Кіраўнік Мінздароўя Дзмітрый Піневіч дазволіў студэнтам 6 курса медуніверсітэтаў, якіх прыцягнулі для аказання меддапамогі ў паліклініках, выдаваць бальнічныя лісты. Пра гэта гаворыцца ва ўказе №113, падпісаным міністрам сёння.
Гэта зроблена «ў сувязі з эпідэмічным уздымам інфекцыйнага захворвання».
«Загадам №113 ад 01.02.2022 гэтым студэнтам дазволена выдаваць і афармляць лісткі непрацаздольнасці (даведкі аб часовай непрацаздольнасці) у парадку, устаноўленым Інструкцыяй аб парадку выдачы і афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці, зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2018 г. № 1/1», — гаворыцца ў загадзе ведамства.
Міністэрства аховы здароўя даручыла начальнікам галоўных упраўленняў па ахове здароўя аблвыканкамаў і старшыні Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама «правесці ўводны інструктаж з наступнай праверкай ведаў» студэнтаў па выдачы бальнічных лістоў.
Каментары