера, але інструменты і веды там патрэбныя амаль тыя самыя. Таксама ў будучыні мы хочам самі займацца дызайнам мэблі і адкрыць уласную сталярную майстэрню, каб у сябе вырабляць кухні і іншы гарнітур па замове кліентаў.

У любым выпадку сёння наш наняты супрацоўнік ужо атрымлівае сярэдні польскі заробак — каля 1500 даляраў за месяц. Нехта мог думаць, што новая кампанія не ўтрымаецца ў існай канкурэнцыі, але я лічу, што любы бізнэс — гэта вялікі пірог, і свой кавалак ты атрымаеш. Проста трэба браць і рабіць, не здавацца».

З салодкай ватай хлопец таксама не хоча развітвацца. Ëн у пошуках гандлёвага цэнтра, дзе дазволілі б прапаноўваць яго ласунак.

«Пакуль у мяне ёсць адзін варыянт — Złote Tarasy, топавы гандлёвы цэнтр у Варшаве, але за арэнду ў месяц яны просяць дзве тысячы даляраў з хвастом. Буду шукаць іншыя варыянты. Ці аднойчы зараблю патрэбныя грошы і вярнуся да іх. Найму супрацоўніка, але, думаю, што ў яго выходныя буду стаяць з ватай сам. Я адчуваю неймаверны кайф ад таго, што раблю яе. Калі бачыш, як салодкай ваце радуюцца дзеці, то сам атрымліваеш зарад станоўчых эмоцый».

Што да Беларусі, то Юрый кажа, што не бачыць перспектываў для свайго бізнэсу ў краіне пры цяперашнім фашысцкім рэжыме. 

«Я спрабаваў займацца сваёй справай, бо шчыра верыў, што ў Беларусі можна адкрыць бізнэс і зарабляць. Хоць і чуў шмат гісторый пра тое, як бізнэсы адціскалі ў той момант, калі яны пачыналі прыносіць вялікія грошы. Нягледзячы на гэта, я ўсё адно працягваў верыць у асабісты поспех, але 2020 год забраў гэтую веру і надзею.

У Польшчы ж ты бачыш, як развіваецца краіна, і табе хочацца развівацца разам з ёй. Тут я спакойны за сваю будучыню, няма страху, што па мяне прыйдуць. А нават калі нешта пойдзе не так, гэтая краіна прававая, і ты тут абаронены законам, у адрозненне ад Беларусі, дзё ён не дзейнічае даўно», — падсумоўвае прадпрымальнік.

Чытайце таксама:

Беларус за месяц запусціў квізы ў трох гарадах і зарабляе на гэтым. Як так?

«Зарабляем 20—25 тысяч еўра за месяц». Як Іван Шыла адкрыў паспяховы бізнэс за мяжой

«У Мінску ў нас часта снедалі Знак і Калеснікава». Як беларус адкрыў кафэ ў Вільні

Каментары

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Усе навіны →
Усе навіны

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі Беларусі: Тое, што адбываецца ў Сірыі, гэта параза Расіі5

Смешны выпадак у «Мінск-Свет»: нейкі маладзён сцягнуў калядны вянок, але разлічыўся за гэта 10 рублямі

За год машына страціла амаль палову цаны. Уласнікі электрамабіляў скардзяцца, што іх машыны імкліва таннеюць8

Лосік схуднеў, Пачобут трымае марку, Аляксандраў выязджае на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-12

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе23

Беларуска запісала тыкток пра вяртанне сына са школы — і сабрала 7 мільёнаў праглядаў5

У Маскве забілі канструктара крылатых ракет26

Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць з'езд у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі5

Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Галоўнае
Усе навіны →