«Ноччу ты заўсёды дома». Зняволены журналіст Алег Груздзіловіч напісаў, чаму вязні не любяць раніцу
Журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч працягвае свае допісы з «Валадаркі», СІЗА №1 Мінска. У новых лістах да жонкі Мар’яны ён падрабязна расказаў, як ладзяць сняданак, што самае каштоўнае ў прагулках і чаму вязні так не любяць раніцу.
«Кампанія — цярпець можна»
Алег застаецца ў той жа камеры, куды яго на Валадарцы адразу засялілі. Тое, што не трэба пераязджаць, у турме звычайна маюць за добрае. З мінусаў — у камеры няма тэлевізара, да таго ж сярод сукамернікаў паболела курцоў, але кураць яны каля прыбіральні, дзе асобная выцяжка, таму дым перашкаджае менш.
«Кампанія — цярпець можна. Ты сама параўноўвала з касмічным караблём, дзе мусяць ужывацца розныя характары, звычкі, каштоўнасці і інтарэсы», — напісаў вязень жонцы.
Спіць Алег на худым матрацы, таму падсцілае на ложак амаль усё адзенне, і «бакі раніцай ужо не так баляць».
«Абуджэнне — гэта вяртанне ў рэчаіснасць»
Журналіст называе раніцу квінтэсэнцыяй знаходжання ў турме.
«Уяві, у першую раніцу тут, а гэта было ўжо 25-га, я прачынаюся, кажу ўсім «Добрай раніцы». Яшчэ ўчора ўвечары ўсе былі такія гаваркія, жартавалі, а тут у адказ — цішыня. Усе змрочныя, нават злыя, робяць заўвагі, не стрымліваюць некаторых эмоцый, якіх удзень не відаць. Што такое?
Цяпер разумею, чаму гэтак. Ноччу ты спіш, ці не спіш, але ў думках ты заўсёды дома. А ў некаторых снах дык быццам рэальна дома ці на волі, бачыш родныя твары, размаўляеш з імі, нават дакранаешся. Але са званком на пад’ём гэтая ілюзія імгненна руйнуецца, і каб перажыць гэты пераход, трансфармацыю, патрэбны час.
Плюс будучыня тут свеціць усім розная. Ёсць хлопцы па 328 («наркатычны артыкул»), якім свеціць 10 і больш гадоў, і ясна, што для іх абуджэнне — гэта вяртанне ў такую рэчаіснасьць, якой не пазайздросціш, ды і іншым не салодка», — апісаў Алег, чаму ў турме ну любяць раніцы.
«Некаторыя кашу не ядуць, адразу яе ва ўнітаз»
Аднак ратуе тое, што раніца прабягае вельмі хутка. А 6-й гадзіне пад’ём, умыванне, зарадка. Потым прыносяць белы і чорны хлеб, мяшочак з цукрам, а потым кашу з гарбатай.
«Але большасць гарбату ці каву заварваюць сваю. Некаторыя і кашу не ядуць, адразу яе ва ўнітаз, а ў місцы заварваюць сваё, часцей хуткараспушчальную грэчку. Дастаюць з акна агульныя прысмакі: сала, каўбасу, сыр, з-пад стала — «абшчак»: хлеб, печыва, і пачынаецца сняданак. Гэтак недзе да 7-й раніцы», — расказвае палітвязень.
Потым хтосьці яшчэ мыецца, а дзяжурны прыбірае камеру. Астатнія ў гэты час сядзяць на ложках і чытаюць, нехта дасыпае, хоць гэта забаронена і можна атрымаць вымову. Тры вымовы — карцар.
А 8-й гадзіне праверка, прыходзіць корпусны дзяжурны. Калі нешта не ў парадку, таксама можна атрымаць вымову.
«Як бачыш белы свет, адчуваеш сябе амаль як на волі»
«А потым чуем з калідора: «Гуляць! Апранаемся!», — працягвае Алег.
Гадзінная прагулка можа пачацца а 9-й гадзіне або пазней, або пасля абеда. У двары шмат галубоў і шэрых варон.
«Як нас вядуць на прагулку, дык у адным месцы выходзім на двор на пяць секунд, і там галубы пад вокнамі з кратамі. Відаць, вязні ім нешта выкідаюць. Як гуляем, бывае, чарада галак ці варон ляціць, нават відаць праз краты над галавой», — працягвае рэпартаж з турмы карэспандэнт.
Са сваёй камеры яны не могуць карміць птушак, бо не дазваляе канструкцыя акна.
«Я б да вечара гуляў. Як бачыш белы сьвет, адчуваеш сябе амаль як на волі, і потым дзень пад замком ужо не так цяжка пераносіцца. Як вядуць назад у камеру, яшчэ раз выводзяць на святло, — тады развітваюся з днём, хоць ён яшчэ не прайшоў. Але больш святла не ўбачым да наступнага дня», — піша Алег.
«Больш не трэба баяцца»
«Як прыходзім з прагулкі — кава, прысмакі, больш жартаў, расказаў, людзей ужо не пазнаць, зноў добразычлівыя», — перадае настроі ў камеры журналіст.
Сярод заняткаў — выклікі ў «кабінет»: да следчых, адвакатаў, на суды. Тады ў камеры з'яўляецца больш навінаў, падзей, «варушняку».
«Але па вялікім рахунку, гэта калі і можна назваць жыццём, дык вельмі маральна цяжкім. Бо людзі не ведаюць свайго лёсу, а дарэмныя спадзяванні іх толькі мучаць», — падсумоўвае вязень.
Ён даведваецца навіны з газеты «Белорусы и рынок», напрыклад, пра прысуд журналісту Аляксандру Івуліну, пра тое, што Літва перастала прапускаць калійную прадукцыю.
Алег прызнаўся жонцы, што чакаў трэцяга затрымання. А калі яго забралі, адчуў палёгку, бо «больш не трэба баяцца».
Пераслед Алега Груздзіловіча
16 ліпеня 2021 года сілавікі прыбылі ў мінскі офіс «Радыё Свабода», вырвалі камеры відэаназірання на паверсе, выламалі трое дзвярэй у офісе, канфіскавалі тэхніку. З ператрусам прыйшлі да Алега Груздзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачанняў тады не выставілі.
Алега Груздзіловіча затрымалі паўторна 23 снежня і замянілі яму меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА №1 Мінска на вуліцы Валадарскага. 28 снежня прайшоў першы допыт. Следчыя выставілі яму абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Фактычна справу завялі за асвятленне Алегам Груздзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданне. За гэта ён у 2020 годзе адбыў адміністрацыйны арышт.
За кратамі цяпер таксама кансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык, на якога завялі крымінальную справу.
Каментары