Меркаванні

Дзмітрый Навоша: Нават праз 10—15 гадоў пасля разбурэння нашага таталітарызму мы будзем сустракаць бабуль-лукашыстак

У 2022-м вайна — гэта не толькі калі ракеты бамбяць гарады і танкі пераходзяць дзяржаўныя межы, але калі яшчэ і вядуцца сапраўдныя баявыя дзеянні ў тэленавінах, мемах і фэйках. Хто апынаецца ў зоне паражэння і атрымлівае смяротныя траўмы, сайт kyky.org абмеркаваў з Дзмітрыем Навошам, гендырэктарам і сузаснавальнікам Tribuna Digital.

«Вы за вайну, ці вас пасадзіць?»

KUKU: Ці варта давяраць апытанням грамадскай думкі, якія паказваюць каласальную падтрымку Пуціна і «спецаперацыі»?

Дзмітрый Навоша: Кароткі адказ: не асабліва. Калі даўжэй, то ФОМ, УЦДГМ і іншым «кантраляваным» сацыёлагам даўно веры няма, іх лічбы — проста падвід гэтай усёахопнай крамлёўскай хлусні. Сацыялогія ў Расіі не столькі інструмент пазнання рэальнасці, колькі інструмент яе пераўтварэння. Людзям, хто супраць Пуціна, з дапамогай такой «сацыялогіі» даводзяць, што яны адшчапенцы, маргіналы.

Да сацыялогіі «Левады» давер ёсць. Але падчас вайны і рэпрэсій нават звесткі незалежных сацапытанняў варта ўспрымаць са скепсісам. Гэта ж, па сутнасці, апытанні накшталт «вы за вайну, ці вас пасадзіць?»

Сказанае, вядома, не значыць, што расіяне супраць вайны — а толькі тое, што рэальныя лічбы па яе ўспрыманні нам даведацца няма адкуль. Многія па-ранейшаму знаходзяцца ў шчаслівым тэлевізійным дэлірыі, дзе «укры бамбяць самі сябе», а войска РФ нясе дабро і свабоду. А частка людзей, нават убачыўшы ў Інтэрнэце рэальнасць гэтай варварскай вайны, адрэагавалі на яе патрыятычнымі сутаргамі. Сярэдні чалавек, без відавочных псіхалагічных адхіленняў, не можа камфортна ўспрымаць сябе часткай зла (тут у мяне ў галаве круціцца «Ганс, мы што, злыдні?»), таму мозг сам падсоўвае людзям нейкія апраўданні.

— Калі апытанні праўдзівыя — у вас ёсць нейкае тлумачэнне, чаму фактычна той жа адсотак, які ў РФ падтрымлівае вайну, у Беларусі — супраць вайны (у прыватнасці — супраць удзелу ў ёй беларускіх войскаў)?

— У Беларусі менш людзей, якія паддаюцца тэлепрапагандзе. Так было яшчэ ў 2020-м — інакш Лукашэнка не прайграў бы выбары. Плюс у Расіі ёсць яшчэ такі кампанент, як імперства, уся гэтая шавіністычная пыха. Беларусам хоць бы яно, на шчасце, не ўласцівае. У нас іншыя «шкодныя звычкі» — напрыклад, савок і вывучаная бездапаможнасць.

Зноў жа, якаснай сацыялогіі па Беларусі мала. Я давяраю лічбам майстэрні Вардамацкага або Chatham House, але іх апытанні маюць свае абмежаванні. Даводзіцца ўлічваць іншыя фактары — дадзеныя «Голаса», дадзеныя па аўдыторыі ў медыя — прапагандысцкіх vs. незалежных. А таксама няздольнасць Лукашэнкі збіраць масавыя мерапрыемствы ў сваю падтрымку — у той час як Пуцін зганяе на свой вайсковы шабаш у Лужніках пад 200 тысяч.

— Чаму прапаганда мусіруе менавіта тэму нацызму, а не нейкую іншую? 

— Дык гэта ж галоўная расійская рэлігія — культ Другой сусветнай (а зусім не праваслаўе). Скрэпа. Гэта вельмі зручна. Убіў у галаву правінцыйным падлеткам, што «нацысты — гэта вунь тыя», і ўсё: у цябе ёсць тысячы і тысячы салдат, гатовых губляць канечнасці ў бессэнсоўнай бойні і паміраць у прыдарожнай канаве пад Ізюмам.

— Салаўёў, Скабеева, Сіманьян, Азаронак, Тур — прыклады, скажам так, паспяховых прапагандыстаў. З тым жа Пратасевічам выйшла відавочная асечка. Як думаеце, як людзі, якіх многія ведалі як перспектыўных журналістаў, становяцца рупарамі прапаганды? І чаму ў іншых не выходзіць?

