Адміністрацыйная справа, заведзеная на Насту Палажанку па факце распаўсюджаньня буклетаў на нацыянальную тэматыку ў Івянцы, спыненая.
Намесьніца старшыні незарэгістраванага «Маладога Фронту» Наста Палажанка атрымала ліст зь Валожынскага раённага адзьдзела міліцыі з паведамленьнем пра спыненьне адміністрацыйнай справы за распаўсюд буклетаў, прысьвечаных нацыянальным сымбалям Беларусі - бел-чырвона-беламу сьцягу й гербу «Пагоня».
У лісьце за подпісам падпалкоўніка Якутовіча В.Р паведамляцца, што зьмест буклетаў не супярэчыць заканадаўству Беларусі, а таму справаводства па гэтым факце спынена.
«Ня думаю, што гэта праява нейкіх зьменаў ці дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне, хутчэй - гэта проста ў нечым самастойна прынятае рашэньне раённай міліцыі, на якую ня ціснулі «зьверху». У той жа час такое рашэньне - гэта стымул для моладзі, прыклад таго, што ня трэба баяцца распаўсюджваць матэрыялы, у якіх не ўтрымліваецца нічога кепскага», - мяркуе Наста Палажанка.
Нагадаем, некалькі тыдняў назад актывістка МФ Наста Палажанка была затрымана каталіцкімі дружыньнікамі й міліцыянтамі падчас малітоўнай сустрэчы ў Івянцы за распаўсюд буклетаў на нацыянальную тэматыку. На дзяўчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол.
Каментары