Да 2023 года плануецца пачаць серыйны выпуск электрагрузавіка, створанага на «Белкамунмашы», а пакуль вядуцца доследна-канструктарскія працы, паведамляе reform.by.
Беларускі электрагрузавік, як расказваецца ў сюжэце пра яго тэлеканала СТВ, плануюць пастаўляць па ўсім свеце. Таму руль і сядзенне кіроўцы размясцілі па цэнтры салона — каб яго можна было з аднолькавым поспехам выкарыстоўваць у краінах з правабаковым і левабаковым рухам.
Замест люстэркаў задняга віду ў гэтым аўтамабілі выкарыстоўваюцца камеры, відэа з якіх выводзіцца на маніторы на стойках усярэдзіне кабіны.
Пусты грузавік, па словах стваральнікаў, разганяецца да 100 кіламетраў на гадзіну за 5 секунд, пры максімальнай загрузцы (20 тон) — за 10 секунд.
За аснову дызайну узяты дызайн электробусаў «Белкамунмаша», якія ўжо выкарыстоўваюцца ў Мінску. Час хуткай зарадкі батарэй, таксама беларускай вытворчасці, — паўтары гадзіны.
Каментары