— Азаронка і іншых лукашэнкаўскіх гебельсятаў паспяховымі лічыць, шчыра кажучы, не схільны. Паўтаруся, яшчэ да 2020 года беларуская прапаганда кантралявала ў асноўным маргіналаў або пажылых, якіх дзеці не навучылі карыстацца смартфонам. Каб беларуская прапаганда была паспяховай, не прыйшлося б кідаць за краты дзясяткі журналістаў і блогераў, блакаваць і забараняць усе незалежныя медыя, крыміналізаваць падпіску на іх.

У Расіі прапаганда разнастайнейшая і хітрэйшая, карыстаецца неабмежаванымі рэсурсамі. Гаворка рэальна пра мільярды даляраў кожны год.

Разбіраць матывы прапагандыстаў можна доўга — у каго грошы, хто «ўвайшоў у ролю» і зжыўся з ёй, а хто ад пачатку гніда, прыстасаванец або шавініст.

— Арастовіч — гэта прапаганда?

— Арастовіч не журналіст, яго нельга ўспрымаць як «чалавека над сутычкай». Ён удзельнік сутычкі, прадстаўнік улады краіны, што ваюе. Зразумела, ён «ваюе за сваіх, — гэта значыць адбірае факты і інтэрпрэтуе іх так, каб украінцы верылі ў сябе больш, а рускія — менш. Але калі б ён хлусіў так адчайна, як афіцыйныя прадстаўнікі РФ, яго б не глядзелі столькі людзей паўсюль, уключаючы Беларусь.

— Ясна, што расійскі бок гандлюе фэйкамі шмат гадоў. Але цяпер і ўкраінскі бок не саромеецца фэйкаў, і прызнае гэта. На вайне «не да законаў»?

— Ёсць «туман вайны», ёсць памылкі. Мабыць, што і наўмысных маніпуляцый хапае. Але я тут не схільны апранаць белае паліто і выносіць вердыкты — ці, барані Божа, скочвацца ў гэтае ўбогае «ўсё не так адназначна». Па-мойму, у гэтай вайне ўсё якраз цалкам адназначна. Зразумела, хто агрэсар, а для каго гэтая вайна — вызваленчая, Айчынная.

— Ці згодныя вы з гіпотэзай, што вайна вядзецца на двух франтах: «у полі» і ў інфармацыйным парадку дня? Калі так, то як бы размеркавалі працэнтныя суадносіны важнасці гэтых франтоў у цяперашняй вайне?

— Ды вядома. Удзельнікі вайны не толькі паведамляюць нешта свайму народу, але таксама спрабуюць уздзейнічаць на праціўніка, а таксама на сусветную грамадскую думку. Працэнты мне не падлічыць. Але калі б Украіна не трымалася і на полі бою, і палітычна/інфармацыйна так добра, то не атрымлівала б столькі дапамогі і падтрымкі ад усяго цывілізаванага свету.

— Ад зброі на фізічнай вайне гінуць людзі. Якія наступствы інфавайны?

— Ну, мы бачым па той жа Расіі — паўкраіны кантужана прапагандай. Людзі адмаўляюцца ўспрымаць факты, бо гэтыя факты бураць усю іх карціну свету. І ў Беларусі такіх кантужаных хапае. Нават праз 10—15 гадоў пасля разбурэння нашага таталітарызму мы будзем сустракаць асобных бабуль-лукашыстак — як у 90-я сустракаліся сталіністы.

Расія вядзе гэтую вайну, вядома, у зусім варварскіх традыцыях XX стагоддзя. Тыпу, хто моцны — той і мае рацыю, знішчым іх, а потым «пераможца напіша гісторыю». Але цяпер амаль усё анлайн, усім адразу, без усялякіх гісторыкаў, бачныя відавочныя ваенныя злачынствы і відавочна зло. Адсюль жа столькі жадання ў свеце дапамагаць Украіне.

«Міністэрства цэнзуры? Ні ў якім выпадку!»

— Дзе мяжа таго, што ты змагаешся з прапагандай і выкрываеш яе, — і таго, што сам становішся прапагандыстам, проста з іншага боку? Яскравы прыклад — БелТА і Хартыя, як два бакі аднаго медаля.

— Ну, калі ёсць дзве крыніцы навін, два погляды на тое, што адбываецца (нават калі гэта крайнія погляды) — гэта ўжо лепш, чым таталітарнае насаджэнне адзіна правільнай інтэрпрэтацыі. Проста крыніц павінна быць больш, канкурэнцыя меркаванняў і інтэрпрэтацый — шырэйшая.

— Познер неяк казаў, што больш за ўсё яму сорамна за тое, што калісьці ён быў прапагандыстам. Сёння Познер маўчыць пра вайну. Маўчанне ў цяперашняй сітуацыі — гэта ўжо падтрымка?

— На мой асабісты погляд, Познер не проста «калісьці быў», ён і застаўся прапагандыстам. Пуцінская прапаганда — хітрая і складана ўладкаваная, у яе ёсць інструменты для самых розных аўдыторый. Познер — інструмент для тых, хто разумнейшы.

І так, гэта проста дзіўна, што цяпер яму даводзіцца прыкідвацца мёртвым. Проста маўчаць пра галоўную падзею ў гісторыі Расіі, Украіны за тры дзесяцігоддзі.

