«Персанажаў не выдумлялі, а змалёўвалі са знаёмых». З'явілася беларуская настолка пра двары
Беларусы і беларускі стварылі гульню пра двары, якая дапамагае аб’яднацца і палепшыць жыццё ў горадзе. Радыё Свабода паразмаўляла з камандай распрацоўшчыкаў і распрацоўшчыц пра тое, як прыйшла ідэя, што цікавага ў гульні і чаму яна цяпер патрэбная людзям.
«Гульня пра камунікатыўнае надвор’е паміж людзьмі»
«Наша настолка — пра жыццё, пра тое, як зразумець адзін аднаго і разам зрабіць нешта файнае. Як палепшыць сваё жыццё ў горадзе і якія для гэтага ёсьць простыя, але эфэктыўныя інструменты», — кажа каманда (чальцы пажадалі застацца ананімнымі).
Ідэя гульні «nadvorʼe» з'явілася на пачатку 2021 году, калі стала відавочна, што ў дваровых суполках узнікае дыскамунікацыя паміж людзьмі, бо ў іх раней не было практыкі камунікацыі паміж сабой, кажуць распрацоўшчыкі і распрацоўшчыцы.
«Людзі не з суполак не ведаюць, як можна размаўляць з суседзямі і суседкамі, як далучыцца да ініцыятыў, як нешта змяняць у дваровым асяродзьдзі. А гульня дапамагае паглядзець на матывацыю адзін аднаго, навучыцца камунікаваць з вельмі рознымі людзьмі і трошкі пазнаёміцца з урбаністыкай ды горадам. Яна не вучыць, а матывуе вучыцца».
Узроставых абмежаванняў у гульні няма, але зусім малым дзеткам будзе цяжкавата, бо правілы больш-менш складаныя, кажа каманда.
Мэтаў у «nadvorʼe» шмат. Першая — сабраць людзей «за адным сталом»: суседзяў ды суседак, суполкі, сяброў і сябровак, ды нават незнаёмых паміж сабой гараджан ды гараджанак. Пазнаёміцца, абмяняцца сваімі меркаваннямі і гісторыямі.
«Таксама мы спадзяёмся, што гульня зацікавіць людзей у паляпшэнні сваіх дваровых прастораў. На фінішы гульцы не змогуць застацца без новых ведаў! Гульнявая форма навучання ў прыемным ды простым фармаце пазнаёміць людзей з інструментамі, якія даступныя кожнаму і кожнай і з дапамогай якіх гараджане ды гараджанкі могуць зьмяняць свае двары».
Гульцам стане больш зразумела, як камунікаваць і супрацоўнічаць з самымі рознымі суседзямі ды суседкамі, як вырашаць канфлікты.
«Яны разьбяруцца, як вырашаць пытаньні добраўпарадкавання ды самакіравання. Даведаюцца пра крытэры Яна Гейла (дацкі архітэктар, кансультант па гарадскім дызайне і пра элементы), якія можна выкарыстоўваць для паляпшэння двара».
Дарэчы першапачатковая назва гульні мелася быць блізкая да прымаўкі «як дбаем, так і маем», бо тая добра адлюстроўвала зьмест галоўнай ідэі.
«Мы абмяркоўвалі назву ўсёй камандай, як раптам адзін чалец прапанаваў «наДВОР’е». Гэта не пра ападкі і тэмпэратуру. Гэта хутчэй пра камунікатыўнае надвор’е паміж людзьмі. І, канечне, тут захавана слова «двор». І нам вельмі спадабалася, што такая назва намякае на сюжэт, але ўсё ж пакідае месца для інтрыгі. Да таго ж атрымліваецца, што нават назва — гэта тая ж самая гульня, але словаў. Таму спыніліся на гэтым трошкі жартоўным варыянце».
«Кіроўца з нашай гульні можа вельмі нагадаць тату ўдзельніка каманды»
Кіроўца, бабуля, раварыстка і шмат хто яшчэ. Персанажы «nadvorʼe» — гэта людзі, які ёсьць у кожным двары.
«Нам вельмі хацелася, каб гульцы адчувалі, нібыта сапраўды апынуліся ў знаёмым двары, таму ўсе персанажы маюць прататыпы з рэальнага жыцця. Мы прааналізавалі, хто ўвогуле жыве ў двары, каго там можна сустрэць. І такім чынам знайшлі 5 галоўных персанажаў. Але гэта не ўсе пэрсоны гульні: таксама ёсьць архітэктар, падлетак, старшыня ТУЖ і іншыя гараджане ды гараджанкі. Калі мы прапісвалі персанажаў, мы нічога не выдумлялі, а змалёўвалі са знаёмых. Пацешны факт: кіроўца з нашай гульні можа вельмі нагадаць тату аднаго з удзельнікаў каманды».
