Амірані Бутыяшвілі асудзілі на тры гады хіміі за дзве акцыі пратэсту
Суд Ленінскага раёна Мінска 24 сакавіка вынес прысуд паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Амірані Бутыяшвілі. Суддзя Юлія Шут прызначыла мінчуку тры гады «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Мінску 9 і 10 жніўня 2020 года.
Амірані вызвалілі ў зале суда пасля двух месяцаў пад вартай.
Асноўнымі доказамі ўдзелу мінчука ў акцыях пратэсту сталі фота і відэа з яго тэлефона. Амірані пацвердзіў, што рухаўся па праезнай частцы, фатаграфаваў супрацоўнікаў міліцыі, якія са шчытамі перакрывалі шлях да станцыі метро «Няміга».
Суд выключыў з абвінавачвання ўказанне пра тое, што абвінавачаны выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, паколькі «апошні адмаўляў паказанае, а дакладных доказаў, якія пацвярджаюць зваротнае, суду не прадстаўлена».
Каментары