— Вы шмат гадоў жылі і працавалі ў Расіі. Можаце растлумачыць, чаму многія зоркі стаўленне да вайны выказалі максімум у сумных пастах у Instagram?

— Банальная гісторыя пры дыктатуры: страх, негатоўнасць страціць у грашах. Тое, што столькі прыкметных людзей, ад навукоўцаў і рэжысёраў да рэпера Фэйса, выказаліся пра вайну наўпрост і без выкручванняў — ужо вялікі прагрэс.

— Дзмітрый, як вы зараз ставіцеся да медыяпраектаў, у якіх прымаеце ўдзел: гэта СМІ «над сутычкай» або медыя, якія відавочна занялі бок — і, атрымліваецца, размылі мяжу паміж журналістыкай і прапагандай?

— Падыход «Трыбуны», усіх нашых рэдакцый ва ўсіх краінах, гранічна просты і празрысты: інфармацыю мы даем усю, нічога не ўтойваем. Публікуюцца навіны ўсіх рэлевантных крыніц, нават калі яны нам не падабаюцца. Што да ненавінных публікацый, артыкулаў і пастоў, то мы, наадварот, заахвочваем кожнага аўтара выказваць свае думкі, нашы медыя — гранічна аўтарскія, без халоднага фармалізму.

Іншымі словамі — максімальна аб'ектыўныя факты і максімальна суб'ектыўныя асабістыя меркаванні. Прычым усе маюць права на меркаванні — не толькі аўтары, але і карыстальнікі, у каментарах або блогах.

— Ці трэба новай Беларусі Міністэрства інфармацыі?

— У сэнсе Міністэрства цэнзуры? Вядома ж, не. Ні ў якім выпадку. Адсутнасць цэнзуры, канкурэнтны медыйны рынак важныя ў той жа ступені, што і палітычная канкурэнцыя і свабодныя выбары. Без усяго гэтага краіна проста зойдзе на наступнае кола пакут, нават калі памяняць «дрэннага цара» на «добрага».

— Ці змянілася ваша стаўленне да беларусаў як нацыі? Бо мы перасталі быць «улюбёнцамі свету». Асабліва на фоне ўкраінцаў, якія абараняюць сваю краіну. Як думаеце, у што трансфармуецца бачанне беларусаў з боку іншых краін?

— Маё — не, не памянялася. Згуртаванасць украінцаў, гатоўнасць ваяваць і валанцёрыць — фенаменальныя. Але гэта ж само па сабе не гарантуе ўкраінцам абавязковай перамогі, хоць я вельмі ў яе веру. Салідарнасць, мужнасць соцень тысяч беларусаў у 2020-м таксама былі фенаменальныя. Гэта будзе вяхой у гісторыі краіны.

Тое, што лукашыстам удалося задушыць народную хвалю 2020-га — сапраўдная катастрофа. Унутры гэтай катастрофы мы зараз і знаходзімся, статус краіны-суагрэсара — толькі адзін з яе элементаў, а рызыка наогул страціць краіну — адна з ключавых рызык. Але чым усё скончыцца і як нас будуць успрымаць у свеце, па-ранейшаму залежыць ад беларусаў.

— Якая краіна, на ваш погляд, перамагае: Беларусь ці «Белоруссия»? 

Тут быццам бы належыць сказаць што-небудзь аптымістычнае, і сярэднетэрмінова я — вядома ж, аптыміст. Лукашызм супрацьнатуральны, нежыццяздольны, а таму і не выжыве. Нават калі ніхто наогул ніяк не будзе яму супраціўляцца. Але добра б усё ж такі супраціўляцца па меры сілаў, неяк паскараць працэс — бо занадта дорага нам, як народу, абыходзіцца кожны наступны месяц ці дзень.

Каментары

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?6

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?

Усе навіны →
Усе навіны

Як дзяцей у Германіі пазбаўляюць ад страху чытання ўслых? У школу клічуць сабаку-слухача! 3

Веласіпедыстаў зноў абавяжуць спешвацца на пешаходных пераходах. Самакатчыкаў таксама6

Івулін і Астапеня запусцілі падарожна-культурніцкае шоу «Гэта топ!» ВІДЭА11

Нарэшце пойдуць дажджы

Сёння пачынаюць судзіць гісторыка Ігара Мельнікава2

Што цяпер чуваць пра воспу малпаў, якую месяц таму абвясцілі пагрозай свету?1

«Мама, ён ударыў яго аб дрэва!» Падрабязнасці жорсткага забойства кацяняці ў Мінску1

Літва рыхтуе Нацыянальны план масавай эвакуацыі7

Ідэолаг Мінабароны расказаў, што гульню Pokemon Go выкарыстоўвалі для шпіянажу — збіралі даныя пра авіябазу ў Мачулішчах13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?6

Расія ўнесла ў папярэдні спіс ЮНЕСКА Брэсцкую крэпасць. Але чаму Расія?

Галоўнае
Усе навіны →