Здароўе

«Давялося прызвычаіцца да інтравертнага ладу жыцця». Беларуска пра тое, як жыве без прышчэпкі ў краіне з абавязковым «кавідным пашпартам»

Стаўленне да каранавіруса ў Еўропе неадназначнае. Некаторыя краіны здымаюць большасць абмежаванняў, іншыя абіраюць курс абавязковай вакцынацыі. У бліжэйшых да Беларусі еўрапейскіх краінах апошнія месяцы вакцынацыя працягвае адыгрываць важную ролю. Без так званага «пашпарта магчымасцяў» (унутраны дакумент з QR, які пацвярджае альбо адсутнасць кавіду, альбо актуальную вакцыну) жыць у Літве — той яшчэ квэст. Чытачка «Нашай Нівы» па здароўі не можа зрабіць прышчэпку ад каранавіруса. Як яна жыве ў краіне, дзе вакцынны пашпарт носяць з сабой усе, чытайце ў нашым матэрыялы. 

Па прыездзе ў Літву мяне чакала 10-дзённая самаізаляцыя. Пасля яе пачалося амаль звычайнае, бескавіднае жыццё, але зусім ненадоўга. І стаўленне да сур’ёзных абмежаванняў ўсяго ў 300 кіламетрах ад Мінска кардынальна іншае — у тым жа грамадскім транспарце маскі альбо рэспіратары носяць абсалютна ўсе. А калі ўвялі QR, без яго ўжо нельга было схадзіць у краму па прадукты, займацца спортам у зале, зрабіць новую прычоску ў цырульні і абнавіць манікюр, паглядзець ужывую валейбольны матч (і наогул усе спартовыя матчы, нават на вуліцы), купіць талеркі ў IKEA, зайсці па каву ў кавярню і паглядзець новага «Чалавека-павука» ў кінатэатры.

Наогул новаўвядзенні прыйшлі нечакана. Яшчэ ўчора можна было зайсці ў горадзе куды заўгодна, а сёння (і гэта да афіцыйнага ўвядзення «пашпарта магчымасцяў») кавярня з коцікамі не пусціла мяне нават на летнюю тэрасу: установам тады дазволілі ўводзіць у сябе абмежаванні раней па ўнутраным рашэнні. 

Гэтыя дні былі самыя дзіўныя, бо афіцыйна наяўнасць вакцыны яшчэ не была абавязковая для наведвання грамадскіх месцаў, але часта прыходзілася чуць выбачэнні, што мяне не могуць пусціць унутр.

Пасля разваг усё ж вырашыла прышчэпку не рабіць. Таму гэтыя дні аказаліся і самыя насычаныя, хацелася паспець усё: і знайсці адзенне, і купіць посуд, і нават схадзіць у аквапарк і лазню.

У выніку за наступныя 5 месяцаў мне прыйшлося прызвычаіцца да троху інтравертнага ладу жыцця і недзе пайсці на хітрыкі. Лічыце, што правяла сацыяльны эксперымент і цяпер расказваю, як беларусу выжыць без прышчэпкі ў еўрапейскай краіне.

Адно з самых вострых пытанняў, якое ў мяне паўстала, — гэта не кафэ, як магло здацца, а прадуктовыя крамы. Усе гандлёвыя кропкі, плошча якіх большая за 1500 кв. м, аказаліся закрытыя для людзей «без магчымасцяў». Для разумення маштабу: прыкладна 1500 кв. м маюць супермаркеты «Еўраопта» (раней «Еўраопт++»). 

Літоўскім крамам дазволілі рэгуляваць гэтае рашэнне, але толькі ў адзін бок: яны маглі кантраляваць пакупнікоў у крамах з меншай плошчай, але не маглі пускаць усіх ахвотных у крамы з большай. Напрыклад, 22 кастрычніка сетка LIDL закрыла для непрышчэпленых наведвальнікаў усе свае крамы ў краіне, а ўжо 6 снежня вырашыла паслабіць кантроль у некаторых з іх.

То-бок адзінага для ўсіх закона не было, прыходзілася пастаянна сачыць за зменамі і гугліць, у якія крамы мяне пусцяць. А таксама надакучваць знаёмым з пытаннямі, ці правяраюць у канкрэтным месцы вакцыну.

Некаторыя вырашалі «пазычыць» у сяброў іх QR-коды: фота на ім няма, а імя рэдка звяралі. Але пасля некалькіх масавых праверак такіх людзей станавілася менш і менш. 

Ідэальным рашэннем пакупкі прадуктаў аказалася дастаўка. З плюсаў — можна не выходзіць з дома. Асабліва гэта радавала ў завеі. Але і ёсць мінусы.

а) Калі ў вашым халадзільніку пуста, аператыўна купіць прадукты ніяк не атрымаецца: прыйдзецца пачакаць 2-3 дні.

б) Не заўсёды ўдаецца знайсці тавар па раздзелах на сайце. Так, аднойчы цэлы дзень прысвяціла пошуку паніровачных сухароў, іх не было ні ў бакалеі, ні ў хлебным раздзеле. Пошук на літоўскай мове гэтаксама не надта спрашчаў задачу. У краме мне б дапамог супрацоўнік, а так — прыйшлося рабіць сухары самастойна дома.

в) Не ўсё, што вы заказалі, да вас прыедзе. Куплены вамі тавар можа проста скончыцца на складзе. Якраз перад Новым годам заказала сабе 2 кілаграмы мандарынаў, але перад святамі з дастаўкі яны зніклі, хаця ў афлайн-крамах на прылаўках былі. 

