Bild: Расія пачне вайну ў лютым-сакавіку, каб стварыць «саюзную дзяржаву» Расіі, Беларусі і Украіны
Нямецкі таблоід Bild публікуе чарговы план захопу Украіны, які нібыта абмяркоўваецца ў кіраўнічых колах Расіі і трапіў у распараджэнне адной неназванай спецслужбы.
Напад чакаецца ў лютым ці ў сакавіку, а сам план захопу Украіны складаецца з трох этапаў:
1) Разгром украінскай арміі і захоп ключавых гарадоў Украіны;
2) Скліканне «народнай рады», у якую ўвойдуць палітычныя сілы, што сімпатызуюць Расіі. Менавіта імі будзе абраны новы ўрад Украіны;
3) новыя ўлады абвесцяць надзвычайнае становішча, а актыўныя праціўнікі прарасійскага рэжыму будуць адпраўленыя ў спецыяльныя лагеры. Пратэсты будуць падаўляцца па беларускай схеме 2020 года.
Канчатковай мэтай расійскай аперацыі з'яўляецца стварэнне «саюзнай дзяржавы» Расіі, Беларусі і Украіны.
Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, каментуючы публікацыю па гарачых слядах, адзначае:
«План выглядае вельмі фантастычна, але справа нават не ў яго (не)праўдападобнасці. Ён будзе, напэўна, актыўна абмяркоўвацца ў найбліжэйшыя дні, а Расіі ў чарговы раз прыйдзецца апраўдвацца і заяўляць аб адсутнасці планаў нападу на Украіну. Гэта, магчыма, і ёсць асноўная мэта публікацыі».
Каментары