«Жудасная бездапаможнасць». У зняволенай журналісткі «Тутбай» Вольгі Лойкі памёр бацька, а сястра прайшла цяжкое лячэнне
Галоўны рэдактар палітыка-эканамічнага блока «Тутбай» Вольга Лойка ў лісце на волю распавяла, што падчас зняволення ў яе памёр бацька, а сястра прайшла цяжкое лячэнне. Вольга знаходзіцца за кратамі з 18 мая, калі сілавікі прыйшлі ў офіс партала і ў кватэры супрацоўнікаў. Тады былі арыштаваныя 15 чалавек, разам з галоўным рэдактарам Марынай Золатавай, журналісткай Аленай Талкачовай і гендырэктарам Людмілай Чэкінай.
«Вельмі разумею ваш боль. У мяне, пакуль я тут, памёр бацька, а старшая сястра прайшла вельмі складанае лячэнне, якое расцягнулася на 8,5 месяца. І кожны дзень, кожны ліст — на нервах, на вечным пачуцці віны, што ўжо не нагнаць. І гэтая жудасная бездапаможнасць, немагчымасць не тое што дапамагчы, але нават нармальна падтрымаць.
Так, нават у страшныя часы магчымы і аптымізм, і гумар. А без іх ніяк. Жыццё працягваецца, а смутак — смяротны грэх. Значыць, трэба трываць. Не памятаю, ці цытавала вам перачытанага тут залпам «Графа Монтэ-Крыста», самую канцоўку: «Уся чалавечая мудрасць заключаная ў двух словах: чакаць і спадзявацца». І верыць, вядома. Сіл і мудрасці!»
За кратамі Вольга знаходзіцца ўжо больш за восем месяцаў.
Падтрымаць яе лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Вольга Антонаўна Лойка).
Каментары