«Пакажыце сумачку». Сілавікі правяраюць рэчы людзей на ўваходах на выбарчыя ўчасткі
«На ўваходзе пастаянна дзяжураць два супрацоўнікі, пільна праглядаюць рэчы кожнага выбаршчыка».
«Прыходжу ўчора на працу, і толькі зайшоў у дзверы, як да мяне падыходзяць два міліцыянты.
Ведаючы, што многіх любяць забіраць проста з працы, я падумаў: «Ну што ж, прыйшоў і мой час пасядзець ні за што». Аказалася, што ў нас участак для «рэферэндуму», і міліцыянты хацелі праверыць заплечнік, каб я не прынёс якую-небудзь бомбу.
Падзяліўся ўражаннямі з калегамі, і ўсе адказалі тое ж самае — вырашылі, што гэта па іх прыйшлі. У цікавы і страшны час жывем», — расказаў сталічны настаўнік.
Ці сапраўды адчувальная прысутнасць выбарчых участкаў у школах, «Наша Ніва» пацікавілася ў настаўнікаў.
«У нас у школе ўчасткі ёсць, — распавядае настаўніца сталічнай школы. — Але на навучальны працэс гэта не ўплывае. З дыскамфорту — толькі супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць і сядзяць у настаўніцкай».
А вось настаўніца іншай школы кажа, што для міліцыі ў іх выдзелілі асобны кабінет, таксама асобны для непасрэдна выбарчага ўчастка, такім чынам перакрылі цэлы калідор, дзяцей, настаўнікаў туды не пускаюць.
«На ўваходзе пастаянна дзяжураць два супрацоўнікі, пільна праглядаюць рэчы кожнага выбаршчыка і нашы: «Вы куды? Пакажыце сумачку».
Каментары