Аляксей Данілаў: Расія перакідае частку войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей на Данецкі і Харкаўскі напрамкі
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у эфіры падчас украінскага тэлемарафону паведаміў, што Расія перакідае частку войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей на Данецкі і Харкаўскі напрамкі.
«Частка тых людзей, якія былі на Чарнігаўскім і на Кіеўскім напрамках, перадыслакуюцца. Частка з іх з'яўляецца на Харкаўскім і Данецкім напрамках. Там цяпер праціўнік узмацняе свае групоўкі, каб паспрабаваць узмацніць ціск на нашых хлопцаў, якія абараняюць Украіну ў Харкаўскай, Данецкай і Луганскай абласцях», — сказаў Данілаў.
Таксама ён адзначыў, што цяпер Расія збірае з усяго свету наймітаў для вайны ва Украіне.
«Магу сказаць, што наша разведка выразна адсочвае, адкуль ідуць гэтыя групоўкі. Больш за тое, мы маем вялікі аб'ём інфармацыі, хто менавіта ўваходзіць у гэтыя групоўкі. Мы неаднаразова казалі, што ўсе, хто на сённяшні дзень прыйшоў на нашу зямлю забіваць нашых грамадзян, будуць абавязкова пакараныя», — сказаў сакратар РНБА Украіны.
Каментары