Кавід можа справакаваць развіццё цукровага дыябету. Асабліва рызыкуюць дзеці
Заражэнне каранавірусам істотна павышае рызыку развіцця ў пацыента цукровага дыябету, прычым літаральна на працягу пары тыдняў пасля з'яўлення першых сімптомаў Covid-19. Асабліва высокая гэтая рызыка ў дзяцей да 18 гадоў. Такая выснова змяшчаецца адразу ў некалькіх даследаваннях на гэтую тэму, праведзеных навукоўцамі з ЗША і шэрагу іншых краін, піша Бі-бі-сі.
Аўтары аднаго з даследаванняў падлічылі, што толькі за першыя месяцы пандэміі з агульнай колькасці шпіталізаваных з падазрэннем на каранавірус хворых у Кітаі, Італіі і ЗША амаль кожнаму сёмаму пацыенту падчас лячэння кавіда быў упершыню дыягнаставаны яшчэ і цукровы дыябет.
У дзяцей, якія заразіліся каранавірусам, па апошніх дадзеных амерыканскіх цэнтраў кантролю і прафілактыкі захворванняў (CDC), рызыка развіцця дыябету на працягу найбліжэйшага месяца пасля заражэння павялічваецца больш чым у 2,5 разы.
Павышаны ўзровень цукру ў крыві — адзін з распаўсюджаных сімптомаў посткаранавіруснага сіндрому (ПКС), больш вядомага як «доўгі кавід» — калі сімптомы, якія з'явіліся ў выніку заражэння Covid-19, расцягваюцца на некалькі месяцаў ужо пасля перанесенай інфекцыі.
Увогуле шматлікія навуковыя працы ўжо даўно і вельмі пераканаўча дэманструюць сувязь паміж каранавірусам і цукровым дыябетам — як 1-га, так і 2-га тыпу. Прычым гэтая сувязь двухбаковая.
Тое, што наяўнасць у пацыента дыябету (як і іншых парушэнняў абмену рэчываў, уключаючы лішнюю вагу) у выпадку заражэння Covid-19 адразу пераводзіць яго ў групу рызыкі і моцна пагаршае медыцынскі прагноз, стала відавочна яшчэ ў першыя месяцы пандэміі.
Але зараз усё больш выразна прасочваецца і зваротная сувязь: каранавірус можа справакаваць у пацыента развіццё цукровага дыябету ў ходзе заражэння.
Аналіз навуковай літаратуры паказаў, што на працягу месяца пасля з'яўлення першых сімптомаў Covid-19 дыябет развіваецца амаль у кожнага сёмага шпіталізаванага пацыента (14,4%).
Асабліва заклапочаныя гэтым фактам педыятры. Па дадзеных амерыканскіх цэнтраў кантролю і прафілактыкі захворванняў (CDC), заражэнне кавідам непаўнагадовага дзіцяці значна павышае рызыку развіцця ў яго дыябету ўжо ў найбліжэйшы месяц (па некаторых ацэнках — у 2,6 разы).
Расійская лекарка-эндакрынолаг Ганна Нявольнікава кажа, што яе гэта зусім не здзіўляе. Прычыны развіцця дыябету могуць быць у тым, што:
— па-першае, на паверхні клетак падстраўнікавай залозы, якія выпрацоўваюць інсулін, ёсць той самы рэцэптар ACE2, праз які вірус трапляе ўсярэдзіну;
— па-другое, за час пандэміі людзі ў цэлым сталі значна больш есці і менш рухацца, узрастае і ўзровень стрэсу;
— па-трэцяе, хворым, якія трапілі ў бальніцу з каранавірусам, нярэдка прызначаюць прэпараты, якія таксама павышаюць узровень цукру ў крыві, выклікаючы так званы стэроідны дыябет;
- па-чацвёртае, імунная сістэма некаторых (генетычна схільных да гэтага) пацыентаў пачынае разбураць уласныя органы і павялічвае нагрузку на падстраўнікавую залозу.
Зрэшты, па словах Нявольнікавай, у наваспечаных «кавідных дыябетыкаў» ёсць надзея на выздараўленне — ва ўсякім разе частковае. Бываюць выпадкі, калі ўзровень цукру пасля кавіду ў пацыента вельмі высокі, але пасля значна змяншаецца. І такіх выпадкаў нямала.
Каментары