Бліжэй пазнаёміцца з персанажамі можна на сайце Менскай урбаністычнай платформы, якая дапамагае камандзе з распаўсюдам інфармацыі пра гульню.
Падчас працы над гульнёй узнікала шмат складанасцяў, прызнаецца каманда.
«Мы вырашылі распрацаваць паўнавартасную настольную гульню за 7—8 месяцаў, але потым ужо даведаліся, што такія ідэі ператвараюцца ў рэальнасць за некалькі гадоў. Таксама вельмі доўга шукалі механіку, якая будзе яднаць, а не раз'ядноўваць, сутыкнуліся са складанасцямі і падчас тэставаньня. Ну, і вырашылі друкаваць гульню пад канец году, калі ў друкарні мільён замоваў і праблем і без нас».
Але не абышлося і безь цікавых момантаў.
«Спачатку адзін з кампанэнтаў гульні мы хацелі заказваць на вытворчасьці ў Кітаі, але ў апошні момант яны перасталі выходзіць на сувязь. Тады чалавек з Менска, які вельмі захапляецца настольнымі гульнямі, вырашыў пачаць сваю вытворчасць фішак і адмыслова пад нас вырабіў патрэбныя кампаненты. Як ён сам расказвае, у яго была такая думка даўно, але мы сталі каталізатарам. Цяпер ён плануе працягваць развівацца ў гэтым кірунку».
Як пагуляць у «nadvor’e»?
Гульня з самага першага кроку вучыць камунікацыі, бо «nadvor’e» нельга набыць, а толькі знайсці ў суседзяў і суседак, у суполках.
«Мы хацелі, каб як мага больш людзей пагулялі ў «nadvor’e», таму прыдумалі цікавы механізм з перадаваннем гульні. За яе не трэба плаціць, але трэба знайсьці тую суполку ці суседзяў/суседак, у якіх ёсьць скрыня з гульнёй, і папрасіць пагуляць. Гэткі буккросінг атрымліваецца».
Каб пратэставаць «nadvor’e» першымі, трэба коратка расказаць у гугл-форме, чаму вы хацелі б пагуляць у яе. Аўтарам і аўтаркам адказаў зь цікавай матывацыяй адправяць гульню на тэст.
«Людзям стала важна і нават неабходна адчуваць датычнасць да ўсяго беларускага»
Каманда адзначае, што за апошнія два гады моцна павысілася цікавасць да ўсяго беларускага: мовы, падзеяў і навін, праектаў, якія ствараюць беларусы.
«Насамрэч, гэта нам паказваюць і матывацыйныя лісты, якія мы цяпер атрымліваем. Людзям стала важна і нават неабходна адчуваць датычнасць да ўсяго беларускага. Таму гульня на беларускай мове, падчас якой ты ператвараешся ў жыхара ці ў жыхарку аднаго з тыповых беларускіх двароў, задавальняе гэты запыт і зацікаўленасць».
Таксама каманда заўважае, што гараджане і гараджанкі пачалі самастойна прыходзіць да разумення, што гарадское асяроддзе, асабліва дваровыя прасторы, у пэўнай ступені залежаць ад дзеянняў саміх жыхароў ды жыхарак.
«Вельмі важна гэтае разуменне падтрымліваць і пашыраць. А гульня здаецца вельмі эфектыўным і не надакучлівым спосабам гэта рабіць. Да таго ж цяпер сярод пастаянных хваляванняў ды ня вельмі бадзёрых навін людзям як ніколі патрэбна падтрымка адно аднаго, простыя сустрэчы і размовы, і вось такія пазітыўныя спосабы бавіць час. Гэта можа стаць невялічкім актам тэрапіі».
Цяпер камандзе патрэбная падтрымка. І вось што кожны можа зрабіць для «nadvor’e»:
Дапамагчы з распаўсюдам
«Мы цяпер просім людзей не трымаць гульню ўвесь час толькі ў сябе, а перадаваць далей сябрам, сяброўкам ды знаёмым з іншых раёнаў ды гарадоў Беларусі. Гэта дапаможа вырашыць пытанне з невялікай (пакуль што) колькасцю асобнікаў, але таксама дазволіць узмацніць гарызантальныя сувязі як сярод гульцоў, так і сярод гараджан і гараджанак увогуле».
Напісаць матывацыйны ліст
«Каб атрымаць гульню «на тэст». Калі ў вас будзе цікавая матывацыя, вам адправяць гульню. Мы будзем бачыць шмат попыту і зразумеем, што гульня актуальная. А попыт, як вядома, нараджае прапанову».
Пакінуць водгук
«У выпадку, калі вы атрымалі гульню, не забудзьцеся пакінуць водгук, каб мы змаглі зрабіць яе яшчэ лепшаю! У інструкцыі падрабязна напісана, як гэта зрабіць».
Каментары