Замах на акт тэрарызму будзе карацца мерамі ажно да смяротнага пакарання. Адпаведныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс адразу ў двух чытаннях прыняла Палата прадстаўнікоў.
Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Яны прадугледжваюць ўзмацненне жорсткасці пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму, піша reform.by
«Праект закона падрыхтаваны ў мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю. Законапраектам прапануецца ўнясенне змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму», — паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Дэталі змяненняў у КК не раскрываюцца.
У сённяшняй рэдакцыі Кодэкса смяротнае пакаранне па артыкулах, звязаных з тэрарызмам, прадугледжанае за:
— здзяйсненне акту тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі (забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі ў мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў ці вайны або дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве — ч. 2 арт. 124;
— акт міжнароднага тэрарызму ў складзе арганізаванай групы, альбо з ужываннем атамнай энергіі, радыеактыўных і таксічных рэчываў і г. д. — ч.3. арт 126;
— акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, альбо з прымяненнем аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі, альбо з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў альбо ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека — ч. 3 ст. 289;
— забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, учыненае ў сувязі з яго дзяржаўнай ці грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку — ч. 2 арт 359.
Пакаранне па іншых частках і артыкулах КК, звязаных з тэрарызмам, не прадугледжвае смяротнага пакарання. У артыкуле 14 КК агаворваецца, што «адказнасць за замах на злачынства ёсць па тым жа артыкуле Асаблівай часткі гэтага Кодэкса, што і за закончанае злачынства, са спасылкай на гэты артыкул, а ў арт.67 сказана, што «смяротнае пакаранне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаецца».
Шэрагу палітвязняў, чые справы цяпер знаходзяцца ў вытворчасці, інкрымінуюцца артыкулы, звязаныя з тэрарызмам.
Такім чынам, ва ўмовах прававога бязладдзя ў Беларусі склалася сітуацыя, калі караюць тое, што не караецца, адміністратыўкай, адміністратыўку — крыміналкай, нецяжкую крыміналку — павышаючы трактоўку крымінальнай справы ў бок цяжкага і асабліва цяжкага злачынства.
Чытайце таксама:
Што не так з апошнімі «тэрарыстычнымі» справамі аб камені ў акне пракурора і аблітай фарбай машыне суддзі? Разбіраемся з былымі сілавікамі
-
«Патугі, валтузня і брудныя метады». Рыжанкоў заявіў, што Мінск спакойна глядзіць на зварот Літвы ў суд у Гаазе
-
Жыхарка Піншчыны паскардзілася, што былы муж не плаціць аліменты на трох дзяцей. Аказалася, двое з іх не яго
-
У Гродне хірургі выратавалі 98-гадовую пацыентку, выканаўшы ёй складаную аперацыю
Каментары