«Шмат людзей, дзясяткі тысяч людзей былі эвакуяваныя. У некаторых гарадах — 25, 35, 40 тысяч, усяго сотні тысяч. Аднак відавочна, што сотні тысяч заблакаваныя. Яны быццам бы ў родным горадзе, але быццам бы за кратамі знаходзяцца. Напрыклад, у Марыупалі, у горадзе, у якім паўмільёна людзей было да пачатку гэтай поўнамаштабнай вайны з боку Расеі, акупацыі і блакавання ўсіх гуманітарных калідораў, блакавання абсалютна ўсяго — паставак харчавання, вады і лекаў, — цяпер там знаходзіцца каля 150 тысяч грамадзян Украіны. І ёсць вялікая колькасць трупаў проста на вуліцах, на тратуарах, і вельмі вялікая колькасць параненых людзей — ваенных і грамадзянскіх», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што эвакуацыя праходзіць, калі расейскі бок згаджаецца з украінскімі прапановамі па адкрыцці калідораў. На сёння калідораў, каб завезці харчовыя прадукты ці ваду ў захопленыя Расеяй гарады, няма.

«Калідоры, пра якія мы дамаўляемся з Расіяй, калі яны адкрываюць, каб з горада з'ехалі людзі… На тым або іншым транспарце ці ішлі пешшу дзясяткі кіламетраў да кропкі, дзе наш транспарт можа ўзяць людзей, — да гэтай кропкі 120 кіламетраў. Вы разумееце, што пешшу 120 кіламетраў прайсці проста немагчыма. Многія ішлі, шмат людзей, на жаль, загінулі па дарозе, сёй-той падбіраў каго, іх выпусцілі на сваім транспарце з гэтых заблакаваных гарадоў», — распавёў Зяленскі.

Паводле яго слоў, украінскі бок штодня прапануе разблакаваць Марыупаль і даць магчымасць праехаць туды транспарту. Многія кіроўцы не даехалі, многія людзі былі расстраляныя.

«Мы пасылалі гэтых кіроўцаў не толькі з журналістамі, але і з прадстаўнікамі цэркваў. Таму што мы думалі, што тыя людзі не будуць страляць па прадстаўніках цэркваў, таму што гэта ўжо за межамі разумення», — адзначыў Зяленскі.

Ён дадаў, што хтосьці праязджаў палову шляху, а потым усё блакавалася і транспарт расстрэльвалі.

«Таму на сёння мы маем толькі такі шлях — яны згаджаюцца і адкрываюць заблакаваны горад, адтуль выязджаюць людзі як могуць, а ніякія прадукты харчавання, ваду і лекі немагчыма давезці туды, да людзей. Таму там гуманітарная катастрофа», — сказаў Зяленскі.

24 лютага прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Войскі рускіх захопнікаў абстрэльваюць і знішчаюць ключавыя аб'екты інфраструктуры, ажыццяўляюць масіраваныя абстрэлы жылых раёнаў гарадоў і вёсак з выкарыстаннем артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і балістычных ракет, авіябомбаў.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
4