Чаму тыя, хто жыве разам з хворымі на кавід, не заўсёды ад іх заражаюцца
Вось што эксперты кажуць пра вашы шансы атрымаць кавід, калі вы жывяце з хворым на яго чалавекам.
Сітуацыя ў шмат у якіх сем’ях: адны заражаюцца кавідам, а да іншых гэты вірус не прыстае. Як такое магчыма? І ці можна не атрымаць ад блізкіх нават такі заразны штам кавіду, як амікрон?
У пачатку пандэміі навукоўцы вылічылі, што прыкладна 10—20% выпадкаў, калі хворы чалавек жыве разам са здаровымі, заканчваюцца новымі заражэннямі. Іншыя даследаванні даюць лічбы 25—30%, піша HuffPost.
Калі ўзнік амікрон — штам, нашмат больш заразны за мінулыя — гэты працэнт павысіўся недзе да 30%. Новы падвід амікрона, стэлс-амікрон, перадаецца яшчэ лягчэй. У выпадку з ім больш за 40% хатніх кантактаў з хворымі прыводзяць да новых заражэнняў.
Ёсць розныя фактары, якія ўплываюць на хатнюю перадачу віруса. Напрыклад, некаторыя людзі выдзяляюць больш вірусных часцінак, чым іншыя. Гэта датычыць у тым ліку і людзей з аслабленым імунітэтам.
Таксама на тое, ці заразіцца чалавек ад блізкага, уплывае наяўнасць у яго антыцел. У выпадку, калі вы хварэлі на бессімптомны кавід, вы можаце нават не ведаць, што такія антыцелы ў вас ёсць — тым не менш, яны абароняць вас ад новай інфекцыі.
У любым выпадку важна не забываць пра прафілактыку. Калі дома ёсць хворы на кавід, варта ізаляваць яго ад астатніх жыхароў, адвесці яму асобны пакой. Калі ж гэта немагчыма, здаровым трэба захоўваць як мага большую дыстанцыю ад хворага. Добра, калі кожны жыхар будзе насіць высакаякасную маску ці рэспіратар, якія будуць шчыльна прылягаць да твару (напрыклад, тыпу N95). Таксама медыкі рэкамендуюць праветрываць дом як мага часцей, выкарыстоўваць фільтры для паветра (напрыклад, фільтры НЕРА) і праводзіць з хворым як мага менш часу ў адным памяшканні.
Каментары