Культура

«Усе, хто раней быў па-за палітыкай, апынуліся ў гэтай палітыцы па вушы». Што адбываецца з беларускімі музычнымі гуртамі

Пасля жніўня 2020 года вялікая колькасць беларускіх музыкаў страціла магчымасць выступаць у Беларусі. У канцы лютага 2022 года шмат для каго з іх закрыўся і расійскі рынак. У Беларусі яшчэ застаюцца тыя музыкі і гурты, дзейнасць якіх была звязаная з Расіяй і Украінай. Аднак напад Пуціна на Украіну можа пазбавіць магчымасці выступаць і іх. Радыё Свабода пагаварыла пра сітуацыю са старшынёй Рады беларускай культуры Сяргеем Будкіным, а таксама з музыкамі і прадстаўнікамі гуртоў.

Канцэрт гурта Nizkiz. Архіўнае фота

Пасля падзей жніўня 2020 года за мяжу з'ехала шмат беларускіх музыкаў. Лявон Вольскі і Аляксандр Памідораў — у Польшчу, Юры Стыльскі і РСП — ва Украіну, Уладзіслаў Наважылаў — у Вільню. Ніхто з іх не адмовіўся ад канцэртнай дзейнасці, але выступы, як правіла, абмяжоўваюцца невялікімі клубамі.

У Беларусі яшчэ застаюцца тыя музыкі і гурты, дзейнасць якіх была звязаная з Расіяй і Украінай. Аднак напад Пуціна на Украіну можа пазбавіць магчымасці выступаць і іх. 

«Артысты адмаўляюцца ад дзейнасці, бяруць паўзу»

«Гэта ўсё было прадказальна, — мяркуе Сяргей Будкін. — Праца на чужы рынак, на такі небяспечны, як паказалі падзеі нашай гісторыі, раней ці пазней прывяла б да такога. Беларускія гурты там альбо растварыліся б, альбо трапілі б у такую сітуацыю, у якую трапілі зараз. Калі абсалютна натуральным чынам усе выканаўцы фактычна апынуліся перад выбарам — што рабіць, як далей працаваць і для каго, уласна, спяваць».

Што далей будзе з беларускай музыкай? Сяргей Будкін мяркуе, што гэта вялікая інтрыга. Як і тое, па якім шляху развіцця пойдуць музыка ўкраінская і расійская. Па яго словах, значная частка песняў і музыкі з верхніх радкоў расійскіх чартаў была напісаная ўкраінцамі альбо наўпрост зробленая ва Украіне. Таму з заканчэннем ваенных дзеянняў гэтую галіну чакае прынцыпова іншая карціна.

«Ужо зараз мы можам бачыць, што тыя артысты, якія працавалі на расійскі рынак, пакуль адмаўляюцца ад дзейнасці, бяруць паўзу, — кажа Будкін. — Але што рабіць далей? Ніхто не мае адказу на гэтае пытанне. ЛСП пакуль проста пераносіць канцэрты, каб неяк перачакаць. Падае сігналы нейкія, што гурт з Украінай. Але я думаю, што гурт у такім складзе на расійскую тэрыторыю не паедзе яшчэ доўгі час. Усё адно гэта будзе перафарматаванне складу, рэпертуару, самапрэзентацыі».

На думку Сяргея Будкіна, пасля заканчэння вайны Расіі супраць Украіны беларускія гурты, нават рускамоўныя, будуць старацца дыстанцыявацца ад Расіі. Пачнуць больш акцэнтаваць сваё беларускае паходжанне.

«Ізноў паўстане пытанне самаідэнтыфікацыі ў творчасці, — кажа старшыня Фонда беларускай культуры. — Раней было зручна проста зліцца з усімі астатнімі на расійскім рынку. Зараз гэта можа змяніцца. Магчыма, нават паўплывае на з'яўленне беларускамоўных песень у рэпертуары».

«Гэта ўсё надоўга, калі не назаўжды»

Дырэктар аднаго з беларускіх музычных гуртоў, які да пандэміі каранавірусу і падзей лета 2020 года ў Беларусі актыўна выступаў у Расіі, у размове са Свабодай пацвердзіў нежаданне вяртацца на расійскі рынак пасля пачатку вайны ва Украіне.

«Я для сябе і іншых адэкватных гуртоў не бачу аніякай маральнай магчымасці выступаць у Расіі пасля такіх падзей, — кажа суразмоўца. — І, думаю, гэта як мінімум вельмі надоўга, калі не назаўжды».

Па словах дырэктара, вялікіх выступаў у Беларусі гурт не меў з 2020 года, і пакуль такіх не прадбачыцца ўвогуле. Зараз ідзе праца па арганізацыі невялікага туру па краінах Еўрасаюза. На гэтым усё, іншых планаў гурт пакуль не мае.

Па інфармацыі Свабоды, падобная сітуацыя і ў іншых беларускіх гуртоў, якія маюць вядомасць ва Украіне і Расіі і да лютага 2022 года актыўна выступалі там з канцэртамі. Некаторыя з іх адкрыта выступілі супраць вайны ва Украіне.

