Пад санкцыі Еўрасаюза «за садзеянне расійскай агрэсіі» трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў
Рада Еўрасаюза ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расійскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным спісе» разам з кіраўніцтвам Расіі і дэпутатамі Дзярждумы апынуліся 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, піша Радыё Свабода.
«Гэты напад з'яўляецца абуральным парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны», — гаворыцца ў дакуменце.
Прынятыя цяпер абмежавальныя захады — пашырэнне санкцый за анексію Крыма, якія ЕС увёў супраць 21 расійскага і крымскага палітыка 17 сакавіка 2014 года.
Санкцыі прадугледжваюць забарону ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза ці транзіту, а таксама замарозку «ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, якія належаць, знаходзяцца ва ўласнасці або кантралююцца гэтымі асобамі».
У цяперашнім санкцыйным сьпісе апроч прозвішчаў Уладзіміра Пуціна, міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, членаў Савета нацыянальнай бяспекі Расіі і дэпутатаў Дзярждумы таксама і 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія «садзейнічалі расійскай ваеннай агрэсіі з Беларусі».
- Уладзіслаў Бруеў — начальнік Гомельскай памежнай групы
- Алег Эйбатаў — начальнік Мазырскага памежнага атрада
- Дзьмітрый Віннікаў — начальнік Пінскага памежнага атрада
- Аляксандр Пашкевіч — начальнік штаба вайсковай часці 65408 (Лунінец)
- Аляксандр Лазіцкі — камандзір вайсковай часці 65408
- Андрэй Лук’яновіч — намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сілаў
- Аляксандр Крывец — камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда)
- Юрый Пыжык — камандзір 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы)
- Уладзімір Купрыянюк — начальнік штаба — першы намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання
- Андрэй Некрашэвіч — начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сілаў
- Віктар Гулевіч — начальнік Генеральнага штаба УС
- Аляксандр Вальфовіч — дзяржсакратар Савета бяспекі
- Андрэй Жук — намеснік міністра абароны
- Сяргей Сіманенка — намеснік міністра абароны па ўзбраенні
- Андрэй Бурдыка — намеснік міністра абароны па тыле
- Мікалай Рагашчук — памочнік Лукашэнкі — інспектар па Гомельскай вобласці
- Вадзім Дзенісенка — камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацый Беларусі
- Ігар Дземідзенка — камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання
- Юрый Шулейка — старшыня Брэсцкага аблвыканкама
- Іван Крупко — старшыня Гомельскага аблвыканкама
ЗША таксама ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу фізічных асоб, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расійскай інтэрвенцыі ва Украіну. У спісе 15 юрыдычных і 8 фізічных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам.
Каментары