Скурко ў турме напісаў магутны антываенны твор. Паслухайце песню на яго словы
Палітзняволены рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко ў вязніцы пераклаў знакамітую ірландскую баладу «The Green Fields of France», прысвечаную Першай сусветнай. Фактычна, стварыў самастойны беларускі твор на той жа матыў.
«Андрэева любімая версія гучыць вось так», — піша ў Фэйсбуку яго жонка Паўліна. «Зараз можна спяваць яе і па-нашаму», — дадае яна.
Зроблены Скурко пераклад — гэта, фактычна, самастойны твор. Наперад адзначым такую тонкасць: Лявонам Задумам завуць героя кнігі «На імперыялістычнай вайне» беларускага класіка Максіма Гарэцкага.
Здароў, шараговец Задума Лявон,
даруй, што трывожу я сёння твой сон
на ўзгорку зялёным, між хвояў, дзе цень,
я сеў адпачыць, бо ішоў цэлы дзень.
Няма ані знаку, што ты тут ляжыш,
рассыпаўся ў порах бярозавы крыж.
Грудзьмі маладымі злавіў ты шрапнель
у 16-м годзе на царскай вайне.
Ці ўдарылі ў бубны,
ці схілілі харугвы,
ці зайграла ваярскую песню дуда?
Ці па-людску цябе адспявалі,
ці ў чыстай кашулі хавалі?
Што сталася з хатай пад ліпай старой,
што стала з бацькамі, з малодшай сястрой?
Што стала з дзяўчынай, якую кахаў?
Далёка ад іх ты ў паходзе сканаў.
На картачцы жоўтай няпэўны абрыс —
ён цудам збярогся ў паперах старых.
Хто гэта? — спытае прапраўнук сястры.
Плячыма пацісне дзядуля стары.
За імперскую славу,
за цара і дзяржаву
цябе з дому аднойчы забралі навек.
Ці ў белай кашулі хавалі?
А назаўтра цябе ці згадалі?
Тут Нарач іскрыстая б’е ў берагі
І летнімі краскамі вабяць лугі,
І жыта высокае стала сцяной.
Дзе газ, дзе пакуты, ваніты і гной?
На кожным пагорку, пад кожным грудком,
Без знакаў, імёнаў, без кветак, вянкоў
Ляжыць нечый бацька, ляжыць нечый сын —
Тут легла за месяц сто тысяч мужчын.
За імперскую славу,
За чужую дзяржаву
За чужы інтарэс іх паслалі на смерць.
Іх касцьмі гэты край засявалі
І дарэмна іх дома чакалі.
Няма і віны тваёй, дружа Лявон,
Што так без пары ты знайшоў тут свой скон.
На бойні чужой ты загінуў дарма
І рухнула следам народаў турма.
Каб нам тады сцяг наш узняць на вякі,
быць можа, тваёй не хапіла рукі?
Мо слова, мо верша, мо ўдару штыхом…
Спі моцна, Лявон, а мы далей ідзём.
«Калі пачынаў яе некалі рабіць, пазбягаў пафасных момантаў і густых фарбаў. Але апошні час навучыў не саромецца гэтага, калі душа просіць», — адзначае Скурко ў лісце.

На Скурковай роднай Мядзельшчыне ў 1916-м у час Нарачанскай аперацыі палягло 120 тысяч чалавек. Вось гэтыя цяпер спакойныя берагі Сэрвачы ў свой час былі палітыя кроўю і пакрытыя варонкамі. Менавіта іх уяўляе Андрэй, перакладаючы.

Жонка палітвязня Паўліна Скурко прыводзіць таксама сваю ўлюбёную версію гэтага твора.
Выдатны літаратар і менеджар, рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко знаходзіцца ў турме з 8 ліпеня 2021 года.
У той дзень затрымалі цэлую групу нашаніўцаў, тады ж адбыўся пагром у офісе, сайт быў заблакаваны.
Праваабаронцы прызналі Скурко і яго калегу Ягора Марціновіча палітзняволенымі і лічаць абвінавачванні палітычна матываванымі. Іх вызвалення запатрабавала Беларуская асацыяцыя журналістаў і міжнародныя журналісцкія саюзы.
За 2021 год крымінальныя справы на розных падставах былі заведзеныя супраць кіраўнікоў і журналістаў і іншых незалежных СМІ, у тым ліку Tut.by, БелаПАН, «Белсат», «Радыё Свабода».
Калі ласка, пішыце зняволеным нашаніўцам лісты і дасылайце бандэролі і грашовыя пераводы. А таксама дабівайцеся вызвалення іх ды іншых палітвязняў любымі даступнымі вам спосабамі
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновіч Ягор Аляксандравіч
Скурко Андрэй Генадзьевіч
Каментары