У апублікаваным нядаўна расійскім «чорным спісе» з прозвішчамі артыстаў, якім забароненая дзейнасць на тэрыторыі краіны, беларусаў няма, але яны адмаўляюцца ад такіх выступаў самастойна. Так ужо зрабілі, напрыклад, «Петля Пристрастия» і Nizkiz, чые выступы былі запланаваныя на буйным расійскім фестывалі «Дзікая мята», што мае прайсці ў Калужскай вобласці ў чэрвені. Па інфармацыі Свабоды, абодва гурты адмовіліся ад удзелу і ўжо плануюць на гэты час выступленні ў іншых краінах. Nizkiz збіраецца выступіць у Тбілісі, «Петля» анансавала невялікі тур па сумежных з Беларуссю краінах Еўрасаюза. У сваіх сацсетках гурт актыўна падтрымаў Украіну і збірае грошы на патрэбы ўкраінскіх уцекачоў.

«У Мінску вялікіх канцэртаў зараз няма ўвогуле, — расказаў Свабодзе адзін з музыкаў, які застаецца ў Беларусі і працягвае выступаць. — Граць можна толькі на малых пляцоўках, у барах. Людзей прыходзіць даволі шмат, але гэта толькі таму, што больш нічога не адбываецца.

Атмасфера ў Мінску зусім не для музычных канцэртаў. Нават калі і ўдаецца крыху абстрагавацца, то ненадоўга. Навіны ўсе чытаюць. Цяпер стала не да музыкі, і я не ведаю, калі мы ўсе вернемся да ранейшых часоў».

У афішы, апублікаванай на сайце адной з самых папулярных канцэртных пляцовак краіны — клуба «Рэпаблік», выступаў беларускіх гуртоў няма ні ў траўні, ні на працягу ўсяго лета.

«За абцякальнымі фразамі больш не схаваешся»

«Усе, хто раней быў па-за палітыкай, апынуліся ў гэтай палітыцы па вушы, — кажа Сяргей Будкін. — Цікава назіраць, як зараз усё пераарыентоўваецца.

Артыстам патрэбная публіка. У Сяргея Міхалка заўсёды прыярытэтнымі былі расійскі і ўкраінскі рынкі, а зараз ягоны гурт робіцца такім прадуктам для замежжа, бо не стала ні таго, ні другога. Ягоны еўрапейскі тур — такая добрая камерцыйная прыдумка, якая дазволіць артыстам выжыць. Мы ж разумеем, што гэта ўсё не толькі за ідэю. Трэба захаваць саміх сябе, у гэтым нічога дрэннага няма».

Згадвае Сяргей і пра NAVI-бэнд, які пасля 2020 года страціў беларускі рынак, спрабаваў заваяваць расійскі, але цяпер гэта таксама можа стаць немагчымым.

«Можа, мы зараз убачым новы, цалкам беларускамоўны NAVI з канцэртам у якой-небудзь еўрапейскай сталіцы і патэнцыялам не толькі музыкаў для дыяспары, — кажа Будкін. — Што будзе з тым жа Каржом, цяжка прадказаць. Бо гэта ўжо сусветны рускамоўны прадукт, у яго ёсць шанец захаваць свой статус, гастраляваць па розных пляцоўках.

Але без выразнага агучвання сваёй пазіцыі Корж будзе губляць вядомасць і ўрэшце са стадыёнаў можа скаціцца ў невялікія клубы. Прыйшоў час, калі трэба рабіць выбар. За абцякальнымі фразамі больш не схаваешся».

Сяргей Будкін кажа, што сённяшняя крызісная сітуацыя можа стаць штуршком для беларускіх музыкаў. І, адпаведна, не знішчыць беларускую музыку, а вывесці яе на новы ўзровень.

«На гэтым разломе могуць нарадзіцца сапраўдныя шэдэўры, з'явы, — кажа Будкін. — У тым ліку ў музыцы.

Таму што ў сітуацыі пераменаў, у сітуацыі такога міжчасся акурат і з'яўляюцца трыгеры для творчасці. Калі трэба вырашаць, дзе ты і хто ты, куды табе далей ісці. Я б глядзеў аптымістычна на гэта. І думаю, што росквіт беларускай культуры, у тым ліку музыкі, можа адбыцца пад уплывам у тым ліку гэтых экстрэмальных умоваў. Тут галоўнае — не разгубіцца і трымацца ідэі, што мы ствараем новую рэальнасць. Што мы маем дачыненне да таго, што будзе звацца Новай Беларуссю».

Чытайце таксама:

«Мінск нібыта стаў пустым». Як цяпер жывуць тусовачныя Зыбіцкая, Кастрычніцкая і Рэвалюцыйная

Беларусізацыя Стамбула. Як спявачка з Мінска з-за рэпрэсій тэрмінова пакінула радзіму і цяпер жыве ў Турцыі

«Мы маем справу з татальнай забаронай на рэфлексію». Сяргей Будкін — пра пазітыўныя і негатыўныя вынікі года ў культуры

Каментары

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»10

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»

Усе навіны →
Усе навіны

Эмінем стане дзедам

Былы нямецкі міністр схуднеў на 30 кілаграмаў і адправіў вопратку ва Украіну

Што з выездам з Беларусі па стане на раніцу суботы?

Як хутка засаліць грыбы (каб узімку яны былі як свежыя)2

У Беларусі новае экстрэмісцкае фармаванне — «Школа лідарства для жанчын»2

Серыяльныя забойцы: справу братоў Менэндэс 35-гадовай даўніны разгледзяць зноў з-за серыяла Netflix4

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень4

Памочнікі Палесціны сталі фаварытамі Нобелеўскай прэміі міру. Як так атрымалася?6

Помнік Францыску Скарыну ў Калінінградзе перанеслі на іншае месца4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»10

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»

Галоўнае
Усе навіны →