Маравецкі: Польшча да канца года адмовіцца ад расійскай нафты, ад вугалю — да канца красавіка
«Мы ўвядзём поўнае эмбарга на вугаль з Расіі, спадзяюся, што ў красавіку, не пазней, будзе поўны сыход ад расійскага вугалю», — заявіў Маравецкі на прэс-канферэнцыі, паведамляе reform.by.
Паводле яго слоў, рашэнне адмовіцца ад расійскага вугалю Польшча прымае ў аднабаковым парадку, не чакаючы рашэння Еўракамісіі. У красавіку адпаведны законапраект будзе пададзены ў Сейм.
Маравецкі таксама анансаваў адмову ад расійскай нафты да канца года.
«Мы сёння падышлі да таго, што мы ўжо шмат у чым незалежныя, але і тут мы прадстаўляем самы радыкальны ў Еўропе план па адмове ад расійскай нафты да канца гэтага года», — сказаў ён.
Кіраўнік польскага энергетычнага канцэрна Orlen Даніэль Обайтэк заявіў, што літоўскі НПЗ кампаніі ўжо адмовіўся ад расійскай сыравіны. Сёлета ў Orlen заканчваецца кантракт на расійскую нафту. Ён не будзе працягвацца. Яшчэ адна дамова аб пастаўках будзе дзейнічаць да 2024 года, але кампанія разглядае розныя сцэнарыі для выканання абяцання аб адмове ад расійскай сыравіны.
Матэвуш Маравецкі таксама заклікаў Еўракамісію ўвесці падатак на расійскія энергарэсурсы.
«Заклікаю сёння Еўракамісію, каб увяла падатак на расійскія вуглевадароды так, каб гандаль таксама быў справядлівы, і каб эканамічныя ўмовы былі роўнымі на адзіным еўрапейскім рынку», — сказаў ён.
Каментары