г) Вас могуць чакаць сюрпрызы. Днямі, напрыклад, да мяне прыехала спецыяльная соль для пасудамыйных машын, хаця я заказвала сродак для мыцця посуду. А замест губак тады ж прыехалі 240 дыскаў для зняцця макіяжу.

Калі ж мне тэрмінова спатрэбіўся рамонт гадзіннікаў, прыйшлося зноў выкручвацца. На гэты раз папрасіла дапамогі. Кожнаму беларусу без прышчэпкі патрэбны хоць адзін беларус з ёй, які будзе гатовы схадзіць у сэрвісны цэнтр замест вас.

Але ў чым аказаліся роўныя паміж сабой вакцынаваныя і не, дык гэта ў чэргах на вуліцы. У асеннім патрабаванні літоўскага Мінздароўя напісана пра абмежаванне патоку кліентаў. Гэта значыць, што, калі ахвотных больш, чым можа «змясціць» крама, людзі вымушаныя чакаць на вуліцы. Гэта тычыцца і маленькіх аптэк, і мясцовых аналагаў «Белсаюздрукаў» — Narvesen, — унутр якіх увайсці можа толькі адзін пакупнік. Правіла добрае, але ўзімку двойчы думала, ці так тэрмінова мне трэба абнавіць аптэчку.

Для ўваходу на любое масавае мерапрыемства таксама спатрэбіцца «пашпарт магчымасцяў». Але тут я знайшла лайфхак: каб пайсці на каток, здала ПЛР-тэст. Наступныя 3 дні — на час дзеянне тэста — я магла трапіць, куды захацелася б, але дзіўна…. За некалькі месяцаў асабістага лакдаўну ўжо паспеў наладзіцца новы побыт, таму было вельмі нязвыкла зайсці ў гандлёвы цэнтр. 

Дарэчы, адзін вялікі мінус у ПЛР-тэстах, пра які варта расказаць, — гэта цана. У сярэднім ПЛР у Вільні каштуе 70+ еўра.

Наведаць салон прыгажосці я і не спрабавала: «без магчымасцяў» зайсці ўнутр не атрымаецца. А вось большасць музеяў радыя наведвальнікам проста ў масках. Перад паходам заўсёды варта было напісаць на пошту ці патэлефанаваць з пытаннем, ці не ўвялі ў музеі ўнутраныя абмежаванні.

Цалкам адкрытымі для ўсіх заставаліся грамадскі транспарт і таксі, установы адукацыі і аховы здароўя. Абмежаванні фармальна не закраналі і офісы, але ж за вялікімі кампаніямі замацаванае права ўводзіць унутраныя распараджэнні. Калі вам трэба трапіць у нейкі бізнэс-цэнтр, раю загадзя пацікавіцца, ці пусцяць вас.

Наогул пытанні «А ці можна мне ўвайсці? А ці можна мне наведаць?» прыходзілася задаваць амаль так жа часта, як і вітацца.

З падобнымі кавіднымі абмежаваннямі сутыкнуліся менш за палову жыхароў Літвы (як мінімум 66% літоўцаў цалкам прышчэпленыя). Прызвычаіцца да іх можна: абмежаванні не закранаюць большасць базавых патрэб (а калі ж закранаюць, то прапануюцца варыянты рашэння). 

Галоўная ж праблема — сацыялізацыя. А калі сфармуляваць больш дакладна, яе адсутнасць. За гэты час у мяне не атрымалася запісацца на ёгу, схадзіць з калегамі ў бар, у мяне ўзнікаюць цяжкасці пры спробе наведваць моўныя курсы. Нават калівінгі патрабуюць ад новых жыхароў вакцынацыі і не дазваляюць невакцынаваным карыстацца агульнымі пакоямі — каворкінгамі і спартыўнай залай.

У сітуацыі, калі мінімізуюцца ўсе чалавечыя кантакты, можа цяжка быць беларусу, які і так аказаўся ў чужой краіне. Але, што важна адзначыць, за ўвесь гэты час я ні разу не захварэла, што досыць цяжка зрабіць падчас распаўсюду амікрона. 

Апошнія навіны: з 5 лютага 2022-га па рашэнні літоўскага Мінздароўя час «пашпартоў магчымасцяў» закончыўся, вяртаюцца толькі агульныя абмежаванні: масачны рэжым і сацыяльнае дыстанцыянаванне. На жаль, ніякіх гарантый Мінздароўя не дае, і калі колькасць цяжкіх выпадках кавіду ўзрасце, ёсць імавернасць вяртання раздзялення людзей на невакцынаваных і вакцынаваных. 

Каментары

Падае курс даляра — чаму так?6

Падае курс даляра — чаму так?

Усе навіны →
Усе навіны

Стрыжак расказаў, ці мае прэзідэнцкія амбіцыі6

«Дачка Мара плакала ад гора». У Маладзечне дружалюбны лабрадор нечакана для ўсіх з'еў нутрыю Капібару — усеагульную любіміцу9

Золатавалютныя рэзервы Польшчы перавысілі рэкордныя $200 мільярдаў7

Хто такі Вадзім Красікаў, у якім так зацікаўленая Расія?1

У Калужскай вобласці пацярпеў крушэнне верталёт Мі-28, экіпаж загінуў2

Самае позняе рашэнне VAR у гісторыі. Гол Аргенціны на Алімпіядзе адмянілі толькі праз дзве гадзіны2

Хто той хлопец, які падарваў расійскага афіцэра ў Маскве і быў арыштаваны ў Турцыі6

Джо Байдэн: Я перадаю эстафету новаму пакаленню2

«Раптам не прыйшоў на працу, а праз пару дзён яго затрымалі». Новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу ў Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падае курс даляра — чаму так?6

Падае курс даляра — чаму так?

Галоўнае
Усе навіны →